МЕ́НЗУЛА (лац. mensula столік),
палявы чарцёжны столік для мензульнай здымкі. У камплекце з кіпрэгелем выкарыстоўваецца для складання плана (карты) мясцовасці графічным метадам. Складаецца з дошкі (планшэта) памерам 60 × 60 см, падстаўкі і штатыва (гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты). Падстаўка служыць для мацавання планшэта з паперай, на якой вычэрчваюць план, да галоўкі штатыва. Для арыенціроўкі планшэта выкарыстоўваюць арыенцір-бусоль.
Р.А.Жмойдзяк.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЕЛІ́Р (ад франц. niveler выраўноўваць),
геадэзічная прылада для вызначэння перавышэнняў пры геаметрычным нівеліраванні. Паводле дакладнасці Н. падзяляюць на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Канструктыўна адрозніваюць Н. оптыка-мех. і лазерныя. Асн. ч. оптыка-механічных Н. — зрокавая труба, цыліндрычны ватэрпас (аптычны кампенсатар) для прывядзення візірнай восі ў гарыз. становішча і падстаўка. Лазерныя Н. дадаткова маюць аптычны квантавы генератар, які выпрацоўвае візірны лазерны прамень. Існуюць таксама Н. з аўтам. апрацоўкай інфармацыі на ЭВМ. Гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты.
П.П.Явід.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)