Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

канаі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца грэбляй на каноэ.

канакра́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Злодзей, які крадзе коней.

канакра́дства, ‑а, н.

Крадзеж коней; занятак канакрада. У Вепрах былі і Саўкавы прыяцелі, даўнейшыя хаўруснікі па часці канакрадства. Колас.

кана́л, ‑а, м.

1. Напоўненае вадой штучнае рэчышча, прызначанае для суднаходнай сувязі паміж асобнымі вадаёмамі, а таксама для водазабеспячэння, арашэння, асушэння балот і інш. Асушальны канал. Беламорска-Балтыйскі канал. Абвадняльны канал. □ Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Краўчанка.

2. Вузкая поласць у выглядзе трубы, трубкі ўнутры чаго‑н. Канал ствала гарматы. Кабельны канал.

3. У арганізме жывёлы і чалавека — звілістая трубка, праз якую праходзяць тыя ці іншыя рэчывы. Кішэчны канал. Мочаспускальны канал.

4. Спец. Лінія сувязі, камунікацыі. Перадача вядзецца па трох каналах.

5. толькі мн. (кана́лы, ‑аў); перан. Шляхі пранікнення, пашырэння чаго‑н.; сродкі для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычныя каналы. □ Шырокія і трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Масквой, Ноўгарадам, Смаленскам .. служылі разам з тым і каналамі культурных сувязей. Алексютовіч.

[Ад лац. canalis — труба.]

каналаачышча́льнік, ‑а, м.

Машына для ачысткі арашальных і асушальных каналаў.

каналакапа́льнік, ‑а, м.

Машына для капання арашальных і асушальных каналаў.

каналізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да каналізаваць.

каналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Забяспечыць (забяспечваць) каналізацыйнай сеткай; правесці (праводзіць) каналізацыю. Каналізаваць пасёлак. Каналізаваць дом.

каналіза́тар, ‑а, м.

Спецыяліст па каналізацыйных работах.

каналізацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каналізацыі. Каналізацыйныя трубы. Каналізацыйная сетка.