рэа́лія, -і, ж. (кніжн.).

Адзінкавы прадмет, рэч; тое, што ёсць, існуе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэа́лія

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. рэа́лія рэа́ліі
Р. рэа́ліі рэа́лій
Д. рэа́ліі рэа́ліям
В. рэа́лію рэа́ліі
Т. рэа́ліяй
рэа́ліяю
рэа́ліямі
М. рэа́ліі рэа́ліях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

рэа́лія ж. реа́лия

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

рэа́лія, ‑і, ж.

Кожная рэч матэрыяльнага свету.

[Ад лац. res — рэч.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

реа́лия рэа́лія, -ліі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пячы́на (печы́на) ’абломак поду ў печы’ (ТС). Да печ (гл.); рэалія мела засцерагальныя функцыі, параўн.: у нас ек едуць венчацца, то беруць гэту печыну (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́льсць1 ’поўсць’ (мсцісл., З нар. сл.). З польск. pilść ’лямец’, ’валасяны матэрыял, унутранасць матраца’. Вакалізм складу пе‑ трэба разглядаць разам з пельсць ’шалушэнне скуры, пархі’ (мсцісл., ЛА, 3), дзе ‑е‑ — пад уплывам лексемы пе́рхаць, параўн. персць ’шалушэнне скуры’ (мядз., там жа).

Пе́льсць2, пелясць, пе́люсці, пэ́лютэ ’праход у печ, а таксама месца ў коміне пад гэтым праходам’ (Сцяшк. МГ, Скарбы, Сл. ПЗБ; бяроз., Шатал.), ’жарало ў печы’ (навагр., Нар. сл.), ’выхад з печы’ (слонім., Нар. лекс.), ’чалеснікі’ (ЛА, 4), ’верх пад чалеснікамі’ (там жа). Гэта рэалія ўяўляе сабой ’тонкую цагляную сценку ў печы, пасярэдзіне якой знаходзіцца ўваход у печ’ (ваўк., В. В.) і семантычна, як ’нешта плоскае’, лексему, што называе гэтую рэалію, можна звязаць з пелюсць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казю́лька1 ’маленькая лавачка’ (Касп.), ’выразаны з яліны цурбан з сукамі, які служыць замест зэдліка’ (Бяльк.). Рус. смал. казюлька ’невялікая драўляная лавачка’, ’драўляная лавачка з ножкамі з тоўстых сукоў’: падобныя значэнні зафіксаваны і ў Калінінскай вобласці. Рэгіянальны наватвор; да каза1, відаць, праз казюлька ’нешта рагатае’. У слоўніку Бялькевіча зафіксавана асноўнае значэнне, у Каспяровіча — або перанос, або недастаткова поўнае апісанне рэаліі. Параўн. яшчэ казулька.

Казю́лька2 ’казяўка, казурка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Нас.). Гэтыя ўсх.-бел. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., цвяр., смал., уладз., кур., варонеж. козюлька ’тс’. Статус інавацыі (усх.-слав.? рус.?) не зусім ясны. Словаўтваральна — ад казюля, казюлька ’нешта рагатае’ або, магчыма, і перанос ад неадзначанай назвы свойскай жывёлы, як у іншых назвах, дзе сувязь з дэрыватамі ад каза1 больш празрыстая. Матывацыя — наяўнасць зааморфных адзнак у насякомых. Параўн. яшчэ казурка (гл.).

Казю́лька3 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (в.-дзвін., Шатал.). Верагодна, самастойны рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’, якое да каза1. Матывацыя назвы зразумелая: два выступы, утвораныя выемкай, успрымаюцца як рожкі. Аб іншых магчымасцях утварэння (перанос з казюлька ’свойская жывёла’; субстытуцыя тэрмінаў) гл. каза1.

Казю́лька4 ’сажань’ (Мат. Гом.). Рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’. Да каза1; рэалія з відавочнымі зааморфнымі прыкметамі. Не выключана субстытуцыя тэрмінаў.

Казю́лька5 ’паласа, участак, адмераны драўляным цыркулем, або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Перанос ад папярэдняга слова. Рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаварот ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (Сержп.), коловоротка, коловоруток, коловорыток, коловорыдка; з гаплалогіяй складу: рус. коворыдка, ковориток ’тс’. Магчыма, стары ўсх.-слав. тэрмін, ужыты для намінацыі новай культурнай рэаліі. У краінах Заходняй Еўропы калаўротак ужываецца з XVI ст., значна пазней з’яўляецца на ўсходзе (Нікіфароўскі, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Параўн. яшчэ Фалінская, II, 1, 80–83. Аб складаных шляхах пранікнення рэаліі сведчаць польск. дыял. kołowrotek francuski, niemiecki, ruski, kółek ruski, francuski. Адна к гэтыя назвы могуць быць параўнальна познімі, а наогул рэалія прыйшла з захаду, і бел. форма з непаўнагалоссем з’яўляецца новай. Але не вельмі ясна, быў тут толькі ўплыў польскай лексемы ці яе запазычанне. Наяўнасць калаварот ’кругаверць’ (Нас.), шэраг значэнняў лексемы калаўротак (гл.) дазваляюць прыняць першую версію ва ўсякім разе для шэрагу значэнняў «не самапрадка». Запазычанне кантактным шляхам (інфільтрацыю) можна сцвярджаць галоўным чынам толькі для некаторых зах.-палес. форм (Фалінская. II, 2, к. 38). Інфільтрацыя, калі яна мела месца, была з польск. літар. мовы. Польск. kołowrót у розных значэннях, у тым ліку і ў многіх тэхнічных, бел. калаварот ’вір’, укр. коловорот, рус. коловорот, в.-луж. kołwrot, н.-луж. kołowrot, чэш. kolovrat, славац. kolovrat, славен. kolovrat, серб.-харв. ко̏ловрат, балг. дыял. больш далёкае фармальна і семантычна коловрътник дазваляюць рэканструкцыю прасл. злучэння kolovortъ (kolo + дэрыват ад vr̥těti). Слаўскі, 2, 371–373, дзе падрабязна аб слав. значэннях і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шнік1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)