Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tokкарыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Накіроўваў позірк куды‑н., на каго‑, што‑н.; глядзець. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок. Бядуля. Людзі наўкола смяюцца, а.. [Паўлюк] усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае. Быкаў. // Выглядваць з-за чаго‑н., адкуль‑н. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Чорны // Разм. Наглядаць за кім‑, чым‑н. — Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні, — адказалі хлопцы. Грахоўскі.

2. Час ад часу глядзець на каго‑, што‑н., куды‑н. Хлопцы штохвілінна пазіралі на гадзіннікі і адзін на аднаго, недаўменна паціскалі плячыма. Новікаў.

3. Адносіцца нейкім чынам да каго‑, чаго‑н. Косця снедаў, а пані Ванда стаяла збоку і са спагадаю на яго пазірала. Арабей. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню. Лынькоў.

4. перан. Быць скіраваным на каго‑, што‑н., у які‑н. бок. Пазірае ў клуб лагодна Месяц праз акно. Журба. Хата стаіць у лесе, вокнамі пазірае на поле. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купала. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Колас.

•••

Воўкам пазіраць — тое, што і воўкам глядзець (гл. глядзець).

Зверху ўніз пазіраць на каго — тое, што і зверху ўніз глядзець на каго (гл. глядзець).

Не ў той бок пазіраць — тое, што і не ў той бок глядзець (гл. глядзець).

Пазіраць зверам — тое, што і глядзець зверам (гл. глядзець).

Пазіраць коса (скоса) — тое, што і глядзець коса (скоса) (гл. глядзець).

Пазіраць у кусты — тое, што і глядзець у кусты (гл. глядзець).

Пазіраць у лес — тое, што і глядзець у лес (гл. глядзець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стары́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая. Арабей. Старога вераб’я на мякіне не падманеш. З нар. / у знач. наз. стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж. — Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад. Парахневіч. // Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі. // Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы. Зарыцкі. Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Лынькоў. // Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала. Чорны. Стары твар маці зморшчаны. Бядуля.

2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай. Валасевіч. — А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Адамчык. Стары друг лепей за новых двух. Прыказка. // Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў. Шамякін. // Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую. Чарнышэвіч. // Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае. Шыцік.

3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. // Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў. // Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.

4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны. За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам. Дубоўка. Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт. Кірэенка. // Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі. Машара. // Несучасны, устарэлы. Старая мода.

5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех. Кулакоўскі. / Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета. / Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год. // Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.

6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды. Дуброўскі. Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца. Якімовіч. // у знач. наз. старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам! Мележ. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей. [Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць. Краўчанка.

7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза. // Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка... Пташнікаў.

•••

Стары завет гл. завет.

Стары свет гл. свет.

Стары стыль гл. стыль ​2.

Стары халасцяк гл. халасцяк.

Голы як стары венік гл. голы.

І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.

Мераць на стары аршын гл. мераць.

Па старой памяці гл. памяць.

Старая песня гл. песня.

Старое карыта гл. карыта.

Стары верабей гл. верабей.

Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.

Як старой бабе сесці гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лагу́н1 ’нейкая расліна’ (Гарэц.). Магчыма, гэта лагунец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ун ад лог ’луг, лагчына’ — расліна любіць вільготныя дугі. Суфікс прадуктыўны для ўтварэння назваў раслін: паўзун, плывун, блішчун, бялун (Сцяцко, Афікс. наз., 69, 123).

Лагу́н2 ’палеглы лён’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.). Да лажьіцца (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 168. Параўн. таксама лягу́н ’лежабок, той, хто ляжыць’ (Бірыла, Бел. антр., 2, 263).

Лагу́н3 ’падваліна пад падлогай’ (кобр., Нар. сл.; беласт., Сл. паўн.-зах.), малар. ’папярочная калода, якая кладзецца на сані пры перавозцы доўгага бярвення’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’ствол дрэва ў гаці на гразкім месцы’, польск. lagun ’кладка’, ’падваліна’, laguny ’ачасаныя падкладзіны з бярвення пад карабель’, магчыма, і серб.-харв. lagun ’кладка?’. Сюды ж рус. маск. лага ’папярочнае бервяно ў будынку’. Найбольш імаверна да прасл. lagali ’ставіць, класці’ (Слаўскі, 4, 430), якое з’яўляецца ітэратывам да ložiti (Бернекер, 683).

