струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.

2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.

3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ре́зать несов.

1. в разн. знач. рэ́заць;

ре́зать мета́лл рэ́заць мета́л;

ве́тер ре́жет лицо́ ве́цер рэ́жа твар;

его́ го́лос ре́жет слух яго́ го́лас рэ́жа слых;

2. (убивать) рэ́заць; (свиней) кало́ць;

ре́зать пра́вду (в глаза́) рэ́заць пра́ўду (у во́чы);

ре́зать глаза́ рэ́заць во́чы;

по живо́му ре́зать па жывы́м рэ́заць;

без ножа́ ре́зать (кого) без нажа́ рэ́заць (каго);

у́хо (у́ши) ре́жет (дерёт) ву́ха (ву́шы) рэ́жа (дзярэ́);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Брэд1 ’вастрыё нажа’ (Касп.). Мабыць, з брыд. Тое ж самае, што і брыд ’рабро дошкі’, брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.). Да слав. *bridъ (гл. бры́дкі) у яго першасным значэнні ’востры’. Але параўн. у рус. гаворках бре́дко праціўна’ (перм., валаг.), бре́дкий ’востры’ (алан., перм.): сабля бредкая, нож бредкый. Разам з бел. брэд, відаць, нейкія гіперкарэктныя формы (да *bridъ).

Брэд2, брэднік ’вярба, Salix L.’ (Кіс., Інстр. II, КЭС, лаг.), брадзі́ніна ’тс’ (Касп.). Рус. бред, бреди́на ’тс’. Укр. дыял. (аколіцы Адэсы) бредына ’Salix Caprea L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 323; няпэўна, бо ў іншых месцах, здаецца, няма). Фасмер, 1, 210 (услед за Бернекерам, 83), бачыць сувязь з *bresii *bredǫ ’брадзіць’, таму што вярба расце на вільготных месцах (Фасмер прыводзіць і паралель: укр. бредуле́ць ’багульнік, багна, Ledum palustre L.’; але гэта памылка: укр. слова з рум. brăduleţ, гл. падрабязна Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 128; раней аб гэтым і Крынжалэ). Іншыя версіі: 1) роднаснасць з алб. breth, bredhi ’ель’; 2) *brědъ (такая праформа ў Сабалеўскага, Slavia, 5, 440) мае сувязь з чэш. jabřadek, польск. jabrząd (параўн. да гэтага Траўтман, 36); 3) Машынскі (Pierw., 240) зыходзіць з назвы колеру прасл. *bred‑: *brod‑ (*bronъ ’бялявы, светлы’, параўн. ст.-інд. bradhnáḥ). Параўн. яшчэ бро́днік ’вярба’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзяржанне, дзяржальна, ручка / у нажа ці відэльца: тронак / у касы: кассё, касаўё, касавільна / у грабель: грабільна / у пугі: пугаўё, пужальна / у цэпа: цапільна / у вуды: вудзільна / у сцяга: дрэўка / у шаблі: эфес; дзяржанка, дзяржак, дзержанок (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

штык 1, ‑а, м.

1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.

2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.

•••

Прымкнуць штык гл. прымкнуць.

Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.

Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.

Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).

[Ад польск. sztych.]

штык 2, ‑а, м.

Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.

штык 3, ‑а, м.

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Забіць нажом, кінжалам і пад. Генрык Візэнер спыніў абстрэл, агідліва плюнуў, выцер хустачкай рукі, нібы сам ён уласнымі рукамі зарэзаў усіх гэтых людзей, што засталіся ляжаць на полі. Шамякін. // Забіць на мяса (свойскую жывёліну). Зарэзаць парсюка. // Разм. Загрызці (пра драпежных жывёл). Васіль.. гаварыў, што ў Хвойным воўк сярод белага дня зарэзаў авечку. Мележ.

2. Разм. Зрабіць зарэзку, выемку на чым‑н. Зарэзаць вугал у бервяне.

3. Зрабіць зарэз, надрэз глыбей або далей, чым трэба. Зарэзаць за лінію. □ — А вось ты, браток, — звяртаецца [Дзераш] да аднаго хлапца, што рабіў зарубку шпал, — не гэтак робіш. Вунь глядзі: зарэзаў нажоўкай зашмат. І нахіл у зарубцы не такі зрабіў — не роўны. Трэба ж на адну дваццатую рабіць, як вучыў... Шынклер.

4. перан. Разм. Паставіць у бязвыхаднае становішча, зрабіць непрыемнасць; загубіць. [Баяновіч:] У нас была надзея, што Азорыч Дастане весткі, выручыць з бяды... Зарэзаў ён мяне! Глебка.

5. перан. Разм. Даўшы нізкую ацэнку (твору), не дапусціць да друку. Зарэзаць кнігу. Зарэзаць артыкул. // Паставіць дрэнную адзнаку на экзамене. Зарэзаць на экзаменах.

