Казю́лькі1 ’козлы для пілавання дроў’ (Бяльк.). Рус. пск., асташ., цвяр. козюльки ’тс’; гэта ж структура з тыповым для семемы ’козлы’ развіццём значэнняў сустракаецца і ў іншых рус. гаворках. Лінгвагеаграфічна — утварэнне ў гаворках усходу Беларусі і роднасных ім рус.; усх.-слав. статуса, відаць, няма. Утворана суфіксальным спосабам ад каза1 (хоць гэта не адзіны варыянт тлумачэння, параўн. інш. роднасныя назвы), матывацыя зразумелая — наяўнасць зааморфнай прыкметы.

Казю́лькі2 ’падстаўкі з бервяна з ножкамі пад пасцельны насціл’ (Касп.). У рус. гаворках Літвы казюльки ’тс’ статус няясны. Паколькі ножкі ў падстаўцы збіваюцца крыж-накрыж, можна думаць, што тут рэалізацыя тэрміна козлы, параўн. папярэдняе слова. Менш верагодна думаць, што назва датычыцца бервяна і тут назіраецца субстытуцыя тэрмінаў са значэннямі ’перакладзіна’, ’падстаўка’, як гэта ў выпадках тыпу каза (гл.). Да разглядаемага слова адносіцца, відаць, і адзначанае ДАБМ казю́лькі ’падстаўкі пад стог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)