Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

размаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

1. Вывесці з замарожанага стану, даць магчымасць адтаць чаму‑н. Размарозіць ягады. Размарозіць халадзільнік.

2. перан. Зноў пусціць у абарот, у эксплуатацыю (сродкі, запасы сыравіны і пад.). Размарозіць крэдыты.

размары́н, ‑у, м.

1. Вечназялёная духмяная расліна сямейства губакветных, з лісця і галін якога здабываецца эфірны алей.

2. Зімовы сорт яблыні з араматнымі салодкімі пладамі. // Яйцападобны плод гэтай яблыні.

[Лац. rosmarinus.]

размары́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да размарыну. Размарынавы куст.

2. Які здабываецца з лісця, галін размарыну (у 1 знач.). Размарынавае масла.

разма́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Пачаўшы марыць, захапіцца марамі, забыцца ў іх. Каб соладка размарыцца, вясковаму хлапчаняці дастаткова было прыціхнуць каля плоту. Брыль.

размары́цца, ‑мару́ся, ‑мо́рышся, ‑мо́рыцца; зак.

Разм. Знемагчыся (ад спёкі, духаты або стомы). Нейкі дзядзька, як заўсёды стомлены, размарыўся ў царкве дрымотай і заснуў у зацішным кутку. Брыль.

размары́ць, ‑мару, ‑морыш, ‑морыць; зак., каго.

Разм. Давесці да расслабленага, санлівага стану. Сонечнае цяпло, лясны водар размарылі .. [Галку]. Рамановіч. Распалілі грубачку, цяплынь паступова размарыла нас, і не было ахвоты падымацца, каб ісці далей. Карамазаў. / у безас. ужыв. У хаце было горача ад моцна напаленай печы, і хлопцаў хутка размарыла, пацягнула на сон. Корзун.

размата́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разматаць.

размата́цца, ‑аецца; зак.

Развіцца, раскруціцца (пра што‑н. наматанае, зматанае). Супоня з вяровачкі, што ўся ўжо на вузлах, лопнула зноў, разматалася і павісла. Брыль.

размата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Развіць, раскруціць што‑н. зматанае; зняць з таго, на што было наматана. Разматаць вуду. □ Нарыхтаваліся закінуць невад у новую тоню, разматалі яго, цягнуць, каб закінуць. Колас. [Галіна] нічога не адказала на .. Панасавы словы, а разматала хустку, скінула кажух і адышла ад печы. Галавач. // Вызваліць што‑н. ад таго, чым яно было заматана. Разматаць шыю. □ Калі .. [Сашку] разматалі галаву, дык сапраўды на яго страшна было глядзець. Машара.

•••

Разматаць клубок — высветліць, разблытаць якую‑н. складаную, заблытаную справу.

размата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Растраціць, распусціць, праматаць. Разматаць грошы. □ [Журавінка:] — Я яго [калгас] арганізоўваў, я яго рабіў, а Конан разматаць прыйшоў. Лобан.

разматлашы́ць, ‑лашу, ‑лошыш, ‑лошыць; зак., што.

Разм.

1. Падраць на шматкі; разнесці па частках, на часткі. Разматлашыць хустку. □ [Валерый:] — Значыць, праўду кажуць: «Смеласць гарады бярэ». Адны смелыя захапілі Сураж, няхай сабе хоць на пэўны час, а другія цэлы артылерыйскі склад разматлашылі. Якімовіч.

2. Давесці да бязладнага стану; зрабіць раскудлачаным, растрапаным.

размаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Весці размову, гутарку; гаварыць з кім‑н. Ніколі не бачыла [Марыя] раней гэтага чалавека, нічога не ведала пра яго, а размаўляла ўсю дарогу як з даўнім знаёмым. Кулакоўскі. Я ведаў з уласнага вопыту, што ў такім выпадку найлепш размаўляць з селянінам сам-насам, без сведак. Карпюк. // Разм. (звычайна з адмоўем). Падтрымліваць сувязь, мець зносіны з кім‑н. Спрачаліся на пераменках, спрачаліся пасля ўрокаў, хто-ніхто ўжо дэманстрацыйна адварочваўся ад суседа па парце, не жадаючы размаўляць. Б. Стральцоў. Іншы раз .. [Кашыны] не размаўлялі па два-тры дні і трымалі сябе так, нібы ў доме нікога не было наогул. Карпаў. // Разм. Гаварыць, выказваючы незадаволенасць, пярэчыць. — Чакай, чакай, кіпяток ты гэтакі! Дзе тут рукі выцягнеш? — Не размаўляць! Вылазь, пакуль не прыстрэліў! — і лейтэнант тыцкаў у грудзі аўтамат. Лынькоў.