хада́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць — ісці (у 1 знач.). Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры. Крапіва.

2. Уласцівая каму‑н. манера хадзіць; паходка. Хоць дзяўчына была далекавата, .. [Леанід] пазнаў: гэта Алечка! Пазнаў па лёгкай постаці, па хадзе, сціплай, строгай. Мележ. Голас. [Аўдолі] быў грубы, уладарны, хада размашыстая, як у салдата, і смешна было глядзець, калі яна сваімі кароткімі ножкамі адмервае шырачэзныя крокі. Чарнышэвіч. // (звычайна са словамі «прыспешыць», «паскорыць», «прыбавіць», «прыцішыць» і пад.). Тэмп такога перамяшчэння. Андрэй падумаў, што, мусіць, спяшыць, і прыцішыў хаду. Пташнікаў. // Характар такога перамяшчэння. [Бабрыцкі] выпацкаўся ў торф да калень, замачыў ногі, пад вечар стаміўся і ішоў цяжкай хадою. Дуброўскі. Сымон абагнаў Сцёпку і таропкаю хадою пашыбаваў у бок царквы. П. Ткачоў. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася ад сытасці і, відаць, не хацела ці не магла ўступаць у бойку. В. Вольскі.

3. перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Калонай роўнаю ідуць за днямі дні. Якая стройная хада падзей! Глебка. І хоць Люда сядзела ў пакоі, яна выразна чула гэты вясновы гоман палёў, непераможную хаду вясны па зямлі. Хадкевіч.

•••

Сваёй хадой — тое, што і сваім ходам (гл. ход). Жыццё прывыкла да парадку. Яно сваёй хадой ідзе. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ход, -а і -у, М хо́дзе і (на) хаду́, м.

1. -у, гл. хадзіць.

2. -у, М (на) хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім-н. напрамку.

Сядзець у вагоне па ходу цягніка.

Машына паскорыла х.

3. -у, М хо́дзе, перан. Развіццё, цячэнне чаго-н.

Х. заняткаў.

Х. падзей.

4. -у, М хо́дзе, мн. хо́ды, -аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога, а таксама велічыня гэтага перамяшчэння.

Х. поршня.

Велічыня ходу прэса.

5. -у, М хо́дзе. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм.

Рабочы х. рухавіка.

6. -у, М (на) хаду́. Рабочая частка машыны, механізма (спец.).

Анкерны х. гадзінніка.

7. -у, М (на) хаду́. Тэхналагічны працэс; цыкл (спец.).

Домна на гарачым хаду.

8. -у, мн. хады́, -о́ў. У шахматах, картах і пад.: чарговае выступленне іграка.

Х. пешкі.

Х. козырам.

9. -у, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў, перан. Прыём, манеўр для дасягнення якой-н. мэты.

Дыпламатычны х.

Хітры х.

10. -а, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў. Месца, праз якое ўваходзяць куды-н., уваход.

Пакой з асобным ходам.

11. -а, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў. Месца, па якім ходзяць; шлях, пераход.

Падземны х.

12. -у, мн. хо́ды, -аў, перан. Магчымасць дасягнення чаго-н.

Трэба даваць х. маладым пісьменнікам.

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх-н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння скорасці судна.

Поўны ход! — словы каманды: з гранічнай скорасцю.

На хаду — мімаходам.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, адбываецца што-н.).

Сваім ходам

1) пехатой;

2) работай свайго матора.

|| прым. хадавы́, -а́я, -о́е (да 2, 4 і 6 знач.; спец.).

