біцю́г, ‑а, м.
Рабочы конь — цяжкавоз буйной пароды. [На вуліцы] .. іншы раз нават цокаюць па бруку падковамі вялізныя.. біцюгі, якія развозяць паклажу па раскіданых у глухіх завулках крамках і ларках. Навуменка.
біч, ‑а, м.
1. Ударная частка цэпа. Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Чорны. Па распушчаных снапах праходзімся толькі па разу: салома аж курыць пад бічамі, нібы яе задзірае, скубе, трасе і не можа ўзняць нейкі віхор... Місько. // Наогул — пра ўдарныя часткі некаторых механізмаў. Алёша адрэгуляваў зазоры паміж планкамі секцый падбарабання і бічамі барабана. Шамякін.
2. Бізун, сплецены з драбных раменьчыкаў. Не дагодзіш [князю] — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі. // перан.; чаго. Выкрывальнае ўздзеянне чаго‑н. Біч сатыры.
3. перан.; каго-чаго. Бедства, няшчасце. Беспрацоўе — біч рабочага класа капіталістычных краін.
бічава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бічаваць.
бічава́цца, ‑чуецца; незак.
Зал. да бічаваць.
бічава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.
Біць, хвастаць бізуном, бічом. / Аб падобным уздзеянні чым‑н. на што‑н. Да крыві мне грудзі, твар Шторм бічаваў балюча. Танк. // перан. Выкрываць недахопы, рэзка крытыкаваць. З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет», «На шашы». Лойка. Гаруе Насця і бічуе Сама сябе за свой парыў. Колас.
бія... (гл. біё...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «біё...», калі націск падае на другую частку слова, напрыклад: біялогія, біямеханіка, біястэнцыя, біясфера.
біяаку́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны жывёл.
біягеаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да біягеаграфіі. Біягеаграфічныя даследаванні.
біягеагра́фія, ‑і, ж.
Навука, якая вывучае заканамернасці пашырэння і размеркавання жывых арганізмаў і іх згрупаванняў па зямным шары.
[Ад грэч. bíos — жыццё і геаграфія.]
біягеасфе́ра, ‑ы, ж.
Абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана жывое рэчыва планеты.