Лялёта, лелёта ’маларухомая, непрыгожая жанчына’ (Растарг.), лялётачка (фалькл.) ’лялька’ (гом., Нар. сл., Нар. Гом.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑ота ад ляля (гл.) < la‑/le‑. Параўн. утварэнні ад гэтага кораня ў іншых слав. мовах: рус. валаг. леле́к ’балбатун, гаварун (аб дзіцяці)’, уладз. лелёха ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’, укр. лельом‑полельом ’ледзь перасоўваючы ногі’, польск. lelum polelum ’флегматычны чалавек’, велікапольск., каш., калішск., серадзк. lelak, lelåč, lelåch, lelåš, lelåček, lelåšek, lela, lelek ’пястун, гультай’, ст.-польск. lele ’тс’, ’кволы’, н.-луж. lelawa ’бессаромная гультайка’, lelawiś se ’бессаромна сябе паводзіць’, в.-луж. lělawa ’гультаяватая дзяўчына’, lělak ’грубіян’, чэш. býti lelkem ’глядзець з адкрытым ротам’, ’быць салапякам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

няге́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, слабы; няўдалы. Нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва,.. стаіць побач з машынай. Брыль. Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі трапляў каму на вочы, дык рабіў уражанне вар’ята. Броўка.

2. Непрыгожы з выгляду, нязграбны; няўклюдны. Мікодым пры газоўцы слібізаваў па літары пратакол вобыску, падпісваў яго крывымі, нягеглымі лацінскімі літарамі. Сабаленка. Фурман, сівавусы чалавек, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нягеглы, кідаўся ва ўсе бакі. Караткевіч.

3. Няўмелы, ні да чаго не здатны. Нельга сказаць, каб Марына была нікуды не вартая. Не! У сям’і Рамана наогул нікога не было нягеглага або недалужнага. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жи́дкий

1. ва́дкі;

жи́дкий газ физ. ва́дкі газ;

жи́дкое то́пливо ва́дкае па́ліва;

жи́дкий криста́лл ва́дкі крышта́ль;

2. (не густой) рэ́дкі;

жи́дкая грязь рэ́дкая гразь;

3. перен. (чахлый, хилый) кво́лы;

жи́дкие берёзки кво́лыя бяро́зкі;

4. (не сильный) сла́бы;