•••

Без нажа зарэзаць — дапячы каму‑н. прыдзіркамі, папрокамі, загадамі; зрабіць невыносным становішча.

Хоць зарэж(це) — што б там ні было, ні ў якім разе. — Не, і на такі крок я не здольны. Хоць зарэж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Брыж1 ’рабро дошкі’ (Інстр. II, таксама брыд), ’востры край, вугал граняў’ (Нас., Бяльк., Гарэц.). Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 18–19) лічыць, што гэта словы (толькі беларускае) на слав. глебе не этымалагізуецца і таму з’яўляецца запазычаннем з балт. моў (літ. brỹžis ’рыса, лінія’; да літ. слова гл. Фрэнкель, 1, 56). Этымалогія, бясспрэчна, няправільная. У гэтым жа значэнні ўжываецца і брыд. Як вядома, слав. *bridъ (утворанае суфіксам ‑d‑ ад *bri‑ti) азначала і востры’. Параўн. рус. дыял. бри́дкий, бри́ткий ’востры’ (пра інструменты), ст.-чэш. břidký ’востры’ (břidký meč), чэш. břitký ’тс’, серб.-харв. бри̏дак ’востры’ (бритка cабља) і г. д. (прыклады гл. Бернекер, 86; Гебаўэр, Sl. stč., 103; Махэк₂, 73; Слаўскі, 1, 47). Брыж з’яўляецца j‑вым варыянтам да брыд ’тс’ (адносна форм на ‑j‑ параўн. славен. brȋja (*bridja) горкасць’). Параўн. яшчэ брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.), брэд ’вастрыё нажа’ (гл.). Сюды ж, напэўна, і брыж ’венца посуду’ (Лысенка, СПГ). Гл. Краўчук, Бел.-рус. ізал., 60.

Брыж2 (род. брыжа́) спінка ў ложку’ (КЭС). Відавочна, таго ж паходжання, што і брыж1 (гл.): ’востры край’ → ’рабро’ → ’спінка’.

Брыж3 ’выступ у коміне, на які што-небудзь кладуць’ (Інстр. I). Не вельмі лёгка рашыць, куды адносіцца гэта слова: да брыд ’востры край дошкі’ (гл. брыж1, 2) ці да брыж ’складка’ (гл. брыжы1). Хутчэй за ўсё брыж3 адносіцца да брыжы ’складкі, бардзюр’ (< польск.), таму што і ў польск. мове bryże азначаюць розныя выступаючыя прадметы (гл. Варш. сл., 1, 216).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надзе́і ’дажджавыя чэрві’ (в.-дзв., расон., Сл. ПЗБ), рус. надей ’ўсё, што надаецца для прынады на вуду (чарвякі, матыль і пад.)’, ’чарвякі, вусені’, ’гнаявыя чарвякі’, ’глісты’, надейна ’чарвяк; вусень’, ’земляны чарвяк’. Цёмнае слова. Можа выказаць некалькі версій, якія пры адсутнасці надзейнай этымалогіі маюць права на існаванне. Магчымая версія — ад надзець, параўн. ст.-слав. надѣти трьвь на жднцж, тады да *άέϋ, форма адз. л. магла быць аманімічнай назоўніку надзея ’спадзяванне’, параўн. у сувязі з гэтым звязанае з рыбалоўствам на́жа ’ўдача’: на езі нема нажы, не ловяцца (ТС), а таксама рус. надены ’надзеі’ і наденка, надеенка ’земляны чарвяк’, г. зн. магчыма табуізацыя сапраўднай назвы і яе замены эўфемізмам з мэтай «паспрыяць» рыбнай лоўлі. Аднак нечаканая смаленская паралель гнадейка ’дажджавы чарвяк’ (СОС, 2) з пачатковым г прымушае разгледзець і іншыя магчымасці этымалагізацыі слова, пры якіх улічваецца гэты факт, што можа атрымаць розную інтэрпрэтацыю. Паводле Мяркулавай, побач з шырока вядомым у славянскіх мовах працэсам з’яўлення g- пратэтычнага перад плаўнымі маюцца выпадкі страты этымалагічнага g перад n і l (Этимология–1983, 67–68; спецыяльна: Пятлёва И. П. К вопросу о g протетическом в слав. яз. Этимология–1976, 51–55), параўн. ніда ’гніда’ (Сл. ПЗБ). Калі прыняць у якасці зыходнай форму з г‑, то можна яе выводзіць са спалучэння к надзе (ад надзіць ’прыманьваць’, параўн. пры‑нада ’прыманка’), падобна да таго, як рус. дыял. гнадобить ’берагчы, капіць’ выводзяць са спалучэння к надобе, пры надоба ’патрэбная рэч’ (Фасмер, 1, 410), або славен. gnaditi (= naditi) ’загартоўваць’ параўноўваюць з серб.-харв. кнадити і пад. (Дэбеляк, Predpone, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

урэ́зацца, урэжуся, урэжашся, урэжацца; зак.

