ро́сквіт, ‑у, М ‑віце, м.
1. З’яўленне кветак на раслінах; цвіценне. Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Было іх жыццё, як росквіт каліны, як быць маладосць толькі можа адна. Машара.
2. перан. Найвышэйшая ступень развіцця, уздыму чаго‑н., лепшая пара ў развіцці каго‑, чаго‑н. Росквіт эканомікі краіны. Росквіт таленту. □ Росквіт беларускай мастацкай прозы пачаўся ў савецкі час. Пшыркоў.
ро́скід, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. раскідваць, раскіда́ць — раскі́даць (у 1 знач.).
2. Стан паводле дзеясл. раскідвацца, раскіда́цца — раскі́дацца (у 1 знач.). Цёмныя мужыкі, — кажа сын, — адно могуць давесці ўсё да зруйнавання, да роскіду. Чорны.
ро́сласць, ‑і, ж.
Уласцівасць рослага. [Жанчына] таксама немаладая, але маршчыны неяк слухмяна хаваюцца пад цёмнымі акулярамі, трохі цяжкаватую постаць яе выручае росласць. Лось.
ро́слы, ‑ая, ‑ае.
Высокага росту. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным [віхром]. Мележ. Ён быў самым рослым у класе — І мянушку далі яму «Тата». Блатун. // Які дасягнуў значнай вышыні, высокі (пра расліны). Рослыя ліпы і клёны Цягнуцца ўгору ля вокан. Калачынскі.
ро́сна,
1. Прысл. да росны 1.
2. безас. у знач. вык. Пра выпадзенне вялікай расы. Рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Шамякін. Раніцай — росна, удзень — млосна, увечары — камары — не выстаўляй з куста галавы. Прыказка.
ро́сны 1, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты расой. Любіў ён [бацька] свіст касы ў росных травах, Звон тапара на зрубе, шолах ніў... Непачаловіч. Як хораша выглядае ў ціхую раніцу росная лотаць на роўнай, як стол, сенажаці! Паслядовіч. З правага боку блішчыць на сонцы росны авёс. Калюга. // Які суправаджаецца выпадзеннем расы. Вось паважны і ўрачысты, Раніцою роснай, Гаспадар вядзе турыстаў. Гілевіч.
ро́сны 2, ‑ая, ‑ае.
У выразе: росны ладан — араматычная смала, якая дабываецца з кары паўднёваазіяцкіх дрэў (выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі).
ро́спач, ‑ы, ж.
Стан, пачуццё крайняй безнадзейнасці, упадку духу, выкліканы якім‑н. няшчасцем, непрыемнасцю і пад. Ніколі не трэба кідацца ў роспач, а цярпліва і настойліва дамагацца свайго. Асіпенка. [Пятро:] — Рыба сплыла... Увесь улоў. Вось я і крычу ад роспачы! Ваданосаў. — Трэцяя брыгада нашу жняярку забрала! — з роспаччу крыкнула Вольга. Мележ.
ро́спачлівы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і роспачны. Яшчэ вышэй узняўся агонь. Пачуўся роспачлівы крык. Самуйлёнак.
ро́спачны, ‑ая, ‑ае.
У якім адчуваецца роспач; поўны роспачы. Нечакана балота абудзіў роспачны чалавечы крык. Дуброўскі. Чалавечае ж жыццё павінна быць заўсёды на віду ў іншых, тады нават у самыя горкія, часам роспачныя хвіліны яно не бывае такое цяжкае. Сабаленка.
ро́спіс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. распісваць — распісаць (у 4 знач.).
2. Мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і пад.; насценны жывапіс. Фрэскавыя роспісы. □ Унутры .. [царквы], пад пазнейшымі слаямі фарбы, вучонымі выяўлены ўзоры першапачатковага мастацкага роспісу сцен. Хадкевіч. // Такое ж упрыгожанне сценак якіх‑н. начынняў, пасудзін і пад. Шырока за межамі Палесся вядомая і прадукцыя огаўскіх (в. Огава Іванаўскага р-на) майстроў, якія рабілі скрыні з характэрным менавіта для Палесся народным роспісам. «Помнікі».
3. Тое, што і подпіс. Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрутасты роспіс дзелавода Давідзіка. Колас.