ліхі́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які можа ці здольны прычыніць ліха; нядобры, злы. Ліхі сабака, Ліхая зіма. □ [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, І я вялікі грэх мог на душу ўзяць. Глебка. З ліхім чалавекам і гадзіна векам. Прыказка. / у знач. наз. ліхі́, ‑ога, м. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Ды ліхога і смерць не бярэ. Якімовіч. // Звязаны з цяжкім жыццём, перажываннямі. Ліхая навала. Ліхая пара.

2. Дрэнны, паганы. І ветры прынеслі ёй вестку ліхую, што сын яе ў бітве загінуў, жыццё, дараванае роднай матуляй, аддаўшы за маці-краіну. Таўлай. У жыцці не месца крывадушшу, Як ліхой у кветніку траве! Непачаловіч. // Абл. Дзіравы, стары (пра адзежу, абутак і пад.). Ліхі кажух. Ліхое сіта. □ [Міша:] — Каня трэба яшчэ напаіць. Можа вядро якое ліхое [ёсць], то вынесі. Лобан.

•••

Гадзіць як ліхой скуле гл. гадзіць.

Ліхая гадзіна гл. гадзіна.

ліхі́ 2, ‑ая, ‑ое.

1. Смелы, храбры, ўдалы. Ліхі казак. □ Ты стаў у атрадзе ліхім камандзірам бясстрашных сваіх .. арля[нят]. Машара.

2. Хуткі, імклівы. Ліхая язда. Ліхая атака. // Рэзвы, жвавы, гарачы (аб конях). Вёз у родны калгас свой нявесту жаніх На калёсах вясельных, на конях ліхіх. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)