размаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Весці размову, гутарку; гаварыць з кім‑н. Ніколі не бачыла [Марыя] раней гэтага чалавека, нічога не ведала пра яго, а размаўляла ўсю дарогу як з даўнім знаёмым. Кулакоўскі. Я ведаў з уласнага вопыту, што ў такім выпадку найлепш размаўляць з селянінам сам-насам, без сведак. Карпюк. // Разм. (звычайна з адмоўем). Падтрымліваць сувязь, мець зносіны з кім‑н. Спрачаліся на пераменках, спрачаліся пасля ўрокаў, хто-ніхто ўжо дэманстрацыйна адварочваўся ад суседа па парце, не жадаючы размаўляць. Б. Стральцоў. Іншы раз .. [Кашыны] не размаўлялі па два-тры дні і трымалі сябе так, нібы ў доме нікога не было наогул. Карпаў. // Разм. Гаварыць, выказваючы незадаволенасць, пярэчыць. — Чакай, чакай, кіпяток ты гэтакі! Дзе тут рукі выцягнеш? — Не размаўляць! Вылазь, пакуль не прыстрэліў! — і лейтэнант тыцкаў у грудзі аўтамат. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)