ту́мба, ‑ы, ж.

1. Невысокі слупок каля дарогі або тратуара. Па краях стаяць спецыяльныя тумбы ці урны, каб вадзіцелі здалёк маглі заўважыць пляцоўку ці абмінуць. Жычка.

2. Падстаўка для чаго‑н. у выглядзе такога слупка. У пакоі стол з букетам палявых кветак .. Масіўная тумба з вазонам. Чорны. // Ніжняя частка пісьмовага стала ў выглядзе невялікай шафкі з шуфлядамі. За сталом з дзвюма тумбамі сядзеў другі міліцыянер .. і вадзіў алоўкам па аркушы паперы. Арабей.

3. Круглае збудаванне для наклейвання аб’яў, афіш і пад. Вось .. [чалавек] спыніўся ля круглай рэкламнай тумбы, заклеенай мноствам аб’яў. Мехаў.

4. перан. Разм. зневаж. Пра тоўстага чалавека. Бургамістр .. гыркнуў па сваю палавіну. — Чаго фыркаеш, скрыня? Ці ім, панам афтэрам, скакаць з вамі, тумбамі! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пучо́к1 ’лытка’ (ЛА, 3). Ад пук ’выступ’, параўн. спалучэнне пучок лыткі ’мяккая частка лыткі’ (там жа).

Пучо́к2 ’верацяно пражы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да пук ’пукатасць, выпукласць’, што характарызуе знешні выгляд напрадзенага.

Пучо́к3 ’сноп сцяблоў (ільну, канапель і інш.); мера канопляў’ (Яшк. Мясц.; Сл. ПЗБ), сюды ж пучкі́ ’паплаўкі, зробленыя з бізунніку і прыстасаваныя для плавання на іх’ (Янк. 1). Памянш. да пук ’вязка, сноп’.

Пучо́к4 ’драўляная або металічная падстаўка ў падсядзёлку’ (Касп.; рагач., Сл. ПЗБ), пучкі́ ’падсядзёлак’ (Янк. 1). Да пук ’выступ’.

