Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шушу́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Шаптацца з кім‑н. (звычайна па сакрэту). З некаторага часу Мар’янка заўважыла, што яе свёкар і Амяльян аб чымсьці шушукаюцца, стараючыся схавацца ад яе. Колас. Хлопцы — у большасці гэта былі падлеткі, школьнікі, .. — шушукаліся між сабой, дурэлі, штурхалі адзін другога пад бакі. Кудравец. // Па сакрэту пляткарыць аб кім‑, чым‑н. — Ты ж .. сяброўка [Волькі], шушукаліся разам.. [Надзя:] — Я нічога не ведаю. М. Ткачоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум (у 1 знач.); шамацець, шапацець. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. Балотца было затоплена вадою, толькі ўзбоч, ля кустоў, рыжэлі сям-там купіны і шушукаўся чарот. Сачанка.

шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.

2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.