Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лішэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Жан. да лішэнец.

лія́ла, ‑а, н.

Спец.

1. Форма для адліўкі металу; зложніца.

2. Канал уздоўж борта судна ў ніжняй частцы трума для сцякання вады.

лія́на, ‑ы, ж.

Павойная кустовая або дрэвавая расліна, пашыраная, галоўным чынам, у трапічных і субтрапічных лясах. Амаль кожны курган пакрыты расліннасцю: шыпшыннікам, крушынай і вольхай, за якія ахвотна чапляюцца жывучыя парасткі ліян. Самуйлёнак. Там бразільскі лес, ліяны, Тут дыван зялёны прэрый. Іх ад сіні акіяну Аддзяляюць Кардыльеры. Крапіва.

[Фр. liane.]

лія́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліяны.

лоб, лба (ілба); мн. лбы (ілбы), ‑оў; м.

Верхняя надвочная частка твару чалавека ці галавы жывёліны. Палкоўнік сядзеў на канапе і выціраў спацелы лоб. Лынькоў. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

•••

Адкрыты лоб — высокі і круты лоб.

Аж вочы на лоб вылазяць (лезуць); вочы на лоб палезлі гл. вока.

Браць (узяць) у лоб гл. браць.

Забрыць лоб гл. забрыць.

Запісаць на лбе гл. запісаць ​1.

З-пад ілба — сярдзіта і недаверліва (глядзець, глянуць).

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

Лоб у лоб — насустрач адзін аднаму (ісці, сыходзіцца і пад.); тварам у твар. А цяпер трэба ўжо выступаць супроць ворага лоб у лоб. Пестрак.

Медны лоб (пагард.) — вельмі ўпарты, тупы чалавек.

На лбе напісана ў каго гл. напісаны.

Падставіць (свой) лоб гл. падставіць.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб гл. пусціць.

У лоб — а) у вайсковай справе — з фронту, франтальным ударам. З атакі ў лоб нічога не выйшла. Гурскі; б) у марской справе — насустрач руху судна; в) залішне прамалінейна.

ло́бзік, ‑а, м.

Ручны інструмент для выпілоўвання ўзораў, а таксама тонкая вузкая пілка ў такім інструменце.

[Ад ням. Laubsäge.]

ло́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лба. Лобная косць.

•••

Лобнае месца (гіст.) гл. месца.

ло́вы, ‑аў; адз. няма.

Уст. Паляванне без агнястрэльнай і халоднай зброі. Мой дзед ездзіў на лавы ўжо з беркутам, а бацька, удасканаліўшы промысел продкаў, акрамя беркута, меў ганчака. Васілёнак.

лог, ‑у, м.

Шырокі і доўгі яр з адхоннымі схіламі. За логам, дзе рос алешнік і цякла рачулка, на горцы раскінуўся маёнтак. Колас.

ло́гава, ‑а, н.

1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.

2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.