Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́ва, ‑ы, ж.

1. Тое, што і кофе (у 2 знач.). Жалудовая кава. □ Лайнер павінен быў узяць партыю бавоўны, кавы і какосавых арэхаў. Лынькоў.

2. Тое, што і кофе (у 3 знач.). [Госці] сядзелі за круглым сталом у белых пазалочаных крэслах і пілі з маленькіх кубачкаў пасляабедзенную каву. Маўр.

•••

Чорная кава — тое, што і чорны кофе (гл. кофе).

[Тур. kahwe з польск.]

кавава́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Тое, што і кафяварка.

ка́вавы, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для кавы (у 2 знач.). Кававы сервіз. // Прыгатаваны з кавы. Кававыя цукеркі.

2. Колеру кавы, цёмна-карычневы.

кава́дла, ‑а, н.

Жалезная падстаўка асобай формы для ручной коўкі металу. Каля горна кавадла. На зямлі ля кавадла невялічкія кавалкі іржавага жалеза. Зверху на кавадле іржавыя жоўтыя плямкі. Галавач. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла. Курто.

•••

Паміж молатам і кавадлам гл. молат.

кава́длачка, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да кавадла.

2. Адна са слыхавых костачак у сярэднім вуху (у чалавека і млекакормячых).

ка́вал, ‑а, м.

Разм. Вялікі кавалак чаго‑н. [Базыль] ломіць хлеба цэлы кавал. Колас.

кава́лак, ‑лка, м.

Тое, што і кусок. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза. Курто. — Які ж з цябе чалавек, калі ты адабраў ад родных дзяцей кавалак! Лупсякоў. Можа, у лісце нічога і не сказана важнага, а для Алесі ў кожным слове — кавалак жыцця. Скрыган.

кава́лачак, ‑чка, м.

Памянш. да кавалак; невялікі кавалак. Шура адшчыпваў кавалачкі хлеба, клаў у рот. Навуменка.

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

кавалерга́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

У царскай арміі — салдат або афіцэр асобага палка гвардзейскай цяжкай кавалерыі.

[Ад фр. cavalier — коннік і garde — варта, ахова.]