Капе́ц, копе́ц ’куча агародніны, накрытая ад дажджу і марозу саломай і прысыпаная зверху зямлёй’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Яўс., Бір. Дзярж., Сцяшк., Рам. 7; Яшк.; слуц., Лекс. і грам.; чэрв. Сл. паўн.-зах.; бялын., Янк. Мат., Янк. I); ’курган, магільны насып’ (Янк. I; паст., навагр., шчуч., пух., Сл. паўн.-зах.; Серб., Грыг., Яруш., Касп., Мал., Гарэц., ТСБМ); ’насып са слупам як межавы знак’ (Касп., Яруш., Гарэц., лід., в.-дзвін., паст., Сл. паўн.-зах.; ТСБМ), копэ́ц ’мурашнік’ (лунін., Шатал.), капе́ц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.); ’кратавінне’ (беласт., ганц., Сл. паўн.-зах.); капе́ц//капцы́ ’смерць, пагібель, канец’ (ТСБМ, Некр., Янк. БФ, Сержп., Яўс., Бір. Дзярж., Янк. I); капе́чышча ’месца, дзе быў капец бульбы, буракоў’ (Яшк.). Прасл. kopьcь ’насып, куча, узгорак’ — памяншальнае ад коръ < kopati > капа́ць (гл.) (прыклады і этымалагічную літ-ру гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 38–40 і 28). Параўн. таксама бел. драг. скопэ́ц ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іна́кш прыслоўе ’іншым спосабам, па-другому, не так’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Касп., Шат.), ина́к (Нас.), іна́чай (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), на́чэ (лельч., Нар. лексіка, 132). Рус. ина́че, дыял. ина́ко, укр. іна́к, іна́ко, іна́кше, польск. inaczej, уст. і дыял. inak, в.-луж. hinak, н.-луж. hynak, hynacej, чэш. jinak, jináč, славац. ináč, inak, inakšie, славен. inako, серб.-харв. и̏на̄ко, и̏на̄че, балг. и́нак, и́наче, макед. инаку. Ст.-слав. инако, ст.-рус. инакъ, инако, иначе, ст.-бел. иначеи (Скарына). Прасл. *jьnako, *jьnakje ад *jьnakъ ’іншы’ (гл. інакшы, іншы). Фасмер, 2, 130; Шанскі, 2, I, 65–66; Трубачоў, Эт. сл., 8, 230; Слаўскі, 1, 456. У бел. інакш ‑ш‑ з суфікса вышэйшай ступені. Лексема іначай сфарміравалася, відаць, пад уплывам польскай формы з суфіксальным ‑ějь. Сюды ж іна́чыць ’рабіць інакшым, другім; змяняць’ (ТСБМ, Нас.), дыял. іначасць (у «Соках цаліны» Ц. Гартнага; Гіст мовы, II, 238).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рацца, по́рыцца ’працаваць у хаце, па гаспадарцы’ (нараўл., Арх. ГУ; Сл. Брэс., Ян., ТС; брагін., Нар. словатв.), ’корпацца’ (Мат. Гом.), по́ранне ’работа на гаспадарцы’ (Ян.). Прасл. *porati sę ’знаходзіцца ў руху’, параўн. укр. по́ратися ’працаваць, гаспадарыць, прыбіраць’, польск. porać się ’клапаціцца, круціцца ў працы, рабіць старанна і доўга’, чэш. párati se ’рабіць чорную, брудную работу’, чэш. дыял. párat se ’капашыцца, працаваць павольна’. Казлова (Регионализмы, 11) выводзіць з прасл. дыял. *porati ’дзейнічаць, рабіць’, рэканструяванага на базе н.-луж. poraś ’прывесці ў рух’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 168); параўноўваюць з рус. отпо́р ’адпор, супраціў’, порно́й ’моцны, здаровы’, што ўзыходзіць да *perti (гл. перці), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1134. Куркіна (Этимология–1994–1996, 53) выводзіць з *porati, ітэратыў да *porti ’пароць’ з далейшым развіццём ’нешта рабіць, займацца, корпацца’, што падаецца больш верагодным. Банькоўскі (2, 703–704) польск. porać się ’працаваць па дому’ лічыць запазычаннем з усх.-слав. Гл. таксама поркацца, поркаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршань ’дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара’ (ТСБМ). Як тэхнічны тэрмін, імаверна, з рус. поршень ’тс’. Праабражэнскі (2, 111) звязвае з семантычным гняздом рус. по́рхать (гл. таксама КЭСРЯ, 357), можа, у сувязі з функцыяй помпы ці распыляльніка, што, аднак, няпэўна. Трубачоў у Фасмера (3, 337) не бачыць падстаў аддзяляць ад по́ршень ’сялянскі абутак з аднаго кавалка скуры’, гл. поршні. Можна выказаць здагадку пра зыходнае *порушень, што ад рухаць, рухацца, параўн. варыянтныя назвы абутку рус. дыял. поршень/порушень/порошень. Адсюль варыянт поршань як дэталь рухавіка, звязаны з рухам, а не з распырскваннем. Параўн. бел. пару́ханы ’ўзняты, патурбаваны’, пару́хлівы ’рухлівы, хуткі’, паруша́цца ’рухацца з месца’, пару́шыць крануць, зрушыць, пасунуць’ (Байк. і Некр.), славен. porušenje ’тачэнне’ і ’тачылка’. Тады *po‑rux‑ěnь ’тое, што рухаецца, соўгаецца, хутка працуе’, параўн. літ. rušus/ruošus дзейны’, raũsti ’рыць, капацца’, лат. rušinât ’тс’, rùoss ’рухлівы, спраўны’, нова-в.