сту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да стукнуць (у 1–3 знач.).

2. Рабіць стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць са стукам. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Гаспадыня вынесла ў сенцы талеркі, графінчык, нешта рабіла там, тупала, стукала посудам. Арабей. / Пра механізмы і іх часткі. Ля клуба стукаў рухавік. Пташнікаў. У .. цішыні неяк ненатуральна гучна стукаюць ходзікі — нібы падкрэсліваюць імклівасць кожнай хвіліны. Шыловіч. / Пра аўтаматычную зброю. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Чорны. / Пра сэрца, пульсуючую кроў. Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаркі] разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Колас. // безас. Пра адчуванне шуму, штуршкоў, удараў (у галаве, вушах і пад.) пры моцна пульсуючай крыві. У скронях стукала, як малаткамі. Лобан.

3. Удараць (у дзверы, акно і пад.), стукам выказваць просьбу ўпусціць куды‑н. Ціток стукаў у бляшаны верх кабіны і прасіўся: — Дай ногі выпрастаць. Ды перакусім. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увалі́ць 1, увалю, уваліш, уваліць; зак.

1. што. Укінуць, унесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уваліць камень у канаву. Уваліць мяшок жыта ў сенцы. // Разм. Усыпаць што‑н. адразу, у вялікай колькасці. Уваліць шчэбень у яму. // Вывезці на поле ў вялікай колькасці для ўгнаення глебы. Столькі гною ўвалілі пад азімыя.

2. што. Увагнуць, уціснуць унутр чаго‑н., зрабіць упалым. Уваліць страху.

3. што. Разм. Праваліць, абваліць; абрушыць што‑н. унутр чаго‑н. Такой жа моцы і столь: за метровай мураванай кладкай падвешан пераплёт сталёвых прутоў, залітых цэментам .. Вось чаму бомбы ўвалілі столь толькі там, дзе ўпалі. Лужанін.

4. без дап. Разм. Увайсці, убегчы гуртам, натоўпам, неарганізавана. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей. Шамякін.

5. Разм. Моцна пабіць. Яму так увалілі, што ледзь жывы.

6. Разм. З’явіцца, сесці (аб фурункуле, скуле і пад.). Скула ўваліла.

7. Спец. Адхіліць ад якога‑н. кірунку, курсу. Уваліць нос карабля пад вецер.

увалі́ць 2, увалю, уваліш, уваліць; зак., што.

Апрацаваць сукно, шэрсць валеннем. Уваліць лямец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ззяць1 ’быць адкрытым (пра адтуліну)’. Рус. зия́ть, укр. зя́яти, зія́ти ’тс’; польск. ziać ’цяжка дыхаць’, ’ззяць’, чэш. zeti, záti ’ззяць, глядзець’, славац. ziať ’ззяць, адкрыць рот (пра жывёл)’, славен. zijáti ’трымаць рот адкрытым, крычаць’, серб.-харв. зѝјати ’тупа глядзець, пазяхаць’, ’мець вялікую адтуліну’, балг. зѐя ’быць адкрытым (аб дзвярах, труне, ране)’, макед. зјае ’быць адкрытым’. Ст.-слав. зиꙗти. Ст.-рус. зияти ’раскрывацца; раскрываць вусны’. Прасл. zьj‑a‑ti < zĭi̯‑a‑, адна з умлаўтных форм і.-е *gʼhei‑ ’быць пустым’, літ. žióti ’раскрываць рот’, лат. žavât ’тс’, ст.-інд. vi‑haya ’пустата’, лац. hio, ст.-в.-ням. geinōn, ginen ’ззяю’, грэч. χαίνω, χάσκω ’ззяю, пазяхаю’. Фасмер, 2, 98; Шанскі 2, З, 93; БЕР, 1, 638; Скок, 3, 656; Махэк₂, 711; Траўтман, 368; Покарны I, 419 (без слав. прыкладаў). Гл. зяваць.

