Кальчу́га ’даўнейшы воінскі даспех у выглядзе рубашкі з металічных кольцаў’ (ТСБМ). Укр. кольчуга, рус. кольчуга ’тс’, у наўг., раз., валаг., арханг. кольчуг, кольчук, кольчуга ’пакрытая скурай кароткая шуба, накідка, якая быццам бы зберагае ад дзіды, нажа або кулі’, ’звязаная з нітак рыбалоўная снасць’. Адзначаюцца яшчэ кубан. кольчужка ’корань дрэва ў выглядзе кальца, які агаліла цячэнне вады’, ’скрутак вяровак або рамянёў’ (у гаворках другаснага распаўсюджання), алан. кольчужные цепочки ’нашыйнае ўпрыгожанне’. Відавочна, што лексема ў гаворках пашырана мала і неабходна дадаць, што ў большасці выпадкаў фіксуецца ў мове фальклору. Статус бел. і ўкр. слоў наогул няясны. Польск. kolczuga, якое апрача ’даспех’ як быццам мела значэнне ’кальцо’, гл. Слаўскі, 2, 346 (канец XVI ст.), у XV–XVI ст. звычайна zbroja kolcza. У рус. помніках (у форме кол(ь)‑чюга) упершыню адзначаецца ў 1525 г., сустракаюцца і колчюга і колчатыи доспьхъ. Выраз броня кольчата адпавядае грэч. θώραξ ἁλυσιδωτός, гл. у Сразнеўскага, там жа; Шанскі (II, 8, К, 220) мяркуе, што лексема кольчуга магла ўтварыцца ва ўсх.-слав. мовах на базе гэтай структуры. Трубачоў (Дополн., 2, 299) з кароткай спасылкай на Ваяна BSL, 52, 1957, 165, указвае на магчымасць запазычання рус. кольчуга з польск. мовы. Слаўскі (2, 346) лічыць, што польск. kolczuga ўтворана субстантывацыяй пры дапамозе суф. ‑uga ст.-польск. прым. kolczy ’зроблены з металічных кольцаў’ (у XV–XVI стст. фіксуецца zbroja kolcza), якое са ст.-польск. kolce ’кальцо з металу’ (XIV ст.). Што датычыць рэаліі, то яна лічыцца зах.-еўрап. знаходкай, параўн. Sl. staroż. sl., 6, 281, які звязвае яе з кельтамі. Параўн. таксама аргументацыю ў Слаўскага, там жа: ням. Ringel‑panzer ’кальчуга’, с.-в.-ням. rinc, памянш. ringel ’кольца, пярсцёнак, кольца кальчугі’, ст.-в.-ням. hringâ ’кольца кальчугі, кальчуга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)