Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліха́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліхача. Ліхацкая язда.

ліха́цтва, ‑а, н.

Неадабр. Нястрымная смеласць, для якой характэрна безразважнасць. Ліхацтва да добрага не давядзе.

ліха́ч, ‑а, м.

1. Неадабр. Вадзіцель машыны, які з-за самахвальства грэбуе правіламі бяспекі язды. Шафёр [цяпер] вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Шамякін.

2. Уст. Фурман экіпажа, запрэжанага добрым жвавым канём, а таксама экіпаж з такім канём. Я пагнаў сані пад самы флігель, адгарнуў футравую папаху. Так рабілі тыя ліхачы, што аднаго разу прывозілі паноў у нашу карчму. Асіпенка.

ліхвя́р, ‑а, м.

У буржуазным грамадстве — той, хто бярэ вельмі высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы.

ліхвя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да ліхвяр.

ліхвя́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліхвяра, ліхвярства, уласцівы ліхвяру. Ліхвярскія цэны. Ліхвярскія працэнты.

ліхвя́рства, ‑а, н.

Занятак ліхвяра.

ліхі́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які можа ці здольны прычыніць ліха; нядобры, злы. Ліхі сабака, Ліхая зіма. □ [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, І я вялікі грэх мог на душу ўзяць. Глебка. З ліхім чалавекам і гадзіна векам. Прыказка. / у знач. наз. ліхі́, ‑ога, м. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Ды ліхога і смерць не бярэ. Якімовіч. // Звязаны з цяжкім жыццём, перажываннямі. Ліхая навала. Ліхая пара.

2. Дрэнны, паганы. І ветры прынеслі ёй вестку ліхую, што сын яе ў бітве загінуў, жыццё, дараванае роднай матуляй, аддаўшы за маці-краіну. Таўлай. У жыцці не месца крывадушшу, Як ліхой у кветніку траве! Непачаловіч. // Абл. Дзіравы, стары (пра адзежу, абутак і пад.). Ліхі кажух. Ліхое сіта. □ [Міша:] — Каня трэба яшчэ напаіць. Можа вядро якое ліхое [ёсць], то вынесі. Лобан.

•••

Гадзіць як ліхой скуле гл. гадзіць.

Ліхая гадзіна гл. гадзіна.

ліхі́ 2, ‑ая, ‑ое.

1. Смелы, храбры, ўдалы. Ліхі казак. □ Ты стаў у атрадзе ліхім камандзірам бясстрашных сваіх .. арля[нят]. Машара.

2. Хуткі, імклівы. Ліхая язда. Ліхая атака. // Рэзвы, жвавы, гарачы (аб конях). Вёз у родны калгас свой нявесту жаніх На калёсах вясельных, на конях ліхіх. Куляшоў.

ліхта́р, а́, м.

1. Асвятляльны прыбор з крыніцай святла ў шкляным шары або футарале са шклянымі сценкамі. Вулічны ліхтар. Электрычны ліхтар. □ Вільготны туман засцілаў вуліцы, і ў ім цьмяна свяціліся ліхтары. Хадкевіч. Міканор Іванавіч апрануў ватоўку і пачаў запраўляць ліхтар. Даніленка.

2. перан. Разм. Сіняк, кровападцёк (на твары, пад вокам). Пераноссе распухла і пасінела, а пад вачыма з’явіліся страшныя фіялетавыя «ліхтары». Карпюк.

3. Шкляны праём у даху для натуральная асвятлення памяшкання (звычайна прамысловага), а таксама зашклёны выступ у будынку.

[Ад ням. Licht — святло.]

ліхта́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліхтара (у 1 знач.). Ліхтарныя агні. // Прызначаны для ліхтара. Ліхтарны слуп. Ліхтарнае шкло.