Ззяць2 ’ярка свяціць’. Рус. сия́ть, перм., вят., свярдл., табол., том. зьять, зья́яти, зия́ть, укр. ся́яти, ся́ти ’тс’, славен. sijati, серб.-харв. сѝјати, sjȁti, балг. сия́я. Ст.-слав. сиꙗти. Ст.-рус. сияти. Бел. (і рус. дыял.) форма мае звонкае з замест этымалагічнага c, верагодна, пад уплывам ззяць1, у выніку кантамінацыі (’быць адкрытым’ ’свяціць’). Параўн. зіхацець і зяхаць. Прасл. sьjati < sĭi̯‑a‑ належыць, відавочна, да і.-е. *skʼĩ‑ (і інш.) ’ясны; цень’, адкуль і sěnь (гл. сенцы); лат. seja ’цень, адлюстраванне, твар’ (?), гоц. skeirs ’ясны’, skeinan ’свяціць, блішчаць’, ням. scheinen ’тс’, ст.-грэч. σκιά ’цень’. Фасмер, 3, 629–630; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 300; Скок, 247–248; Траўтман, 304; Мюленбах-Эндзелін, 3, 96; Покарны, 1, 917–918.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уляце́ць, улячу, уляціш, уляціць; зак.

1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. □ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.

2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.

3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.

4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.

•••

Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыха́нне, ‑я, н.

1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Чарнышэвіч. // Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне. Ракітны. // Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч.

2. перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка. Шамякін. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў. Шыцік. // Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону. Гамолка.

•••

Штучнае дыханне — сістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.

Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.

Дыханне заняло (захапіла, перахапіла) гл. заняць.

Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла. Ставер.

Затаіць дыханне гл. затаіць.

Перавесці дыханне гл. перавесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штык 1, ‑а, м.

1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.

2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.

•••

Прымкнуць штык гл. прымкнуць.

Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.

Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.

Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).

[Ад польск. sztych.]

штык 2, ‑а, м.

Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.

штык 3, ‑а, м.

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцень ’прывід’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Барад.), ’цень’ (Нас., ТСБМ, Бяльк.; рас., Варл.; мёрск., слаўг., ЛА, 1; глыб., барыс., Сл. ПЗБ), ’цень ад чалавека’: чалавек стаіць і яго сцень (Шн. 2, ЛА, 1), сьцені свое боіцца (Бяльк.), ’міфічная істота’ (ушац., ЛА, 1), ’хвароба ад спалоху’ (Касп.), ’хвароба з трызненнем’ (Шн. 3), ’хвароба ўласнага ценю’ (Рам. 5, Мат. Маг.), ’хто вельмі худы’ (мёрск., З нар. сл.; шуміл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣнь ’здань, прывід’. Рус. дыял. стень ’цень’, ’душа чалавека’, ’дзіцячая хвароба’, таксама стинь, стараж.-рус. стѣнь ’цень, прывід’, польск. дыял. pościen ’цень чалавека’, чэш. stín ’цень’, славац. stieň ’тс’, в.-луж. sćin ’тс’, ст.-слав. стѣнь ’цень’. Этымалогія няпэўная. Прасл. *stěnь разглядаюць як вынік кантамінацыі *sěnь (сені) і *temnь, гл. цемень (Слаўскі, 1, 100), або выводзіцца з *scěn‑ < і.-е. *skoi‑ ’слаба свяціць, цень, водбліск’ (Шустар-Шэўц, 1277). Параўноўвалі з грэч. σκιᾱ́ ’цень’, ст.-інд. chãyã ’бляск’; як зыходнае прапаноўвалі *skoini‑ і *sḱoini‑ (гл. сень у сенцы); гл. Міклашыч, 411; Младэнаў, 626. Па іншай версіі набліжэнне да сень другаснае, у выніку кантамінацыі сень і цень; гл. Фасмер, 3, 755 з літ-рай. Махэк₂ (578) рэканструюе прасл. *scěnь, адкуль выводзіць і сень, і цень, якія, апрача грэч. і ст.-інд., параўноўвае яшчэ са ст.-норд. skuggi ’цень; прывід’, нарв. skugge ’цень’, швед. skugg ’тс’, а таксама з ням. Schein ’зара, свет; падман, ілюзія’. Аткупшчыкоў (Из истории, 237–238) ст.-слав. стѣнь суадносіць са ст.-слав. стѣна як асновы на ‑i‑ і на ‑ã‑: *stegsnis/*stegsna з першасным значэннем ’накрытае месца’. Спробы звязаць са славен. stȇnj ’кнот’ гл. у Сной₂, 698; Куркінай, Этимология–1986–1987, 75–76. Гл. таксама Свяжынскі, БЛ, 13, 70; Жураўлёў, Язык и миф, 408.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́ба 1, ‑ы, ж.

