Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каве́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Вымаўляць няправільна, з памылкамі. Каверкаць словы. // Непрыгожа, незразумела пісаць. Каверкаць літары. // Няправільна перадаючы, скажаць, перакручваць. Каверкаць тэкст.

каверко́т, ‑у, М ‑коце, м.

Сорт шарсцяной або паўшарсцяной тканіны для верхняга адзення. Паліто з каверкоту.

[Ад англ. covertcoat.]

каверко́тавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з каверкоту. Каверкотавы касцюм.

каве́рна, ‑ы, ж.

1. Поласць, якая ўтвараецца ў органах цела ў выніку разбурэння арганічнай тканкі хваробай. Каверны ў лёгкіх.

2. Пустата, поласць у горнай народзе.

[Лац. caverna.]

каверно́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае каверны, з кавернамі. Кавернознае лёгкае. Кавернозны вапняк.

каву́н, ‑а, м.

1. Расліна сямейства гарбузовых з ляжачымі сцёбламі і вялікімі салодкімі пладамі. На палях, апрача пшаніцы, рассцілаюцца цэлыя лясы сланечніку, палеткі кавуноў, дыняў, агуркоў. Пестрак.

2. Круглы сакавіты плод гэтай расліны з салодкай мякаццю чырвонага колеру. У хаце было чыста і прыбрана. На стале ляжалі спелыя дыні, кавуны. Няхай.

[Укр. кавун з цюрк.]

кавуно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кавуна. Кавуновы палетак. Кавуновыя зярняты. // Прыгатаваны з кавуна. Кавуновы сок.

кавы́ль, ‑ю, м.

Травяністая стэпавая расліна сямейства злакавых з вузкімі лістамі і кветкамі, сабранымі ў пушыстыя мяцёлачкі. Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка.

кавы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кавылю. Кавыльная расліннасць. // Пакрыты кавылём. Кавыльны стэп. □ На сотні вёрст перада мной Кавыльная раўніна. Танк.

кавяла́, ы́; мн. кавёлы (з ліч. 2, 3, 4 кавялы́), кавёл; ж.

Разм. Самаробны драўляны пратэз для нагі. Мыліцы Уладысь паставіў дома за ложкам — гэта больш святочнае прыладдзе, — а для работы змайстраваў кавялу: хоць не так і хораша, а — зручна. Скрыган. Дзядзька быў інвалід, на кавяле, і з аднастволкай. Брыль.