Астрано́мія. Ст.-рус., ст.-слав. астрономиꙗ. Зыходнае слова — грэч. ἀστρονομία (’зорка’ + ’закон’). Непасрэдна з грэчаскай запазычана форма з націскам на перадапошнім складзе (Бярында: астрономи́я); націск на ‑но‑ ўказвае на лацінскую ці польскую крыніцу для сучасных беларускай, рускай, украінскай форм слова (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123; Булыка, Запазыч., 32). Недакладна Юргелевіч, 128; наўрад, ці праз рускую, як у Крукоўскага, Уплыў, 90. Астрано́м можна лічыць непасрэдным працягам старарускай формы: (XIII ст.) (Шанскі, 1, А, 167), таму думка Фасмера, 1, 94, пра запазычанне ў XVIII ст. недакладная; стараруская з грэчаскай. Паводле Булыкі, ст.-бел. астрономъ праз польскую з нямецкай. Астрало́гія — з грэчаскай (аднак тыя ж заўвагі пра націск, што і пра астраномія), гл. Фасмер, Этюды, 37. Пра словы астрономия, астрология ў старабеларускай гл. Гіст. мовы, 1, 146, 284; Гіст. лекс., 126, 219. Астрало́м ’астраном’ (Касп.) скажэнне, магчыма, у выніку кантамінацыі астраном і астралог.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жалапа́ць ’піць’ (Сцяц.), жолопа́ты ’жэрці, жаваць’ (Клім.), жалуба́ць ’есці’ (чэрв., Жд. 2; жлоб., Жыв. сл., 115), ’піць’ (маладз., Янк. Мат., 98; вілейс., Нар. сл., 139). Рус. прыбалт. желуба́ть ’есці (пра жывёл)’ (< бел.?), укр. желіпа́ти ’марудна есці’, жолопа́ти ’жэрці’, польск. żłopać ’піць многа (пра жывёл, пагардліва пра людзей)’, дыял. żłepać, памор. žlepa ’тс’, славен. žlę́bati ’многа піць’; параўн. балг. жлѐвя ’жаваць’. Літ. žliaũbti ’жэрці, уплятаць’, лат. žļebinȃt ’жаваць’. Калі рэканструяваць прасл. *želp‑ або *želb‑, трэба лічыцца з тым, што літ., а магчыма, і лат. словы запазычаны са слав. (польск., памор.). І.‑е. асновай для адзначанай прасл. рэканструкцыі магло б быць *gel‑, gu̯el‑ ’глытаць’ (Покарны, 1, 365) з лабіяльным пашырэннем: *gelb‑. Параўн. швед. дыял. kulp ’глыток’. Гл. яшчэ глытаць, жалапацца, жлокаць. Меркаванні пра запазычанне жалубаць з літ. (Лаўчутэ, Сл. балт., 109) патрабуюць дадатковай фанетычнай і семантычнай аргументацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць 1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ру́піцца ’старацца, клапаціцца, турбавацца пра каго-небудзь’, ’хацецца’ (ТСБМ), ру́піць ’трывожыць, выклікаць неспакой’, ’цягнуць, прыцягваць’ (дзярж., Нар. сл.), ’турбаваць неадвязна’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Укр. ру́пити ’быць жаданым’, рус. дыял. ру́па ’туга па радзіме’, ру́пить ’цягнуць, хацецца’, ’трывожыць’, польск. rupie się ’старацца’, кашуб. rúpic ’цягнуць, спакушаць, вабіць; мець апетыт’, чэш. rupati, rupěti ’хрумсцець, шчоўкаць’, балг. дыял. рупа́я ’патрабаваць сілай, мучыць, турбаваць’. Прынята лічыць роднасным да літ. rūpė́ti ’трывожыць’, лат. rũpêt ’засмучаць’, літ. raupýti ’тс’, ’рыць’, англ.-сакс. réofan ’ламаць, рваць’, ст.-інд. rōpayati ’адчуваць ламоту’ (Фасмер, 3, 519). Паводле іншага меркавання, чэшскія rupati, rupěti стаяць асобна, а ўсходнеславянскія словы з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. rūpė́ti ’трывожыць, заклапочваць’, rū́pinti ’клапаціць’, гл. спецыяльна Анікін, Опыт, 270–271 з літ-рай; аднак балгарскія факты (гл. БЕР, 347) сведчаць хутчэй пра генетычную сувязь. Борысь (SEK, 4, 221) следам за Слаўскім (SP, 1, 81) рэканструюе прасл. *rupiti ’грызці, кусаць, гнясці’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2–3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
два, двух, двум, двума, (аб) двух, м. і н., дзве, дзвюх, дзвюм, дзвюма, (аб) дзвюх, ж., ліч. кольк.
1. Лік 2. Два разы па два — чатыры. Напісаць лічбу два. // Колькасць 2. Два алоўкі. Дзве дарогі. □ За аднаго бітага двух нябітых даюць. Прыказка. З аднаго вала дзвюх шкур не дзяруць. Прыказка.
