Жэ́ўжык ’свавольнік, гарэза’. Рус. дыял. кур., зах., паўд., смал. же́вжик ’невялікі, але рухавы чалавек’, же́вжик ’вяртлявы, рухавы чалавек’, ’верабей’, ст.-укр. з 1651 г. (Хрэст.). Усх.-слав. жартаўлівае (Булахоўскі, Нариси загального мовознавства, 1959, 108) слова можа быць узведзена да прасл. формы *žьv‑, што чаргуецца з *živ‑ (гл. жывы і жвавы). Супрун, Бел.-польск. ізал., 126. У слове жэўжык другое ж, відаць, у той ці іншай меры адлюстроўвае ўплыў першага ж, а значыць, можа разглядацца як рэдуплікаванае, што для жартаўлівага слова цалкам зразумела. Суфікс ик (> ‑ык) часта выкарыстоўваецца для назваў асоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́дарга ’край’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. задо́рга, за́дерга, за́дорага ’прыступак, лесвіца, брус, поручні для таго, каб залазіць на печ’, арханг., сіб. за́дорага ’частка пода печы па абодва бакі вусця па баках сярэдняй паласы’, пск., цвяр. за́дорга ’паласа абапал дарогі’; параўн. задорога ’месца каля дарогі, узвышэнне каля дарогі’, за́дорожина ’узвышэнне каля дарогі, плот, бервяно ў сцяне’, ярасл. за́дорожка ’прыступак, поручні ў печы’, чэш. zádrh ’нешта заторгнутае, паварот’, славац. zádrh ’нешта заторгнутае, падрапанае’, славен. zadȓga ’завязка’, ’вусік у лазы’, ’загар’. Відаць, бязафіксны наз. ад дзеяслова zadьrgati з дастаткова шырокім значэннем (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 221).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здух, зду́хавіна1 ’ўпадзіна ў баку каровы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. амур., кастр. зду́хі ’грудзі, лёгкія, жывот’, сіб. взду́хи ’лёгкія, грудзі’, валаг. вздух ’бок судна’, укр. зду́хи, зду́ховина, зду́хвина ’месца ў частцы цела паміж рэбрамі і жыватом’ (СУМ, Грынч.), здухи ’газы, што выходзяць з арганізма’ (Жэлях.). Звязана з дух (гл.), адно са значэнняў якога ’дыханне’, відаць, праз прэфіксальна-суфіксальны дзеяслоў *въз‑дух‑а‑ти > *уздухаць > *здухаць, ад якога бязафіксны наз. здухздуха) і з суф. ‑іна здух‑ав‑іна (‑ав‑ прыметнікавы суфікс) са значэннем ’прадмет, для якога адзначанае дзеянне тыповае’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зубр ’Bison bonasus’. Рус., укр. зубр, польск. żubr, в.-луж., чэш. zubr, славац. zubor, славен. zǫ̑ber, серб.-харв. зу̏бар, зу̀бāр, балг. зубър. Ц.-слав. зѫбрь. Ст.-бел. зубр (Александрыя). Версія пра запазыч. зубр з ятвяж. *sumbris, літ. stum̃bras, лат. sumbrs (Буга, Rinkt., 1, 378–380; 2, 678–679 — пры кантамінацыі з зуб; Вяржбоўскі, Весці АН БССР, 1960, 3, 125–132) выклікае пярэчанні (Лаўчутэ, Сл. балт., 142). Фасмер (2, 107) указвае на верагоднасць першаснай (а не другаснай) сувязі з зуб. Іванаў (Этимология, 1975, 157) прапануе каўк. паралелі слову зубр, прымаючы сувязь *zǫbъ*zǫbrъ. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́шыць ’калаціць, узнімаць скуру ўдарамі’ (Нас.). Відавочны экспрэсіўны характар утварэння (параўн. прыклады: «Не на смѣхъ ты его ловко кожушишь» (Нас., 240), і гэта зніжае надзейнасць супастаўлення слова з такімі балг. утварэннямі, як дыял. подкожушва се, подкожуши се ’аддзяляецца і ўспухае, узнімаецца (аб скуры, тынку)’ і больш далёкімі фармальна подкожуря се, подкожурявам се ’ўзнімацца, успухаць’. Калі дапусціць, што кажушыць ужывалася як тэрмін (у гарбарстве), бел. слова можна параўнаць з рус. дыял. кожемятить, кожемятиться ’валтузіцца, барукацца’. У любым выпадку да кажух ’скура і да т. п.’. Гл. кажух1 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падло́га1 ’насціл у памяшканні, па якім ходзяць; пол (пераважна ў жыллёвым памяшканні)’. З польск. podłoga ’тс’ (Махэк, 120), якое ад dłażyć ’рабіць насціл’ (Брукнер, 425).

