дасягну́ць, ‑сягну, ‑сягнеш, ‑сягне; зак.
1. чаго і да чаго. Рухаючыся, дайсці, даехаць да якога‑н. месца; дабрацца куды‑н. Лодка дасягнула сярэдзіны рэчкі. Цень дрэва дасягнуў да дарогі. // Распаўсюджваючыся, дайсці, данесціся да каго‑, чаго‑н. (пра гукі, пахі і пад.). Гул дасягнуў нашага слыху. Чуткі дасягнулі вёскі. □ За ракой узляцелі ў вышыню ракеты, рассыпаліся, але святло іх не дасягнула гэтага берага. Шамякін.
2. чаго і да чаго. Дайсці да якога‑н. месца, узроўню, мяжы (пра велічыню, памеры, колькасць і пад.). Мароз дасягнуў 40°. Бой дасягнуў самага высокага напружання.
3. чаго. Дажыць да якога‑н. узросту. Дасягнуць паўналецця. Дасягнуць старасці.
4. чаго. Дамагчыся чаго‑н., набыць, атрымаць жаданае. Дасягнуць згоды. Дасягнуць мэты. □ Бальшавікі гаварылі проста: прэч старую ўладу, толькі пры гэтай умове можна дасягнуць свабоды. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)