Пучо́к5: шляхтичей крестьяне зовуть пучками, если они живут на одзиночцы (віц., Шн. 3), параўн. пучо́к ’заможны селянін’ (Мат. Смал.). Да пук (гл.), паралельнае да рус. дыял. пу́чка ’поўны, тоўсты чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свяці́ць ‘выпраменьваць святло; ззяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. світи́ти, рус. свети́ть, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтити, польск. świecić, в.-луж. swecić, н.-луж. swesiś, чэш. svítiti, славац. svietiť, серб.-харв. svétiti, славен. světili, балг. све́тя ‘тс’. Прасл. *světiti ‘свяціць’. Роднасныя літ. švaitýti, švaitaũ ‘свяціць’, ст.-інд. 3 а. адз. л. aş́vait ‘заблішчаў’; гл. Траўтман, 310; Фасмер, 3, 575. Сной₁ (623) узводзіць да і.-е. базы *ku̯ei̯t‑ ‘свяціцца; светлы, белы’. Іншая ступень чаргавання ў світаць, свіцецца (гл.). Аддзеяслоўныя ўтварэнні свяці́ла ‘светач для лучыны’ (гарад., Нар. лекс.), свеце́льнік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (ТС), якому адпавядаюць ст.-польск. świetelnik ‘падсвечнік’, серб. дыял. светелник ‘металічная падстаўка для лучыны пры асвятленні хаты’ (СДЗб, 29, 525) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сталю́га ‘прыстасаванне для распілоўкі бярвёнаў на дошкі; высокія козлы’, ‘сталярны варштат’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 3, Сл. ПЗБ, Некр., Ян., Выг., Бір. Дзярж., Сцяцко Сл.), ‘мальберт’ (Гарэц.), ‘бандарскі станок, на якім апрацоўваюць стругам абручы, клёпкі’ (Янк. 1, Гарэц.; рагач., Арх. ГУ), столю́га, штолю́га ‘станок для апрацоўкі клёпак’ (ТС), сталю́жкі ‘козлы’ (Скарбы), сталю́гі ‘падмосткі пад стог’ (талач., ДАБМ, камент., 877). З польск. staluga, sztaluga ‘драўляная падстаўка, штатыў, козлы і пад.’, што з ням. Stellage ‘рыштаванні; стэлаж’ з прыстасаваннем суфікса па тыпу żegluga ‘суднаходства’ (Брукнер, 512–513). Гл. Кюнэ, Poln., 99; Нававейскі, Zapożyczenia, 105, 171. Ст.-бел. сталюга, столюга (XVII ст.) з ст.-польск. staluga (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стабу́рчыць ‘выгібаць, выкрыўляць, выстаўляць’ (Ласт.), ‘паказваць на цяжарнасць’: uže nasza pani staburczyć (Арх. Федар.), стабу́рчыцца ‘выстаўляцца’, стабу́рыцца ‘тапырыцца’ (Ласт.). Ведаць, вытворныя ад назоўніка, што ўзыходзіць да прасл. *stoborъ ‘слуп, пень’, параўн. стабу́р ‘тумба, падстаўка’ (Ласт.), серб.-харв. сто̏бор, сто̀бор ‘агароджа; двор, вуліца’, балг. стобо́р ‘плот’, ст.-слав. стоборъ ‘слуп’, або *stъb(ъ)rъ, параўн. ст.-польск. steber, славен. stebȅr ‘слуп’, серб.-харв. ста̀бар, харв. дыял. stabȁr ‘сцябло’, ст.-слав. стъбръ ‘тс’, якім адпавядаюць літ. stãbaras ‘сухая галіна’, stùburas ‘пень’, лат. stuburs ‘пень, слуп’, а таксама ст.-дац. stafœr, швед. дыял. staver ‘кол’, што ўзыходзяць да і.-е. *steb(h)‑ ‘слуп, апора, аснова, бервяно’, а таксама ‘падперці, абаперці; стаць нерухомым’, працягам якога з’яўляецца ст.-інд. stabhnā́ti ‘падтрымлівае, падпірае’ (Скок, 3, 323, 336; Глухак, 579; Сной₂, 696).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казю́лькі1 ’козлы для пілавання дроў’ (Бяльк.). Рус. пск., асташ., цвяр. козюльки ’тс’; гэта ж структура з тыповым для семемы ’козлы’ развіццём значэнняў сустракаецца і ў іншых рус. гаворках. Лінгвагеаграфічна — утварэнне ў гаворках усходу Беларусі і роднасных ім рус.; усх.-слав. статуса, відаць, няма. Утворана суфіксальным спосабам ад каза1 (хоць гэта не адзіны варыянт тлумачэння, параўн. інш. роднасныя назвы), матывацыя зразумелая — наяўнасць зааморфнай прыкметы.

Казю́лькі2 ’падстаўкі з бервяна з ножкамі пад пасцельны насціл’ (Касп.). У рус. гаворках Літвы казюльки ’тс’ статус няясны. Паколькі ножкі ў падстаўцы збіваюцца крыж-накрыж, можна думаць, што тут рэалізацыя тэрміна козлы, параўн. папярэдняе слова. Менш верагодна думаць, што назва датычыцца бервяна і тут назіраецца субстытуцыя тэрмінаў са значэннямі ’перакладзіна’, ’падстаўка’, як гэта ў выпадках тыпу каза (гл.). Да разглядаемага слова адносіцца, відаць, і адзначанае ДАБМ казю́лькі ’падстаўкі пад стог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́мя1 ‘сукаватая яловая падстаўка, па якой падымаюцца на “падкур” (прыстасаванне, якое абараняе борць ад мядзведзяў)’ (Рам. 8). Гл. страмі́на.

