Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дасява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дасеяць.

дасяга́льнасць, ‑і, ж.

Магчымасць дасягнуць чаго‑н. Дасягальнасць мэты.

дасяга́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога можна дасягнуць, які можна ажыццявіць. Ставіць перад сабой дасягальныя мэты.

дасяга́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да дасягаць (гл. дасягнуць у 4 знач.).

дасяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дасягнуць.

дасягне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. дасягнуць (у 4 знач.).

2. Станоўчы вынік працы, дзейнасці; здабытак, поспех. [Сухадольскі:] Не ўсякае дасягненне можна адразу ў вытворчасці выкарыстаць. Крапіва. [Горкі] выказаў думку пра неабходнасць выдання часопіса, які паказваў бы дасягненні нашай сацыялістычнай краіны. Галавач.

дася́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад дасягнуць (у 4 знач.).

дасягну́ць, ‑сягну, ‑сягнеш, ‑сягне; зак.

1. чаго і да чаго. Рухаючыся, дайсці, даехаць да якога‑н. месца; дабрацца куды‑н. Лодка дасягнула сярэдзіны рэчкі. Цень дрэва дасягнуў да дарогі. // Распаўсюджваючыся, дайсці, данесціся да каго‑, чаго‑н. (пра гукі, пахі і пад.). Гул дасягнуў нашага слыху. Чуткі дасягнулі вёскі. □ За ракой узляцелі ў вышыню ракеты, рассыпаліся, але святло іх не дасягнула гэтага берага. Шамякін.

2. чаго і да чаго. Дайсці да якога‑н. месца, узроўню, мяжы (пра велічыню, памеры, колькасць і пад.). Мароз дасягнуў 40°. Бой дасягнуў самага высокага напружання.

3. чаго. Дажыць да якога‑н. узросту. Дасягнуць паўналецця. Дасягнуць старасці.

4. чаго. Дамагчыся чаго‑н., набыць, атрымаць жаданае. Дасягнуць згоды. Дасягнуць мэты. □ Бальшавікі гаварылі проста: прэч старую ўладу, толькі пры гэтай умове можна дасягнуць свабоды. Колас.

дасядзе́цца,

гл. даседзецца.

дасядзе́ць,

гл. даседзець.