фе́травы, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з фетру. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка.
2. Звязаны з вырабам фетру або рэчаў з яго. Фетравая майстэрня.
феты́ш, ‑а, м.
1. Па ўяўленню першабытных народаў — прадмет, нібыта надзелены звышнатуральнай магічнай сілай, дзякуючы чаму служыў аб’ектам рэлігійнага культу.
2. перан. Тое, што карыстаецца бясспрэчным прызнаннем, чаму слепа вераць і пакланяюцца. Эпоха сацыялізма разбурыла фетыш, створаны вакол золата эксплуататарскімі класамі. Кучар.
[Фр. fétiche.]
фетышызава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад фетышызаваць.
фетышызава́цца, ‑зуецца; незак.
Зал. да фетышызаваць.
фетышызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
Ператварыць (ператвараць) што‑н. у фетыш (у 2 знач.), адносіцца да чаго‑н. як да фетыша. [Надзя:] — Мне здаецца, Косця, што ты крыху фетышызуеш сваю тэхніку. Лынькоў. Вызначаючы ў сваіх ранніх вершах спецыфічнасць мастацкага пазнання свету, Багдановіч ніколі, аднак, не фетышызаваў яго. Лойка.
фетышыза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фетышызаваць.
фетышы́зм, ‑у, м.
1. Пакланенне прадметам, фетышам (у 1 знач.).
2. перан. Сляпое пакланенне чаму‑н.
•••
Таварны фетышызм — арэчаўленне вытворчых адносін, якое ўзнікае ў таварнай гаспадарцы, заснаванай на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці.
фетышы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Паслядоўнік фетышызму (у 1 знач.).
2. перан. Той, хто слепа верыць у што‑н., пакланяецца чаму‑н.
фетышы́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фетышызму, фетышыстаў.
фехра́ль, ‑ю, м.
Спец. Гарачатрывалы сплаў з жалеза, хрому і алюмінію.
[Ад лац. Fe(rrum) — жалеза, Chr(omium) — хром і Al(uminium) — алюміній.]