Стрэ́мя2, Р. скл. стрэ́мя і стрэ́мені ‘прыстасаванне для ўпору нагі конніка’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), стрымена ‘тс’, мн. л. стрэмена́ ‘тс’ (Бес., Шымк. Собр.), стрэмянё ‘стрэмя’ (Сцяшк.), стримоно ‘тс’ (Турэцка-беларускі размоўнік, 1836 г., Нью-Ёрк., 1995). Параўн. укр. стре́ме́но́, стре́мін, рус. стре́мя ‘стрэмя’, стараж.-рус. стремень, стрьмень, польск. strzemię, в.-луж. třmjeň, н.-луж. tśmjeń, чэш. střmen, славац. strmeň, славен. stréme, серб.-харв. стр̏ме̑н, балг. стре́ме ‘тс’, макед. стремен ‘тс’. Прасл. *stremę, як мяркуюць (гл. Бязлай, 3, 327 з літ-рай), ідэнтычна грэч. στρέμμα ‘нешта скручанае, нітка; выгін’, якое з’яўляецца nomen actionis ад дзеяслова στρέφω ‘віць, плесці’, і.-е. корань *strebh‑ ‘тс’, параўн. яшчэ грэч. στρόφο ‘вяроўка, паласа’. На думку Сноя₁ (613), славяне да VI ст., ві даць, страмёны мелі плеценыя з нейкіх матэрыялаў, напрыклад, з рамянёў. Гл. аналагічна Борысь, 584. Супастаўлялі таксама з рус. пастро́мка ‘пастронак’ і *strъmъ (гл. стромкі); гл Фасмер, 3, 775; Брукнер, 522; Праабражэнскі, 2, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паста́ва ’становішча фігуры, корпуса, уласцівае каму-н.’, ’поза’ (ТСБМ, ТС), ’месца касьбы’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) і пастанова ’звычай’ (ТС), лід. пастаўны́, постаўны́ і постаўны́ ’статны, стройны’ (Сцяшк. Сл., ТС), постаў ’скрутак палатна’ (ТС), лун. ’камяні ў жорнах’ (Шатал.). Укр. поста́ва ’знешнасць, постаць, выгляд’, ’поза, становішча цела’, ’сувой сукна такой даўжыні, якой ён выходзіць з варштату’, постав ’тс’, рус. ніжагар. постав ’стан, абрысы цела па росту, паводле статнасці’, ’талія, будова цела’, польск. postawa ’пастава цела’, ’пазіцыя, кірунак’, ’гордасць, пыха’, ’фігура; знешні выгляд’, postaw ’скрутак сукна’, ’аснова ткання (пража)’, ’60 пасмаў пражы’, н.-луж. postawa ’станіна’, ’падстаўка’, ’фігура’, в.-луж. ’фігура чалавека’, ’скульптура’, чэш. postav ’звой тканіны’, postava ’фігура цела чалавека’, ’літаратурны персанаж’, славац. ’тс’, ’асоба’, славен. postáva ’фігура, рост чалавека’, ’закон’, серб.-харв. по̏става ’падкладка (адзення)’, макед. постава ’тс’, ’вокладка’. Прасл. postava ’нешта пастаўленае, якое стаіць’, паводле Скока (3, 330), з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем, гэтаксама і postavъ ’скрутак сукна’, параўн. прасл. postaviti > бел. паставіць ’пабудаваць’, ’прызначыць на пасаду’, ’натапырыць поўсць’, ’даць адпачыць’, ’паставіць на стол’, ’змясціць, пакласці’ (ТСБМ), паста́віцца ’арганізавацца, стаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да ста́віць, стая́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казяло́к1 ’расліна Tragopogon pratensis’ (Дэмб., Касп.). Дакладная паралель ва ўкр. козелок ’некаторыя віды Tragopogon’. Рус. маск. козёлик і дыял. козелька ’розныя віды казлабародніку’. Здаецца, ёсць падставы лічыць гэту назву ўсх.-слав. Да бел. і ўкр. можна дадаць яшчэ рус. ніжнегар. козелок ’расліна Sonchus oleraceus’. Гэтыя расліны не вельмі падобныя, аднак падабенства можна ўбачыць у істотных дэталях іншай расліны (Sonchus arvensis), апрача таго, можна меркаваць і аб функцыянальным пераносе (ядомыя расліны). Ва ўсякім разе фармальна ўсх.-слав. характар слова рус. прыкладам не столькі даводзіцца, колькі падмацоўваецца, бо няма падстаў лічыць бел. фіксацыі залежнымі ад укр. матэрыялу. Мяркуем, што ў даным выпадку для назвы расліны быў ужыты заонім казялок ’казляня’.

Казяло́к2 ’жалезная падстаўка ў выглядзе трыножніка’ (карэліц., нясвіж., Нар. словатв.). Укр. козелець ’штатыў у вітушцы’, усх.-палес. козлік, козюлок ’вітушка’, рус. халмаг., арханг. козелок ’некалькі калоў, жэрдак, пастаўленых разам у шацёр’, арханг. козёл (козлы) ’бярвенні, пастаўленыя ў піраміду для прасушкі’, козла ’трыножнік з жэрдак, палак для вогнішча’ (перм.); бел. канкрэтная (мясцовая) рэалізацыя, магчыма, усх.-слав. тэрміна для розных невялікіх перакрыжаваных (козлы) канструкцый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)