Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

канве́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Пакет з паперы для перасылкі пісьма па пошце. У руках маіх — белы, панадны канверт. Цвёрды, відаць, з фотаздымкам. Брыль. Нахлябіч сеў і пачаў .. пісаць. Пасля як мае быць заклеіў лісток у канверт. Чорны.

2. Род коўдры для грудных дзяцей, пашытай у форме пакета.

[Ад фр. convert.]

канве́ртар, ‑а, м.

Апарат для атрымання сталі з расплаўленага чыгуну шляхам прадзімання яго паветрам або кіслародам.

[Ад лац. convertere — змяняць, ператвараць.]

канве́ртарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канвертара. Канвертарная вытворчасць сталі.

канве́ртны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для вырабу канвертаў. Канвертная папера. Канвертная фабрыка.

канво́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канвы (у 1 знач.). Канвовыя ніці. Канвовы ўзор. // Зроблены на канве. Канвовая вышыўка.

канво́й, ‑ю, м.

1. Труgа ўзброеных людзей, якая суправаджае каго‑, што‑н. для аховы або прадухілення ўцёкаў. Панурыя, засмучаныя, устрывожаныя і абураныя такою несправядлівасцю, кандыбаюць сяляне пад казацкім канвоем. Колас.

2. Атрад баявых караблёў, які суправаджае і ахоўвае транспартныя і гандлёвыя судны ў час марскіх пераходаў.

[Гал. konvooi.]

канво́йнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і канваір. З малапрыкметнай бакавушкі зараз жа паказаліся салдаты-канвойнікі, а ў іх строгім атачэнні — Уладзік і Тургай, якога Лабановіч толькі цяпер пабачыў. Колас.

канво́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да канвою, з’яўляецца канвоем. Канвойная, служба. Канвойная рота. Канвойны салдат.

2. у знач. наз. канво́йны, ‑ага, м. Член канвою; канваір. Канвойныя заўтра абавязкова пералічаць усіх палонных. Сачанка.

канву́льсіі, ‑ій; адз. канвульсія, ‑і, ж.

Сутаргі ва ўсім целе. Віцца ў канвульсіях.

[Лац. convulsio.]

канвульсі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Сутаргавы. [Госці] проста душыліся ад смеху — канвульсіўнага, дзікага, непрыстойнага, што зусім не пасуе панскаму этыкету. Бядуля.