Падло́га1 ’насціл у памяшканні, па якім ходзяць; пол (пераважна ў жыллёвым памяшканні)’. З польск. podłoga ’тс’ (Махэк, 120), якое ад dłażyć ’рабіць насціл’ (Брукнер, 425).

Падло́га2 ’падвалкі’ (Мат. Гом.), ’падаконнік; падсцілка’ (Бяльк.). Рус. подло́га ’падкладка, падвалю’, укр. підлі́жкі ’вялікія камні, якія падкладваюцца пад асноўныя бярвёны хаты, калі месца няроўнае’, підло́га ’два пярэднія і два заднія слупы ў кроснах’, чэш. podloha, podložka ’падстаўка; падкладка’, серб.-харв. по̏длог, по̏длога ’падсцілка, падкладка, падстаўка, фундамент’, славен. podlóga ’парог; ніжняе бервяно’, балг. подлога ’падкладка, падножка, падстаўка’. Аддзеяслоўнае вытворнае ад podložiti < ložiti (гл. лажы́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)