Падло́га2 ’падвалкі’ (Мат. Гом.), ’падаконнік; падсцілка’ (Бяльк.). Рус. подло́га ’падкладка, падвалю’, укр. підлі́жкі ’вялікія камні, якія падкладваюцца пад асноўныя бярвёны хаты, калі месца няроўнае’, підло́га ’два пярэднія і два заднія слупы ў кроснах’, чэш. podloha, podložka ’падстаўка; падкладка’, серб.-харв. по̏длог, по̏длога ’падсцілка, падкладка, падстаўка, фундамент’, славен. podlóga ’парог; ніжняе бервяно’, балг. подлога ’падкладка, падножка, падстаўка’. Аддзеяслоўнае вытворнае ад podložiti < ložiti (гл. лажы́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пакле́ска ’палка для закручвання вяроўкі пры ўвязванні воза з дрывамі або бярвёнамі’ (Шат.), поклесо ’жэрдка, пры дапамозе якой змацоўваюцца гонкі ў плыце’ (ТС). Рус. смал. паклёскі ’крукі, дугі з бакоў саней’. Відаць, можна параўнаць са ст.-чэш. okleslek, дыял. oklešček ’кавалак дрэва, палка’, славен. pȏklest ’абчасаны бок паваленага дрэва’, чэш. proklesti ’прасячы дарогу’, klest, дыял. chlest ’хвораст, сучча’. Махэк (255) у якасці зыходнага дзеяслова ўзнаўляе klestati ’сячы’, роднаснага kresati (гл. крэсіва). У якасці паралелей ён прыводзіць літ. sklempiu, sklefhpti, sklembti ’тс’. Беларускія словы ўказваюць на *клесаць ’рубіць, сячы’, магчыма, гукапераймальнага характару (параўн. клешчы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́скалак ’вельмі дрэннае палена’ (перан.) ’гультай’ (докш., Янк. Мат.; Бір., Шат.), дзярж. пакалак ’дрэннае палена’ (Бір.), ’нятоўстае і маладое палена, зручнае, каб кінуць яго пошыбнем’ (КЭС, лаг.). Паводле лексемы пакалак можна дапусціць роднаснасць яго са словам кол (калок), а прэфікс pa‑ і суфікс ‑ъkъ прыўносяць значэнне ’другасны, несапраўдны’ (Борысь, Prefiks., 53). Але першае — паскалак — семантычна-роднаснае з аскепак (гл.), ’шчэпка, трэска’, карэліц. паскіпаны ’патрэсканы’ (Сцяшк., Сл.), рус. скепать ’расшчапляць, калоць’ з’яўляецца кантамінацыйным утварэннем ηά‑калак і аскепак. Аналагічна ўкр. валынск. паклин і пасклин (паскіл1, паскʼін’, паемʼінок, пасклʼон) (Казачук, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паслу́га ’слугі’, ’дзеянне, учынак, якія прыносяць карысць, дапамогу каму-н.’, паслу́гі ’аплачваемая работа для задавальнення чыіх-небудзь патрэб’ (ТСБМ, Нік. Очерки; Нас.). Укр. послу́га ’паслуга’, ’слуга’, рус. послу́га ’паслуга, служба на каго-н.’, ’заслуга’, ’выкананне прыгонных работ, шарварак’, польск. posługa ’выкананне работы заказчыка, гаспадара’, posługi ’нясталая, часовая работа’, ’прыслуга’, чэш. posluha ’паслугі’, ’служанка’, ’пасыльны’, славац. posluha ’праца прыслугі’, серб.-харв. по̏слуга ’прыслуга, абслугоўваючы персанал’, ’абслугоўванне’, ’пракат’, макед. послуга ’абслугоўванне’, ’пракат’. Утворана ад дзеяслова poslužiti < služiti < sluga. Магчыма, самастойнае ўтварэнне ў паасобных славянскіх мовах. Сюды ж паслу́жка ’паслуга’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)