Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ла́гер, ‑а, м.

1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.

2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.

3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.

•••

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

[Ням. Lager.]

ла́гернік, ‑а, м.

Разм. Той, хто знаходзіцца ў лагеры (у 1–3 знач.).

ла́герніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да лагернік.

ла́герны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагера (у 1–3 знач), уласцівы лагеру. Лагерная вучоба. Лагернае адзенне. Лагернае ўтрыманне жывёлы. □ Пад паветкай лагернай канюшні стаіць адзін з запасных коней. Брыль.

лагі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць лагічнага: адпаведнасць законам логікі. Лагічнасць довадаў.

лагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.

2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.

3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.

4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.

лаго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Прыемны спакой, хараство. [Ганна:] — Нейкая лагода, як ціхія хвалі, агортвае ўсю істоту. Дубоўка. У полі такая лагода, што хоць аставайся тут, на мяжы, прыляж, маўчы ды глядзі навокал. Бядуля.

2. Згода, дружба, прыязнасць. Яны размаўлялі ціха, з лагодай, відаць, раіліся пра запаветнае і блізкае іх душы. Пташнікаў. Ёсць хвіліны прыемнай блізкасці паміж людзьмі, нейкай ціхай узрушанасці і лагоды, светлай, як восеньскі дзень. М. Стральцоў.

лаго́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм.

1. каго-што. Лашчыць; прывабліваць. Была ранняя вясна, і сонца шчодра лагодзіла і ўгравала зямлю. Гроднеў. Той дом лагодзіць наша вока. Броўка.

2. каму. Дагаджаць, паддобрывацца. Лагодзіць старэйшаму.

лаго́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць лагоднага; дабрадушнасць, ласкавасць. [Лабановіч] упадабаў пастуха за бестурботнасць, вясёласць і лагоднасць. Колас. Падняўся і Раман Дзянісавіч. Знікла з яго твару нядаўняя лагоднасць, ён стаў пануры і заклапочаны. Хадкевіч. Чалавек ён [настаўнік] добры, заўсёды з усмешкай і ў голасе прыязная лагоднасць. Кулакоўскі.

лаго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Дабрадушны, ласкавы. Вася быў лагодным і не памятлівым на зло чалавекам. Мележ. Помню маму ў дні свят — паружавелую, гаманлівую і бясконца лагодную... Марціновіч.

2. Мяккі, прыемны. Лагодная ўсмешка. Лагодны настрой. □ Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Стаяла ціхае, лагоднае летняе надвор’е. Кавалёў. У пакой улятаў лагодны шум вясковага лесу, наперабой спявалі птушкі. Шчарбатаў.