дыха́нне, ‑я, н.
1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Чарнышэвіч. // Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне. Ракітны. // Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч.
2. перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка. Шамякін. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў. Шыцік. // Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону. Гамолка.
•••
Штучнае дыханне — сістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.
Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.
Дыханне заняло (захапіла, перахапіла) гл. заняць.
Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла. Ставер.
Затаіць дыханне гл. затаіць.
Перавесці дыханне гл. перавесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)