2. Тое, што і двойка (у 2 знач.).
•••
Двух слоў не звяжа гл. звязаць.
Забіць двух зайцоў гл. забіць 1.
За два (тры і пад.) крокі гл. крок.
На два словы гл. слова.
На два франты гл. фронт.
Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.
Не раз і не два гл. раз.
Ні два ні паўтара — пра што‑н. няпэўнае, неакрэсленае; ні тое, ні сёе.
Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.
Палка з двума канцамі гл. палка.
Паміж двух агнёў гл. агонь.
Раз-два і гатова гл. раз.
Служыць двум багам гл. служыць.
У два канцы гл. канец.
У двух словах гл. слова.
Як двойчы два (чатыры) гл. двойчы.
Як дзве каплі вады гл. капля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяжу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выконвае тыя ці іншыя службовыя або грамадскія абавязкі ў парадку чаргі. Дзяжурны міліцыянер. □ Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. // у знач. наз. дзяжу́рны, ‑ага, м.; дзяжу́рная, ‑ай, ж. Асоба, якая ў парадку чаргі выконвае свае службовыя або грамадскія абавязкі. Дзяжурны па вакзалу. Дзяжурны па кухні. □ У казарме чутны асцярожныя крокі дзяжурнага, які штораз паглядае на гадзіннік. Каваль. Аператыўны дзяжурны зараз жа пазваніў у эскадрыллі, перадаў загад камандзіра палка. Алешка. // Які працуе ў гадзіны перапынку або ў дні адпачынку іншых падобных устаноў. Дзяжурная аптэка. Дзяжурны магазін.
2. Прызначаны для дзяжурства. У дзяжурным пакоі рэзка і трывожна зазваніў тэлефон, і Стась кінуўся да яго. Мікуліч. // у знач. наз. дзяжу́рная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для дзяжурства. Зайсці ў дзяжурную.
3. Загадзя падрыхтаваны для неадкладнага выкарыстання. Дзяжурная страва ў рэстаране. // перан. Загадзя прыдуманы, завучаны. Дзяжурная фраза. Дзяжурны жарт. □ Паходня паспрабаваў быў чытаць тэзісы, але і самому яму стала сумна, нібы гэта былі чужыя, дзяжурныя словы, паўтораныя сотні разоў. Хадкевіч.
[Ад фр. de jour— які адносіцца да гэтага дня.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што.
1. Дастаць, знайсці, атрымаць. Настаўніца перадала .. каштоўныя звесткі аб нямецкім гарнізоне ў мястэчку, якія здабыла па заданню партызанскага камандавання. Шчарбатаў. Пагутарыў [дзед Талаш] трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызвалены з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Колас. // Упаляваць. Здабыць выдру.
2. Дастаць з нетраў зямлі (карысныя выкапні). Здабыць нафту. Здабыць каменны вугаль. // перан. Выбраць з чаго‑н., знайсці. Мы не ведаем, з якой крыніцы Канчэўскі здабыў гэтыя словы, якія ён прыпісвае Скарыне, і наколькі яны адпавядаюць сапраўднасці. Алексютовіч. // Атрымаць што‑н. пры дапамозе доследаў, шляхам вытворчых працэсаў. Здабыць новы прэпарат.
3. перан. Дабіцца чаго‑н. шляхам барацьбы, настойлівасці, працы і пад. Здабыць волю. Здабыць славу. □ Мы ў баях перамогу здабудзем, Праз баі мы праб’ёмся назад. Астрэйка. Шматгадовай работай здабыў чалавек права на такі адпачынак. Бялевіч.
•••
Здабыць кроўю — дабіцца чаго‑н. у барацьбе цаною вялікіх ахвяр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.
1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.
2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.
3. Разм. Ужываецца як лаянка.
[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
намёк, ‑у, м.
1. Слова, выраз, у якіх адкрыта не выказваецца думка таго, хто гаворыць, але яе можна зразумець. Празрысты намёк. Далікатны намёк. □ [Пісьмо] было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Колас. — Не задавайце мне недарэчных пытанняў, якіх я не разумею. Гаварыце, што вам трэба, толькі без загадак і намёкаў, — суха адказала Вера. Машара. // Аб дзеяннях, учынках, якія намякаюць на што‑н. Дастаткова было .. выразу твару, вачэй і яшчэ якога-небудзь намёку на тое, што паэт [М. Багдановіч] паказаны ў час творчай працы. Ліс. // Ускоснае ўказанне на што‑н. У кенігсбергскіх актах няма нават і намёку на тое, што паездка Скарыны ў Прусію была звязана з выдавецкай справай. Алексютовіч.
2. перан. Слабае падабенства чаго‑н. Пракоп прыглядаецца, пазнае. .. Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас. // Слабая прымета чаго‑н. Нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага намёку на дождж. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)