1. Увайсці, уваткнуцца ў што‑н. вострым, вузкім канцом. Човен урэзаўся ў пясок лугавога берага. Кірэенка. // Рэжучы, уклініцца ў што‑н. З вострава выйшла жняярка, прайшла ўздоўж лесу, завярнулася і ўрэзалася сваімі вострымі зубамі ў залацісты аўсяны лес. Сташэўскі. // Глыбока ўесціся, упіцца. Каўнер кашулі балюча ўрэзаўся ў востры кадык, так, што перахапіла дыханне. Каршукоў расшпіліў яго. Асіпенка. [Чалавек] хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да світання, дык не стаў. Гарэцкі. // перан. Удацца, уклініцца вузкай палосай у што‑н. Лес клічам урэзаўся ў поле.

2. перан. Імкліва ўварвацца, пранікнуць куды‑н. У заднія рады натоўпу ўрэзаліся клінам конныя жандары. Машара. «Пабеда»таксі вырвалася з вясёлага маладога лесу і ўрэзалася ў залаты жытнёвы палетак. Васілевіч.

3. перан. Разм. Сутыкнуцца з разгону з чым‑н.; стукнуцца. Ракета раптам нырнула ўніз і ледзь не ўрэзалася ў скалы. Шыцік. [Міхаліна:] — Я не ведала, што гэта будзе: слова, ці яго рука ляжа на маю, ці.. [Аляксандр Дзямідавіч] павернецца, выпусціць руль, і мы ўрэжамся ў дрэва... Шамякін.

4. перан. Надоўга запомніцца. На ўсё жыццё шмат якія з песень урэзаліся ў памяць, асабліва я любіў «Рэчаньку». Гурскі. [Іосіф Жыновіч:] — Мне ўрэзаўся ў памяць артыкул Аляксея Талстога, дзе ён палымяна заклікаў увесь народ да адпору праклятаму ворагу. «ЛіМ».

5. Абл. Закахацца ў каго‑н. [Адам:] — І вось так, неяк гуляючы на вячорках, я і ўрэзаўся, проста сказаць без нажа, у адну дзеўку. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кальчу́га ’даўнейшы воінскі даспех у выглядзе рубашкі з металічных кольцаў’ (ТСБМ). Укр. кольчуга, рус. кольчуга ’тс’, у наўг., раз., валаг., арханг. кольчуг, кольчук, кольчуга ’пакрытая скурай кароткая шуба, накідка, якая быццам бы зберагае ад дзіды, нажа або кулі’, ’звязаная з нітак рыбалоўная снасць’. Адзначаюцца яшчэ кубан. кольчужка ’корань дрэва ў выглядзе кальца, які агаліла цячэнне вады’, ’скрутак вяровак або рамянёў’ (у гаворках другаснага распаўсюджання), алан. кольчужные цепочки ’нашыйнае ўпрыгожанне’. Відавочна, што лексема ў гаворках пашырана мала і неабходна дадаць, што ў большасці выпадкаў фіксуецца ў мове фальклору. Статус бел. і ўкр. слоў наогул няясны. Польск. kolczuga, якое апрача ’даспех’ як быццам мела значэнне ’кальцо’, гл. Слаўскі, 2, 346 (канец XVI ст.), у XV–XVI ст. звычайна zbroja kolcza. У рус. помніках (у форме кол(ь)‑чюга) упершыню адзначаецца ў 1525 г., сустракаюцца і колчюга і колчатыи доспьхъ. Выраз броня кольчата адпавядае грэч. θώραξ ἁλυσιδωτός, гл. у Сразнеўскага, там жа; Шанскі (II, 8, К, 220) мяркуе, што лексема кольчуга магла ўтварыцца ва ўсх.-слав. мовах на базе гэтай структуры. Трубачоў (Дополн., 2, 299) з кароткай спасылкай на Ваяна BSL, 52, 1957, 165, указвае на магчымасць запазычання рус. кольчуга з польск. мовы. Слаўскі (2, 346) лічыць, што польск. kolczuga ўтворана субстантывацыяй пры дапамозе суф. ‑uga ст.-польск. прым. kolczy ’зроблены з металічных кольцаў’ (у XV–XVI стст. фіксуецца zbroja kolcza), якое са ст.-польск. kolce ’кальцо з металу’ (XIV ст.). Што датычыць рэаліі, то яна лічыцца зах.-еўрап. знаходкай, параўн. Sl. staroż. sl., 6, 281, які звязвае яе з кельтамі. Параўн. таксама аргументацыю ў Слаўскага, там жа: ням. Ringel‑panzer ’кальчуга’, с.-в.-ням. rinc, памянш. ringel ’кольца, пярсцёнак, кольца кальчугі’, ст.-в.-ням. hringâ ’кольца кальчугі, кальчуга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)