Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

канваі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да канваіраваць.

канваі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Суправаджаць канвоем. Лясніцкі засмяяўся, — Здорава ж яны баяцца мяне, калі думаюць канваіраваць цэлай ротай. Шамякін.

канве́ер, ‑а, м.

Прыстасаванне для бесперапыннага перамяшчэння вырабаў пры іх апрацоўцы ад аднаго рабочага да другога або для транспарціроўкі грузаў. Па грукату, што рабілі .. [адліўкі], падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, адчувалася, што адліўкі важкія, з металу. Карпаў.

•••

Зялёны канвеер — сістэма планавай вытворчасці зялёных кармоў для бесперапыннага забеспячэння жывёлы на працягу ўсяго пашавага сезону.

Па канвееру — ад аднаго да другога (перадаваць і пад.).

Сысці (сыходзіць) з канвеера гл. сысці.

[Англ. conveyer.]

канве́ерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канвеера. Канвеерная сістэма. Канвеерная зборка машын. Канвеерны агрэгат.

канве́ершчык, ‑а, м.

Рабочы, які кіруе рухам канвеера.

канве́ершчыца, ‑ы, ж.

Жан. да канвеершчык.

канвеерызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да канвеерызаваць.

канвеерызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Забяспечыць (забяспечваць) канвеерам, перавесці (пераводзіць) на канвеерную (паточную) сістэму. Канвеерызаваць вытворчасць.

канвеерыза́цыя, ‑і, ж.

Пераход на канвеерную (паточную) сістэму працы.

канвекцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канвекцыі, звязаны з ёй. Канвекцыйныя працэсы ў атмасферы.