-ням. дыял. ruscheln ’хутка працаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навушча́ць ’падбухторваць’ (калінк., Арх. ГУ). Укр. науща́ти ’навучаць, настаўляць; падгаворваць, падбухторваць’, рус. науща́ть ’падбухторваць’; усе са спалучэння на+усти (Фасмер, 3, 49), гл. вуста, што добра відаць у формах закончанага трывання: ст.-рус. наустити, рус. наустить ’угаварыць, падбухторыць’, укр. наусти́ти ’падвучыць, падбухторыць’, семантычнае развіццё, відаць, ад ’пастаянна мець на вуснах’ — ’угаворваць’, як у рус. внушать ’намаўляць’, літаральна ’ўкладваць у вушы’. Не выключана сувязь з вуськаць ’падбухторваць; цкаваць’ (Яўс.), якое выводзяць з вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’ (што ў сваю чаргу з кусь ’тс’, гл. ЭСБМ, 2, 234) ці рус. науськать ’намовіць; паслаць’, якое Фасмер (там жа) лічыць расшырэннем з наустить; блізкасць беларускага і рускага слоў прымушае не пагадзіцца з апошнім меркаваннем, хутчэй за ўсё гэта другаснае збліжэнне, таксама як і збліжэнне з навучаць, што паўплывалі на семантыку слова. Роднаснае літ. äuscioti ’балбатаць, шаптаць’∼прасл. *ustjati, гл. Трубачоў, Проспект, 36; Мартынаў, Лекс. Палесся, 14.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дол1 ’ніз, зямля’. Прасл. *dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус. дол, укр. діл, чэш. důl, польск. dół, балг. дол, ст.-слав. долъ. Лічыцца роднасным з гоц. dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл. dalr, ст.-в.-ням. tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).

Дол2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск. dół (прасл. *dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел. дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел. мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драбі́ны1 ’драбіны, лескі’ (БРС, Касп., Байк. і Некр., Сл. паўн.-зах.), драбіна ’тс’ (Касп., Шат., Сцяшк.). Укр. драби́на. Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. drabina ’тс’ (аб запазычанніз польск. ужо ў Брукнера, 94). Паходжанне польск. слова не вельмі яснае (меркаванні гл. у Брукнера, там жа; Бернекера, 1, 219). У бел. помніках няма (няма, прынамсі, у Булыкі, Запазыч.). Сюды ж і драбі́ны ’воз; рашотка ў возе’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. драби́на ’рашотка ў возе, яслях’, драбча́стий віз, драбиня́стий віз і да т. п. Можна меркаваць, што гэта другое значэнне таксама ўзята з польск. мовы. Параўн. польск. wóz drabny (ужо ў 1584 г., гл. Брукнер, 94), wóz drabiniasty (там жа). Трубачоў (Эт. сл., 5, 101) зыходзіць з прасл. *drabъ (звязанага, як ён мяркуе, з прасл. *dьrati) і пад гэтай праформай аб’ядноўвае вялікую групу слоў з рознай семантыкай.

Драбі́ны2 ’воз; рашотка ў возе’. Гл. драбіны1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бог. Рус. бог, укр. біг, польск. bóg, чэш. bůh, ст.-слав. богъ, балг. бог, серб.-харв. бо̑г і г. д. Прасл. *bogъ. Роднасныя словы перш за ўсё ў інда-іран. мовах: ст.-інд. bhágas ’той, хто абдорвае, дае даброты, уладыка’, ст.-іран. baɣa ’бог’, ст.-перс. baga‑ (ст.-інд. bhájati ’дае, дзеліць’, грэч. φαγεῖν ’есці’). Першапачатковае значэнне ’той, што надзяляе’. Параўн. ст.-інд. bhágaḥ ’багацце; шчасце’, ст.-іран. baɣa‑, baga‑ доля’. Версію аб запазычанні прасл. слова з іран. моў фанетычна давесці немагчыма (а толькі з культ.-гіст. меркаванняў). Бернекер, 67; Траўтман, 23; Праабражэнскі, 1, 33; Слаўскі, 1, 40; Машынскі, Pierw., 92; Фасмер, 1, 181–182. Гл. яшчэ Meriggi, ЗФЛ, VIII (1965), 43; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 202; Жукуа, Sprache, 11, 131 і наст. Падрабязна Трубачоў, Этимология, 1965, 25–31, які мяркуе, што пакуль няма даных, каб адказаць на пытанні, ці запазычана слав. bogъ з іранскага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: о́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)