Дзве хадавыя гадзіны карабля.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Кальчу́га ’даўнейшы воінскі даспех у выглядзе рубашкі з металічных кольцаў’ (ТСБМ). Укр. кольчуга, рус. кольчуга ’тс’, у наўг., раз., валаг., арханг. кольчуг, кольчук, кольчуга ’пакрытая скурай кароткая шуба, накідка, якая быццам бы зберагае ад дзіды, нажа або кулі’, ’звязаная з нітак рыбалоўная снасць’. Адзначаюцца яшчэ кубан. кольчужка ’корань дрэва ў выглядзе кальца, які агаліла цячэнне вады’, ’скрутак вяровак або рамянёў’ (у гаворках другаснага распаўсюджання), алан. кольчужные цепочки ’нашыйнае ўпрыгожанне’. Відавочна, што лексема ў гаворках пашырана мала і неабходна дадаць, што ў большасці выпадкаў фіксуецца ў мове фальклору. Статус бел. і ўкр. слоў наогул няясны. Польск. kolczuga, якое апрача ’даспех’ як быццам мела значэнне ’кальцо’, гл. Слаўскі, 2, 346 (канец XVI ст.), у XV–XVI ст. звычайна zbroja kolcza. У рус. помніках (у форме кол(ь)‑чюга) упершыню адзначаецца ў 1525 г., сустракаюцца і колчюга і колчатыи доспьхъ. Выраз броня кольчата адпавядае грэч. θώραξ ἁλυσιδωτός, гл. у Сразнеўскага, там жа; Шанскі (II, 8, К, 220) мяркуе, што лексема кольчуга магла ўтварыцца ва ўсх.-слав. мовах на базе гэтай структуры. Трубачоў (Дополн., 2, 299) з кароткай спасылкай на Ваяна BSL, 52, 1957, 165, указвае на магчымасць запазычання рус. кольчуга з польск. мовы. Слаўскі (2, 346) лічыць, што польск. kolczuga ўтворана субстантывацыяй пры дапамозе суф. ‑uga ст.-польск. прым. kolczy ’зроблены з металічных кольцаў’ (у XV–XVI стст. фіксуецца zbroja kolcza), якое са ст.-польск. kolce ’кальцо з металу’ (XIV ст.). Што датычыць рэаліі, то яна лічыцца зах.-еўрап. знаходкай, параўн. Sl. staroż. sl., 6, 281, які звязвае яе з кельтамі. Параўн. таксама аргументацыю ў Слаўскага, там жа: ням. Ringel‑panzer ’кальчуга’, с.-в.-ням. rinc, памянш. ringel ’кольца, пярсцёнак, кольца кальчугі’, ст.-в.-ням. hringâ ’кольца кальчугі, кальчуга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

суня́ць, суніму, сунімеш, суніме; зак., каго-што.

1. Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець, плакаць і пад.; супакоіць каго‑н. — Садзіся хто дзе!.. — бегае паміж партамі Алена Антонаўка. Толькі ёй цяжка суняць усіх адразу. Жычка. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Нас абавязвае эпоха Суняць шаленцаў лютых, Каб жыць і кроіць цёплы бохан Без атамнай атруты. Панчанка. — Ціха, не вар’яцей, — паспрабаваў суняць .. [Вабейку] Грыняк. Хадкевіч.

2. Стрымаць, спыніць дзеянне, праяўленне чаго‑н. Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. [Пятрусь] усё ніяк не мог суняць крыві, што цурком лілася з разбітага кассём носа. Крапіва. А цяпер што? Ні яго [маладога], ні пісьма... Як жа ёй [дзяўчыне] слёзы суняць? Танк. Ранічкай і ў кажушку прабірае — дрыжыкі не можа суняць Кучук, рукі пацірае. Лобан. // перан. Стрымаць, супакоіць (якое‑н. пачуццё, унутраны стан і пад.). Хлопцу трывогі нельга суняць, Нельга суняць: Едзе вяселле — дугі звіняць, Дугі звіняць. Гаўрусёў.

3. Спыніць рух, ход каго‑, чаго‑н.; утрымаць на месцы таго (тое), хто (што) рухаецца. Галілей падаўся пад дзверы, але Пацяроб суняў яго велічным рухам рукі. Зарэцкі. Хмялеўскі праехаў з Андрэем з паўвярсты. Тады папрасіў суняць кабылу. Чарнышэвіч. Па загонах трактар ходзіць, не суняць... На плугах адбіткі месяца гараць. Кляўко. // Затрымаць, прыпыніць ход, цячэнне, развіццё чаго‑н. Там гэтак вясной чаромхі цвітуць І гэтак крыніцы звіняць, Што песні самі з сэрца плывуць І іх нічым не суняць. Кірэенка. Але думка мая імкнецца Да цябе, і яе не суняць. А. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рой1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. рои ’замяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

захапі́ць сов.

1. (силой овладеть кем-, чем-л.) захвати́ть;

з. артыле́рыю во́рага — захвати́ть артилле́рию врага́;

2. (взять с собой) захвати́ть;

з. з сабо́й што-не́будзь з ежы — захвати́ть с собо́й что́-л. съестно́е;

3. (увести, унести куда-л.) увле́чь;

цячэ́нне ~пі́ла ло́дку — тече́ние увлекло́ ло́дку;

4. перен. (сильно заинтересовать) захвати́ть, увле́чь;

но́вая ідэ́я ~пі́ла яго́ — но́вая иде́я захвати́ла (увлекла́) его́;

5. заста́ть, захвати́ть, засти́чь, засти́гнуть;

