Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.

1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.

2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.

•••

Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.

блок 1, ‑а, м.

Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.

[Англ. block.]

блок 2, ‑а, м.

Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.

блок 3, ‑а, м.

1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.

2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.

3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.

[Фр. bloc — аб’яднанне.]

бло́кавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і блочны ​1.

блок- і блок...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «блакіровачны», напрыклад: блок-сістэма, блок-пост.

блот, ‑у, М блоце, м.

Абл.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. блоціць.

2. Пра што‑н. марна зглумленае, папсаванае. І корму хапала: і бульбы, і буракоў, і кукурузы, але многа ішло ў блот. Броўка.

бло́ціць, блочу, блоціш, блоціць.

Незак. да зблоціць.

бло́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да блока ​1. Блочны канат.

бло́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да блока ​3 (у 2, 3 знач.).

бло́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш. да блыха.

2. Насякомае сямейства жукоў-лістаедаў, шкоднік сельскагаспадарчых раслін. Земляная блошка.

блуд, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Распуста. Сказаў бы хто Раісе, што Дзяніса павяло ў блуд, мала таго, што не паверыла б, слухаць не захацела б. Гроднеў.

блудзі́ць, блуджу, блудзіш, блудзіць; незак.

1. Згубіўшы арыенціроўку, хадзіць у пошуках правільнага выйсця. Хто пытае, той не блудзіць. Прыказка.

2. Хадзіць, вандраваць у пошуках чаго‑н.; блукаць. — Вось і ўсё наша жыццё, — сказаў, уздыхнуўшы, старэйшы. — Блудзім па свеце, ходзім па зямлі, ды ўсё не па сваёй. Галавач. Я з вамі, гуслі, блудзіў па свеце, Шукаў я з вамі жыццёвы вырай. Гурло. // Пераходзіць з аднаго на другое (пра вочы, позірк). [Бацька] ляжаў на лаве пры сцяне пад акном, і позірк яго блудзіў па забруджанай мухамі шыбе. Чорны.

3. Разм. Дрэнна паводзіць сябе, распуснічаць. [Кандрат:] — Ці не тая гэта маладзіца, што ўсё лета гаспадара свайго ашуквала ды з Кандратам Парамонавым блудзіла? Лобан.