Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлус, ‑а, м.

Той, хто хлусіць; манюка. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка.

хлусе́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да хлус.

хлусі́ць, хлушу, хлусіш, хлусіць; незак.

Гаварыць няпраўду, маніць. Я знаў: не хлусіць садавод, Ён быў равеснікам, вядома, Меў, як і я, на скронях пот І рукі ў свежым чарназёме. Танк. [Міхаль] хлусіў дзяўчыне і ненавідзеў сябе за гэтую хлусню. Чарнышэвіч.

хлуслі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць хлуслівага. Кірылу заўсёды смяшыла наіўнасць, хлуслівасць і радасць рыбакоў і паляўнічых. Шамякін.

хлуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які гаворыць няпраўду, хлусню. У .. [Веры Андрэеўны] ўжо быў складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей. / у знач. наз. хлуслі́вы, ‑ага, м. Хлуслівага лягчэй злавіць, як кульгавага. Прымаўка. // Які выражае хлусню, няшчыры, прытворны. Маё малое сэрца абмывае Крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві. Нянавісці, што думкі праясняе, Стаіць на варце чыстай маладосці І, убачыўшы пагляд вачэй хлуслівых, Трывожным звонам голас падае. Панчанка. Іна сарвала апошні пялёстак і ў злосці кінула кветку на зямлю.. — каму патрэбны яго [Артура] хлуслівыя словы. Ваданосаў.

2. Фальшывы, няправільны. Хлуслівае абвінавачанне. Хлуслівыя данясенні. □ [Шпіёны і дыверсанты] разносілі хлуслівыя чуткі, што Чырвоная Армія знішчана немцамі. Чорны.

хлусня́, ‑і, ж.

Мана, няпраўда, наўмыснае скажэнне фактаў. [Зёлкін:] Вы [цёця Каця], можа, намякаеце на тое, што мая жонка ўчора з некім на машыне ехала? Дык гэта хлусня. Учора адвячоркам мая жонка была тут і працавала. Крапіва. [Іван] выпрабавальна ўгледзеўся ў .. калючыя вочы [Джуліі] і зразумеў, што трэба або сказаць праўду, або выдумляць якую адмысловую хлусню. Быкаў. Францішак Багушэвіч быў адным з першых, хто кінуў выклік.. афіцыйнай хлусні і паклёпу на беларускі народ. Конан.

хлы́нуць, ‑не; зак.

1. Паліцца адразу, раптоўна, пацячы патокам. З шумам хлынула вада ў канал і пабегла далей і далей, несучы з сабою пясок, кусочкі дрэва, траву. Колас. [Максім Багдановіч] хацеў нешта сказаць, але хлынула кроў з горла... С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. Расчыніліся дзверы, у аўтобус хлынула свежае, дрыготкае паветра з нейкім мяккім халодным пахам. Адамчык. Не прачнуўся.. [баец] ні ад скрыпу дзвярэй, ні ад святла, што хлынула сюды з аснежанага, сонечнага двара. Брыль. / у перан. ужыв. Паэт захапляецца сілай чалавечага розуму, мудрасцю і прагрэсам навукі, але яго турбуе, трывожыць, каб гэта навука ў руках нелюдзяў не хлынула новым горам на жыццё людзей. Бялевіч. // перан. Раптам з’явіцца, узнікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). І абаім ім [мужу і жонцы] сэрца сціскаецца, Дум усялякіх хлынула цьма. Купала. Морам хлынула ў душу Хадкевіча радасць і шчасце. Васілевіч.

2. Раптам прыліць да твару (пра кроў). Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, а ў грудзях стала пуста і холадна. Шамякін. «От халера», — папракнуў я сябе за сваю назойлівасць і тут жа сам пачырванеў — адчуў, як хлынула кроў да шчок — ад таго, што прымусіў людзей хвалявацца. Чыгрынаў.

3. Імкліва, раптоўна, усёй масай пайсці, накіравацца куды‑н. (пра людзей). Танец якраз кончыўся, і, разагрэтыя полькай, хлопцы і дзяўчаты хлынулі ў сенцы. Асіпенка. Празвінеў званок. У вагоны хлынулі людзі. Гурскі. // перан. З’явіцца ў вялікай колькасці. У майстэрню хлынулі заказы.

•••

Кроў хлынула ў галаву гл. кроў.

хлыст 1, ‑а, М ‑сце, м.

Спец. Ствол спілаванага дрэва з неадсечанай верхавінай, ачышчаны ад сукоў. Як і раней, жыццё кіпела на беразе і ў лесе: на прарабскіх лесасечных участках валілі дрэвы.. і вывозілі хлысты да эстакад. Карамазаў.

хлыст 2, ‑а, М ‑сце, м.

Сектант, паслядоўнік хлыстоўства.

хлыст 3, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. Тое, што і хлюст. Хлыст жаўтароты пра бацькоў Разводзіць тары-бары. Калачынскі.

хлысто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Жан. да хлыст ​2.

хлысто́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хлыста ​2. Хлыстоўская секта.