Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліхта́рня, ‑і, ж.

Тое, што і ліхтар (у 1 знач.). Вір людскі скрозь заліў паясы тратуараў, Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць. Багдановіч. Бацька засмяяўся. Устаў, апрануўся, пайшоў з ліхтарняю глядзець коней. Чорны.

ліхта́ршчык, ‑а, м.

Той, хто наглядае за дзейнасцю і спраўнасцю ліхтароў. Двайнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Ліхтаршчык тушыў ліхтары. Гартны.

ліхта́рык, ‑а, м.

Памянш. да ліхтар; невялікі ліхтар. Па правы бок далёка ў цемені мільгануў і адразу ж згас ліхтарык вартавога. Краўчанка. На шапцы начальніка змены іншы раз гарэў ліхтарык. Кулакоўскі.

ліхту́га, ‑і, ДМ ‑ту́зе, ж.

Абл. Бедства, ліхая прыгода, няшчасце. — Ты папраўдзе магла яшчэ мець добрае замужжа. [Галя:] — З кім? Ты ж мяне не ўзяў. — Цяпер папярхнуўся я. Але мне самому ўдалося справіцца са сваёй ліхтугай. Васілёнак.

лі́хтэр, ‑а, м.

Невялікае грузавое, часцей несамаходнае судна, прызначанае для пагрузкі і разгрузкі вялікіх суднаў ці для мясцовых перавозак.

[Гал. lichter.]

ліце́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліцця. Ліцейная вытворчасць. Ліцейны цэх. // Прызначаны для ліцця. Ліцейная машына. Ліцейная форма.

ліце́йня, ‑і, ж.

Майстэрня, цэх, дзе адліваюць металічныя вырабы. Пасярод двара доўгі нізкі будынак, цагляны. Тут мясціўся кавальскі цэх, ліцейня, такарня і блях[а]рня. Галавач.

ліце́йшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па ліцейнай справе.

лі́цер, ‑а, м.

Спец. Дакумент на бясплатны або ільготны праезд якім‑н. транспартам. Чыгуначны ліцер. □ [Аксана] птушкай паляцела ў ваенкамат, каб там ведалі пра яе шчасце і хутчэй выдалі ліцер для паездкі да сыноў. Кавалёў.

лі́церны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліцера, з’яўляецца ліцерам. Ліцерны білет.