жи́дкие аргуме́нты сла́быя аргуме́нты;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Нядо́шлыкволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszły ’былы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Замухры́шка ’неахайны, непрыглядны чалавек’, замухрысты (Колас). Рус. замухры́шка < замухры́шка < замухры́га < мухры́га ’неахайны чалавек, ашуканец’ < му́хрый ’кепскі, кволы, мізэрны’. Шанскі, 2, З, 48. Апошні прыметнік пакуль што не растлумачаны. Фасмер (3, 19) звязваў мухрыга з мухлевать, што неабгрунтавана. Ці не трэба ў элеменце мухр‑ убачыць сувязь з махор, махры (’непрычасаны’, ’у абшарпаным адзенні’), што, паводле Фасмера (2, 666), звязваецца з мох, але, можа, зазнала ўздзеянне назвы тканіны, вядомай з XVI ст., як мухояр ’тканіна з ангорскай воўны ці з яе дадаткам’, запазычанай з араб. muh̯ajjar, магчыма, у іншым фанетычным выглядзе (параўн. пазнейшыя запазычанні таго ж слова праз франц. муар і праз англ. махер)? Параўн. варонеж. замухры́житься ’растрапацца, запэцкацца’ і пск. заму́хлить ’растрапаць, узлахмаціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахля́ць ’аслабець і апусціць рукі, апусціцца, здацца’ (Янк. II), ’аслабець; заняпасці’ (Ян.), охляб ’заняпаў, аслабеў’ (Бесар.), параўн. «стаў худы і больш ахлялы» (КТС), схліялыкволы, слабы; стары’, схліяць ’аслабець, састарыцца’ (Яўс.), укр. охлясти і охлянути ’схуднець, аслабець, страціць сілы’; апошняе разам з ц.-слав. (рус.) охлѧдание ’абыякавасць’, ахлѧнѧти ’аслабець’ з *xlęd‑nǫ‑ti ’страціць сілы’, параўн. хлянуты ’страціць сілы, схуднець’ (Клім.), што звязана чаргаваннем галосных кораня з *xlǫditi ’пазбаўляць сілы’, параўн. чэш. chlouditi ’тс’, гл. Бернекер, 388 і наст.; Скок, 1, 672; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94, насуперак Фасмеру, 4, 246. Для некаторых форм і значэнняў магчымы ўплыў утварэнняў з *xlęb‑, параўн. хляблы ’худы, слабы’ (Нік. Очерки), укр. охляб(ну)ти ’аслабнуць’ (пра сувязь частак у чым-небудзь) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няг̌е́г̌лыкволы, слабы; несамавіты’ (Касп.; Жд. 2; бялын., Янк. Мат.; Крыў., Дзіс.), няге́глымі ’нездаровы, слабы’ (Бяльк.), ніг̌е́г̌лы ’няўдалы, непаваротлівы’ (Цых., Сл. ПЗБ), сюды ж няг̌е́г̌а ’чалавек слабага здароўя’, няг̌е́г̌лік ’няздара, няўмека’ (Сл. ЦРБ), ’нямоглы, няўдалы, хворы чалавек’ (Янк. 3.), няге́гляццё ’нягеглае стварэнне’ (Юрч. Фраз. 1). Няясна. Існуе некалькі версій, якія не здаюцца дастаткова пераканальнымі. Талстой (Бел.-укр. ізал., 78) звязвае беларускія словы з укр. валын. г̌е́ги ’ногі’, балг. ге́га ’палка’, макед. гега ’доўгая пастухова палка’ і асабліва гегав ’крываногі, кульгавы’, гегало ’кульгавы, апушчаны чалавек; замухрышка’, гега (се) ’хадзіць кульгаючы, хістаючыся’ з семантычным развіццём ’хістацца’ — ’хадулі’ — ’палка’, ’хто хістаецца’ — ’кульгавы’ — ’замухрышка’ і ўзмацняльным ні‑ (не-), што ўрэшце ўзводзіцца да імітацыйнага (гука- і рухапераймальнага) кораня *geg‑, *gig‑, *gog‑, параўн. нягога (гл.). Мартынаў (пісьмова) збліжае з балг. як ’моцны, здаровы’, варыянт ягк (Гераў) < прасл. *jagъkъ, суадноснае з літ. jegús ’моцны, магутны’, рус. неяглый ’вялы’, на падставе чаго рэканструюецца *геглы < *еглы ’здаровы, моцны’ — l‑авы дзеепрыметнік ад балт.-слав. *jagti (⩽ літ. jėgti ’быць у стане, магчы’), што малаверагодна. Можна дапусціць сувязь з балтызмам ǧéǧa ’крэмень’ (гл.), што з’яўляецца сімвалам моцнага, трывалага (параўн. моцны, як крэмень), адкуль няг̌е́г̌а з процілеглым значэннем, аднак гэтаму пярэчыць вузкая тэрыторыя распаўсюджання зыходнага слова (Гродзеншчына, усходняя Беласточчына). Калі ўлічыць фанетычна і семантычна блізкія формы тыпу няге́длы ’недаразвіты, слабы’ (Мат. Маг.), няге́длый ’нягеглы, нездаровы, слабы’, ныге́длый ’нікчэмны’ (Сл. Брэс.) і асабліва неге́лда ’няўдаліца’ (Сцяшк. Сл.), то названыя словы можна вывесці з дзеясловаў тыпу г̌е́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (гл.), г̌елдава́ць ’разумець’ (КСТ), параўн. таксама не́галда ’няўдалы, слабасільны, кволы’, якое лічыцца праблематычным балтызмам (гл.). Тураўскае неге́бны ’нягеглы, няўдалы’ можна звязаць з г̌ебнуць, г̌ег̌нуць ’загінуць, памерці’ (гл.), пры гэтым не мела б экспрэсіўна-ўзмацняльны характар, параўн. гродз. геблы ’дрэнны, шкодны’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пі́шчык1, мн. л. пі́шчыкі ’адросткі пер’яў пасля лінькі птушак’ (лун., в.-дзв., барыс., Шатал.; лях., івац., клец., ЛА, 1; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.): ’рагавы стрыжань пяра’ (віц., мядз., маг., чавус., мсцісл., драг., ЛА, 1; мядз., Нар. сл.). Да пішч2 (гл.). Параўн. таксама чэш. pisk ’зародак пяра, стрыжань пяра’ (Махэк₂, 451), лат. pīkste ’стрыжань пяра’ (Мюленбах-Эндзелін, 24, 230), а таксама Варбат (Этимология–1976, 35–38) і Бязлай (3, 40).

