Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фераспла́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да ферасплаву; служыць для атрымання ферасплаву. Ферасплаўная печ.

фераспла́ўшчык, ‑а, м.

Спец. Той, хто займаецца вырабам ферасплаваў.

фераты́пія, ‑і, ж.

Спец. Спосаб утварэння фатаграфічных адбіткаў на метале.

[Ад лац. ferrum — жалеза і грэч. typos — адбітак.]

ферахро́м, ‑у, м.

Спец. Сплаў жалеза з хромам.

фе́рзевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ферзя. Ферзевы фланг. Ферзевы гамбіт.

ферзь, ферзя, м.

Самая моцная фігура ў шахматнай гульні. Атакаваць і выйграць ферзя.

[Перс.]

фе́рма 1, ‑ы, ж.

1. Гаспадарчае прадпрыемства ў калгасе (саўгасе), якое займаецца той ці іншай галіной жывёлагадоўлі. Малочная ферма. Жывёлагадоўчая ферма. □ Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч. Жывёла наша будзе зімаваць на самай лепшай у раёне ферме. Гілевіч.

2. У капіталістычных краінах — прыватнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, заснаванае на ўласнай або арандаванай зямлі. Хутка туман пачаў рассейвацца, і тады насустрач машынам выплывалі будынкі, фермы бюргераў. Шамякін.

[Фр. ferme.]

фе́рма 2, ‑ы, ж.

Спец. Збудаванне, канструкцыя са злучаных між сабой металічных ці драўляных брусоў. Былі мініраваны абедзве фермы маста і асноўны сярэдні бык. Краўчанка.

[Фр. ferme.]

фе́рмавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да фермы ​2. Фермавыя мацаванні шахты.

ферма́та, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

У музыцы — знак, які абазначае павелічэнне працягласці гуку або паўзы ў залежнасці ад характару твора, намераў і густу выканаўцы. // Павелічэнне гуку або паўзы пры выкананні, у адпаведнасці з такім знакам.

[Іт. fermata.]

ферме́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Рэчыва бялковай прыроды, якое сінтэзуецца ў клетках жывых арганізмаў і ў мільёны разоў паскарае хімічныя рэакцыі, уласцівыя жывому арганізму.

•••

Сычужны фермент — фермент страўнікавага соку маладых жвачных жывёл, які выклікае згортванне малака; сычужына.

[Ад лац. fermentum — дрожджы, закваска.]