дзяжурны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выконвае тыя ці іншыя службовыя або грамадскія абавязкі ў парадку чаргі. Дзяжурны міліцыянер. ▪ Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. // у знач. наз. дзяжурны, ‑ага, м.; дзяжурная, ‑ай, ж. Асоба, якая ў парадку чаргі выконвае свае службовыя або грамадскія абавязкі. Дзяжурны па вакзалу. Дзяжурны па кухні. ▪ У казарме чутны асцярожныя крокі дзяжурнага, які штораз паглядае на гадзіннік. Каваль. Аператыўны дзяжурны зараз жа пазваніў у эскадрыллі, перадаў загад камандзіра палка. Алешка. // Які працуе ў гадзіны перапынку або ў дні адпачынку іншых падобных устаноў. Дзяжурная аптэка. Дзяжурны магазін.

2. Прызначаны для дзяжурства. У дзяжурным пакоі рэзка і трывожна зазваніў тэлефон, і Стась кінуўся да яго. Мікуліч. // у знач. наз. дзяжурная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для дзяжурства. Зайсці ў дзяжурную.

3. Загадзя падрыхтаваны для неадкладнага выкарыстання. Дзяжурная страва ў рэстаране. // перан. Загадзя прыдуманы, завучаны. Дзяжурная фраза. Дзяжурны жарт. ▪ Паходня паспрабаваў быў чытаць тэзісы, але і самому яму стала сумна, нібы гэта былі чужыя, дзяжурныя словы, паўтораныя сотні разоў. Хадкевіч.

[Ад фр. de jour— які адносіцца да гэтага дня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)