блудлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць блудзіць (у 3 знач.); распусты. // У якім выяўляецца распуста, блуд. Часта адчуваў цяпер Вісарыён на сабе нечы цікаўны, блудлівы погляд. Самуйлёнак.
2. Свавольны, гарэзлівы. Хтосьці, напэўна блудлівы паўночны ветрык, ўкрадкаю адчыніў непрышчэпленае акно ў Рыгоравым пакоі. Гартны.
3. Разм. Зладзеяваты. Блудлівая кошка. // У якім выяўляецца зладзеяватасць. Уваччу кожнага з партызанаў устае гэтае кацянё, шалудзівае, брыдкае, з блудлівымі вачамі. Лынькоў.
блудні́ца, ‑ы, ж.
Уст. Жанчына лёгкіх паводзін, распусніца. На Захараўскай вуліцы Дзень як уздзене чорны халат, Толькі песня чуваць блудніцы. Чарот.
блу́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ходзіць, блукае, не знаходзячы месца, дому; невядома чый або зусім нічый. Блудны рой пчол. □ [Міша:] — Мы вось пойдзем, а з лесу, можа, выйдзе блудная карова ды ў бабкі. Сіняўскі. Маладзічка нястомна варыла пяшчотныя ласкі, спадзеючыся прыручыць да ўдовінай хаты блуднага, ваенных часоў, жаніха. Асіпенка. // Які недзе бадзяўся, туляўся і вярнуўся дадому.
2. Не прамы, звілісты, дзе лёгка заблудзіць. Блудная дарога, сцежка.
3. перан. Не такі, які прыняты, не зусім звычайны. [Мароз:] — Вечна ў.. [Шэмета] нейкія блудныя думкі, вечна яму нешта не падабаецца! Лобан.
4. Разм. Які мае адносіны да блуду; распусны, непрыстойны. Бацюшка Дземіян зусім п’яны. Усё цераз стол да паненкі Гані кідаў блудныя жарты. Баранавых.
•••
Блудная авечка гл. авечка.
Блудны сын гл. сын.
блу́за, ‑ы, ж.
Мужчынская верхняя рабочая сарочка без пояса. Парусінавая блуза. Рабочая блуза. // Уст. Прасторная хатняя жаночая кофта.
[Фр. blouse.]
блу́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Жаночая кофтачка з лёгкай тканіны. Да белай блузкі ўдала пасавала чорная плісіраваная спадніца. Васілёнак.
блу́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм. Тое, што і блюзніць. Пасля маці вярнулася да сцяны ў запечак, дзе ляжала на ложку Таня, і паклала ёй руку на лоб. — Блузніць, бедная... Прастыла. Пташнікаў.
блука́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. блукаць.
блука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Бязмэтна хадзіць, гуляць. Блукаць па лесе. Блукаць па пакоях. □ За сялом, за гарой, Ад змяркання блукаю да раніцы. Гілевіч. З гадзіну блукалі мы па вуліцы, прыглядаючыся к сотням машын, што стаялі ля тратуара. Лынькоў. // Перамяшчацца, знаходзіцца ў руху, узнікаць і прападаць. Блукаюць цені. На вуснах блукала ўсмешка. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак. Наперадзе, недзе далёка, блукалі невядомыя агні. Лупсякоў.
2. Пераходзіць, пераязджаць з месца на месца ў пошуках каго‑, чаго‑н. Блукаць па свеце. □ Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. Міцю маркотна. Ні разу сёлета не блукаў па грыбовішчах. Навуменка. [Мужчыны] доўга блукалі па балоце, абрасіліся наскрозь і, мокрыя, стаялі цяпер у нерашучасці. Пальчэўскі.
3. перан. Пераходзіць з аднаго прадмета на другі, не спыняючыся на чым‑н. (пра погляд, вочы, думкі). Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны.
блука́ючы, ‑ая, ‑ае.
У выразах: блукаючая нырка гл. нырка. Блукаючы нерв гл. нерв. Блукаючыя агні гл. агонь. Блукаючыя зоркі гл. зорка. Блукаючыя токі гл. ток.