навальні́ца ~пі́ла нас у по́лі — гроза́ засти́гла (захвати́ла) нас в по́ле;

6. перен. (привести в восхищение) увле́чь, восхити́ть, плени́ть;

з. гледачо́ў ігро́й — увле́чь (плени́ть) зри́телей игро́й;

7. (застать) захвати́ть, засти́чь;

з. на ме́сцы злачы́нства — захвати́ть (засти́чь) на ме́сте преступле́ния

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прут1 ’тонкая доўгая палачка, галінка, дубец, розга’, ’доўгі металічны стрыжань’, ’кавалак дроту’, ’вітка’, ’вочап у студні з жураўлём’, ’тупы край касы — патоўшчаная яе частка, супрацьлеглая вастрыю’, ’прут у жолаба навою для прымацавання палатна’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. 2, Сцяшк.; маст., Шатал., ТС; брэсц., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), ’прут у ярме’ (ЛА, 2, 355), пруто́к ’стрыжанёк, на якім абарачаецца цэўка ў чаўнаку’ (Тарн., Бяльк., Янк. 2; Уладз.; лун., в.-дзв., Шатал.), ’адзін рад саломы на страсе’ (ТС), ’кіёк у ніце’ (ТС, Скарбы), ’сухі чалавек’ (полац., Нар. лекс.), пруткі́ ’спіцы для вязання’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк.; віл., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), пруты́ ’жалезныя цягі, якімі злучаюцца ручкі плуга з дышлам’ (Тарн.), прут ’жалезны прут, якім злучаюцца ручкі плуга’ (Смул.), ’металічныя стрыжні ў аснове бараны’ (драг., Выг.; лях., Сл. ПЗБ), ’тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюць упоперак латы пры крыцці саламянай страхі’ (Сцяшк., ТС), пру́цік ’спіца для вязання’ (Мат. Маг.), ’палачка ў бёрдзе’ (віл., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. прутъ ’адзінка вымярэння даўжыні і плошчы’ (гл. падрабязна Скурат, Меры, 24 і наст). Рус. прут ’галінка, дубец, розга; металічны стрыжань, кавалак дроту’, прутки́ ’вязальныя спіцы’, укр. прут ’галінка, дубец’, ст.-рус. прутъ ’прут, дубец’, польск. pręt, палаб. prǫt, в.-луж. prut, н.-луж. pšut, чэш. prut, славац. prút, серб.-харв. пру̑т, славен. prọ̑t, балг. прът ’прут’. Прасл. *prǫtъ, паводле Фасмера (3, 390) і Брукнера (436), роднаснае слав. *prǫdъ‑цячэнне’ (гл. пруд) з першасным значэннем ’галінка’, параўн. у семантычных адносінах рус. побе́г ’ветка; парастак’ ад бежа́ть. У і.-е. мовах у якасці роднасных прыводзяцца ст.-ісл. spretta ’ўскокваць, пырскаць, прарастаць’, англ. sprint ’мчацца’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць’ і да т. п. Менш верагодныя параўнанні з рус. пря́тать (бел. пра́таць), (Брукнер, 436; Праабражэнскі, 2, 145 і наст.); з рус. прыть, пры́ткий (Брукнер, 436), з польск. promień (Петарсан, BSL, 82). Інакш таксама Махэк₂ (488), які параўноўвае *prǫtъ з чэш. prtiti ’ўсходзіць вясной з зямлі (аб траве)’ і да т. п.; з’яўленне насавога галоснага ён тлумачыць “афектаваным” характарам слова, якое прывяло да падваення зычнага ў канцы слова: *prъttъ > prъntъ > prątъ, што вельмі штучна. Гл. Шустар-Шэўц, 2, 1164; ЕСУМ, 4, 617; БЕР, 5, 831; Банькоўскі, 2, 776. Гл. яшчэ прэнт. Аб пруто́к у ткацкай тэрміналогіі гл. Трубачоў, Этимология–1963, 20.

Прут2 ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, камент., 872), ’укладка посуду аднаго ў адзін’ (Вярэн.). Да прут1; гэтыя значэнні можна вывесці з ’рад, роўны, як прут’; параўн. прут1 ’рад саломы на страсе’, а таксама пакладка на прост (пад прост1).

Прут3 ’згуба, пагібель, смерць’ (капыл., Нар. словатв.). Адваротны дэрыват ад пруцяне́ць, апруцяне́ць (гл.). Параўн. яшчэ паралельныя ўтварэнні апру́да ’смерць’, апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retasцячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)