безула́ддзе, ‑я, н.
Адсутнасць дзяржаўнай улады; адсутнасць кіраўніцтва. У Журавічах, якія ад Альхова за дваццаць вёрст, безуладдзе... Навуменка. // Адсутнасць здольнасці валодаць сабой. Ведаючы сваё безуладдзе над уласнай весялосцю, .. [Герасім Іванавіч] неяк раптам, праз сілу, устае на ногі і падыходзіць да акна. Карамазаў.
безула́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае ўлады, які страціў уладу. Безуладны кароль. // Які не здольны валодаць сабой. — Ха-ха-ха-ха! — засмяялася Мая і, безуладная ад смеху, павісла ў хлопца на рукаве. Карпюк.
безумо́ўна,
1. Прысл. да безумоўны.
2. у знач. пабочн. Бясспрэчна, канечне. [Веры], безумоўна, найбольш імпанаваў Андрэй Шыбянкоў, але яна ні ў чым гэтага не выяўляла. Зарэцкі. З двух спраў, якія прадвяшчала трывожнае чэрвеньскае зацішша, перамагла, безумоўна, наша: наступленне.. апярэдзіла новую блакаду Налібоцкай пушчы. Брыль.
безумо́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць безумоўнага. Безумоўнасць вываду.
безумо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Не абмежаваны якімі‑н. умовамі; поўны, безагаворачны. Безумоўнае абавязацельства.
2. Бясспрэчны, несумненны. Безумоўная ўдача. Безумоўны поспех.
•••
Безумоўны рэфлекс гл. рэфлекс.
безупы́нку, прысл.
Тое, што і безупынна. Сеяў нудны дождж, той дождж, які можа ліць безупынку і дзень, і два, і месяц. Мележ.
безупы́нна,
Прысл. да безупынны. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць. Чорны. Да апошняга біў сінявокі юнак, аўтамат лескатаў безупынна ў руках. Дубоўка.
безупы́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць безупыннага. Безупыннасць біялагічнага працэсу.
безупы́нны, ‑ая, ‑ае.
Пастаянны, бесперапынны. Бабка Наста гаварыла доўга і многа.. Гутарка лілася безупынным зацяжным восеньскім дожджыкам. Колас. У вершалінах старых хвояў стаяў безупынны і роўны, як вечнасць, шум. Чорны. // Які часта паўтараецца, адбываецца бесперастанку. [Ганна Сяргееўна].. успамінала безупынныя бамбёжкі Масквы, мітуслівы натоўп на вуліцах. Няхай.
безуса́дачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які не памяншае сваіх памераў пры эксплуатацыі, не дае ўсадкі (пра тканіны). Безусадачная матэрыя.