беззяме́лле, ‑я, н.
Адсутнасць або недахоп зямлі, неабходнай для жыцця чалавека. Кравец Самабыль радзіўся і вырас у вёсцы. Прафесіі свае не любіць: горкая бядота, беззямелле змусілі яго шукаць іншага спосабу да жыцця. Колас.
беззяме́льнік, ‑а, м.
Разм. Беззямельны селянін. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.
беззяме́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае ўласнага ўчастка зямлі, неабходнага для вядзення гаспадаркі. Высвятляецца, што Леапольд Гушка — патомак сілезскіх ткачоў, беззямельны парабак з панскага двара. Луфераў. / у знач. наз. беззяме́льны, ‑ага, м. [Захараў:] — Ён [Тодар] з беззямельных, з Кісялёў, сусед наш. Дуброўскі.
бе́зліч, ‑ы, ж.; ліч.
Незлічонае мноства, вялікая колькасць. Безліч бароў і рачулак, што звоняць бясконца, Цёмным куткам несучы прамяністае сонца. Куляшоў. На небе Зорак безліч зіхацела. Валасевіч.
бе́злічны, ‑ая, ‑ае.
Якому няма ліку, незлічоны. А хан Кайдан, аблюбаваўшы ўзгорак, глядзіць, як іскры безлічных кастроў губляюцца, сатлеўшы паміж зорак, над вострымі вяршынямі шатроў. А. Вольскі.
бе́злюдзь, ‑і, ж.
Разм. Адсутнасць людзей; бязлюддзе. Навокала безлюдзь і цьма, І толькі гігікаюць совы. Колас.
безмаёнткавы, ‑ая, ‑ае.
Які не мае або не атрымаў маёнтка. Безмаёнткавы дваранін.
безмаро́зны, ‑ая, ‑ае.
Які не ведае маразоў. Безмарозная пара.
безмато́рны, ‑ая, ‑ае.
Які працуе без матора. Безматорны апарат.
бе́змеж, ‑ы, ж.
Бязмежная прастора, бязмежжа. Апалена сонцам кавыльная безмеж, Паўсвету — не меней у стэпе размесціш. Калачынскі.