Астрано́мія. Ст.-рус., ст.-слав. астрономиꙗ. Зыходнае слова — грэч. ἀστρονομία (’зорка’ + ’закон’). Непасрэдна з грэчаскай запазычана форма з націскам на перадапошнім складзе (Бярында: астрономи́я); націск на ‑но‑ ўказвае на лацінскую ці польскую крыніцу для сучасных беларускай, рускай, украінскай форм слова (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123; Булыка, Запазыч., 32). Недакладна Юргелевіч, 128; наўрад, ці праз рускую, як у Крукоўскага, Уплыў, 90. Астрано́м можна лічыць непасрэдным працягам старарускай формы: (XIII ст.) (Шанскі, 1, А, 167), таму думка Фасмера, 1, 94, пра запазычанне ў XVIII ст. недакладная; стараруская з грэчаскай. Паводле Булыкі, ст.-бел. астрономъ праз польскую з нямецкай. Астрало́гія — з грэчаскай (аднак тыя ж заўвагі пра націск, што і пра астраномія), гл. Фасмер, Этюды, 37. Пра словы астрономия, астрология ў старабеларускай гл. Гіст. мовы, 1, 146, 284; Гіст. лекс., 126, 219. Астрало́м ’астраном’ (Касп.) скажэнне, магчыма, у выніку кантамінацыі астраном і астралог.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)