Пі́шчык2 ’дудачка, якой прывабліваюць птушак’, ’дудачка з зялёнага сцябла жыта ці чароту’, ’трысняговая пласцінка, якая гучыць у муштуку духавых музычных інструментаў’, ’свістулька’, ’свісток’ (ТСБМ, Нас., Дэмб. 1; Нік. Очерки; Гарэц., Касп., Шат., Варл.), ’клавіш у гармоніку’ (Гарэц.; Бяльк.; Юрч. СНС). Да пішчаць, піск, пішчаль (гл.).

Пішчык3, мн. л. пішчыкі ’кончыкі пальцаў рук ці ног’ (шчуч., Нар. лекс.; слуц., Нар. словатв.; (’на руках’) астрав., Сл. рэг. лекс.; Бір. Дзярж.; Мат. Маг.; чырв., З нар. сл.). Да пішч2: кончыкі пальцаў асацыююцца з адросткамі (дрэў, раслін).

Пішчык4 ’слабы чалавек, худы, недарослы, някрэпкі’ (Нас.), у выніку пераносу значэння ’перадсмяротнае хрыпенне’ ў лексемы пішчыкі (гл.) > ’слабы, хворы, кволы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

укры́ць, укрыю, укрыеш, укрые; зак., каго-што.

1. Накрыць, закрыць поўнасцю, з усіх бакоў. Укрыць машыну брызентам. Укрыць хворага коўдрай. □ Чыясь руплівая рука ўкрыла [Панаса] цёплым футрам. Колас.

2. Накрыць, запоўніць, усеяць чым‑н. па паверхні. Цвіль укрыла сцены. □ Першы кволы лядок укрыў нешырокую раку. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы, пабіўся за шыю. Пташнікаў. У паветры марозна, відаць, хутка пойдзе снег, укрые зямлю. Дуброўскі. // Ахутаць, ахінуць (пра туман, смугу, дым і пад.). Ізноў асеннія туманы Укрылі сосны і дубы. Ляпёшкін. // Выступіць па паверхні чаго‑н., распаўсюдзіцца на паверхні чаго‑н. Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе ўкрылі кропелькі поту. Чыгрынаў. Чырвань укрыла .. шчокі [Статкевіча]. Алешка.

3. Схаваць дзе‑н., засцерагчы ад каго‑, чаго‑н. Мсціўцаў ад ворага ўкрыла Ноч сваёй шэрай імглою, Зноў павяла іх дарога Да паласы франтавое. Калачынскі. А я ў дарозе Пад голай вербай днём асеннім Успомню аб густой бярозе, Што ў спёку ўкрыла мяне ценем. Гаўрусёў. // Дапамагчы скрывацца каму‑н. Укрыць злачынца. // перан. Утаіць, скрыць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Укрыць маёмасць ад аблажэння падаткам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)