1. Матчына або бацькава маці. Хто бабе не ўнук? Прыказка.

2. Старая жанчына наогул. Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы. Якімовіч.

3. Разм. Замужняя жанчына. Шнуруюць бабы і дзяўчаты І кантралююць мох узняты. Колас. // Разм. Жанчына наогул. [Цёця Каця:] Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству. Крапіва. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. // Разм. Жонка. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сцяпана, вачыма сядзела ў перадку. Брыль.

4. Разм. уст. Тое, што і бабка ​1 (у 3 знач.). За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька. Крапіва.

5. перан. Разм. іран. Пра цікаўнага, балбатлівага або з нерашучым характарам мужчыну. Тут на платформу ўзляцела Дзяўчына: — Бачылі? Баба ты, а не мужчына! Смагаровіч.

•••

Каменная баба — старажытны статуй з каменю.

Снегавая баба — злепленая з снегу чалавечая фігура.

Агонь-баба — энергічная жанчына.

Баба-яга — а) у казках славянскіх народаў — злая вядзьмарка; б) пра злую, старую жанчыну.

Базарная баба — сварлівая, грубая жанчына.

Бой-баба — мажная, з шумлівым характарам жанчына.

Хват-баба — увішная, заўзятая ў працы жанчына.

ба́ба 2, ‑ы, ж.

Ручная або механічная прылада для забівання паляў і для іншых мэт.

ба́ба 3, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 3 знач.).

ба́ба 4, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́лы, ‑ая, ‑ае; гол, ‑а.

1. Не прыкрыты адзеннем, не апрануты. Голыя рукі. □ У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Адрозніць начальнікаў ад падначаленых у рухлівым натоўпе да пояса голай, загарэлай і запыленай моладзі — амаль немагчыма. Брыль. // Разм. Бедны. Гулялі, пакуль голыя сталі. Прыказка.

2. Пазбаўлены расліннага або валасянога покрыва (пра дрэвы, часткі цела і пад.). Дрэвы стаялі голыя — і тыя, што былі апалены, і тыя, што заставаліся цэлымі. Якімовіч. Круглым голым тварам [мандарын] нагадваў старую бабу, нягледзячы нават на вузенькую сівую казліную бародку. Маўр. // Пазбаўлены расліннасці, пустынны (пра мясцовасць). Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі. Краўчанка.

3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты. Голыя сцены. □ [Нявада] зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок. Чорны. Уцякала Бандароўна Ды паміж платамі, А за ёю тры гайдукі З голымі шаблямі. Купала.

4. Разм. Без ніякіх дадаткаў, прымесей; чысты. Голы пясок.

5. перан. Разм. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, дадаткаў і пад. Голыя лічбы. □ Засяроджанне ўвагі толькі на ідэйным баку твора без уліку яго мастацкай формы мімаволі вядзе да голых сацыялагічных разважанняў. Шкраба.

•••

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Гол як сакол — дужа бедны, нічога не мае.

Голаму разбой не страшан гл. разбой.

Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.

Голы як бубен — пра голае, без расліннасці, выбітае месца.

Голы як стары венік — тое, што і голы як бізун.

З голымі рукамі гл. рука.

На голым месцы гл. месца.

Свяціць голым целам гл. свяціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.

2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.

3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.

4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)