кавалька́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Група коннікаў на прагулцы.
[Фр. cavalcade.]
кава́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да працы каваля; звязаны з апрацоўкай металу каваннем. Кавальская справа. Кавальскі мех. Кавальскі молат.
кава́льства, ‑а, н.
Рамяство, занятак каваля. [Каваль] не толькі займаўся кавальствам. У яго быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.
кавамо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Тое, што і кафямолка.
кава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. каваць (у 1, 2 і 3 знач.).
кава́ны і ко́ваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад каваць (у 1, 2 і 3 знач.).
2. у знач. прым. Зроблены з металу каваннем. Каваны меч.
3. у знач. прым. Абабіты палосамі жалеза. Каваная скрыня. Каваныя драбіны.
4. у знач. прым. З падковамі, падкаваны. Каваныя коні. // З металічнымі падкоўкамі (пра боты, абцасы і пад.). Наперадзе, як ступа, Ішоў млынар Ігнат; Каваным ботам стукаў, Масніцы ўгінаў... Панчанка.
5. перан.; у знач. прым. Дакладны, выразны, пластычны (пра верш, стыль і пад.). Янка Купала з уласцівым яму майстэрствам перакладаў каваныя радкі «Меднага конніца». Лужанін.
каварда́к, ‑у, м.
Бязладдзе, сумятня, неразбярыха. І госць зажыў... Ды так, Што хутка ў доме ўтварыўся кавардак, Хоць гаспадар сам з хаты вымятайся... Валасевіч.
[Цюрк.]
кава́рны, ‑ая, ‑ае.
Які пад знешняй добразычлівасцю тоіць злыя замыслы; вераломны, хітры. Каварны вораг. Каварныя словы. □ [У Ані] зарадзіўся каварны план: пайсці купіць і яму білет, але на які-небудзь задні рад. Карпюк. // Які выражае вераломства, каварства. Каварная ўсмешка. // Які тоіць у сабе нечаканую небяспеку, непрыемнасць. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры і іншых прамудрасцях дакладных навук. Лынькоў.
кава́рства, ‑а, н.
Схільнасць да каварных учынкаў, замыслаў; вераломства. // Каварныя ўчынкі, замыслы. Наша грамадства вызвалена ад сацыяльная, несправядлівасці і яго адвечных спадарожнікаў — прадажнасці і каварства. «Беларусь».