Лагу́н4 ’посуд на льняное семя’ (староб., Мат. дыял. канф.), палес. лагун, лагунныя ’роўная бочка невялікіх памераў, заднёная з двух бакоў, з адтулінай у дне, якая закрываецца драўлянай затычкай’ (З нар. сл., Шатал.), саліг. лагун ’бочка з двума днамі і квадратнай дзіркай у баку — для насыпання або налівання’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’посуд для дзёгцю’, рус. лагун, лагуна, лагушок, лагунай, лагушка, лагут, лагунок, лагунец, лагунь(я) ’бочка для квасу, піва, малака, дзёгцю’, ’бочка для збожжа’, паўсюдна рус. ’сасуд (вядро) для дзёгцю’, ’гаршчок, чыгун’, ’збан’, ’карыта, жолаб’, ’калода’, ’цэбар’. Усх.-слав. утварэнне ад прасл. lagati ’класці, ставіць’ (< ložiti) і суф. Nomina instrumenti-wnz» (аб дэрыватах з ім гл. Слаўскі, SP, 1, 134–135; Мартынаў, Дерив., 38–39).

Лагу́н5 ’чалавек, які любіць добра і шмат паесці вадкай ежы’ (полац., М. Р. Суднік, вусн. паведамі). Лексема складае адзіны арэал з рус. пск., цвяр. ’жывот, бруха’, кастр. ’гультай, пражора’. Узнікла ў выніку пераносу з лагуну (гл.).

Лагу́н6 ’месца, дзе засталася вада пасля патопу’ (Сержп. Прымхі), ’частка лугу каля рэчкі, затопленая паводкавай вадой, якая летам высыхае’ (КТС, Колас, 4). Да лог ’нізкае месца, лагчына’, ’гразкая частка дарогі праз луг’ (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 174.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўна́ ’чорны (і зялёны) дзяцел; Dryocopus martius’, жолна́. Рус. желна́ ’тс’, укр. жовна́ ’тс’, дыял. ’івалга’, польск. żołna ’птушка Merops’, н.-луж. žołma ’чорны і зялёны дзяцел’, в.-луж. žołma ’чорны дзяцел’, чэш. žluna ’зялёны дзяцел’, славац. žlna, балг. дыял. жѐлна̀ ’тс’, жъ̀лна̀ ’Picus martius’, жлъна̀тка ’птушка Emberiza’ (Гераў), жълту̀рка ’тс’, ’івалга’, макед. жодна ’птушка Picus viridis’, серб.-харв. жу́на ’Picus martius’, славен. žółna ’дзяцел’. Ц.-слав. жлъна ’Picus martius’. Агляд значэнняў слав. назваў, узыходзячых да прасл. *žьlna, дала Клепікава (Проблемы индоевропейского языкознания 1964, 106–114): у асноўным словы азначаюць дзятлавых або адзін з відаў, а таксама івалгу Oriolus galbula (укр., польск., чэш., славац., серб.-харв., макед. гаворкі) ці зрэдку (зах.-укр. і паўд.-польск. гаворкі) шчурку залацістую (Merops apiaster) Клепікава лічыць першаснымі для слав. моў значэнні ’дзяцел’ і ’івалга’. Літ. gilnà ’Dryocopus martius’, лат. dzil̑na ’дзяцел’. Традыцыйна збліжаюць са слав. жоўты (гл.) і яго балт. адпаведнікамі (Гараеў, 108; Праабражэнскі, 1, 226; Буга, Rinkt., I, 495; Траўтман, 88; Фасмер, 2, 43; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 1948, 110; Скок, 3, 687; Шанскі, 1, Ж, 281), указваючы на колер птушкі. Міклашыч (408) побач з параўнаннем з жоўты адаслаў да слоў тыпу жаўлак. Махэк (Zfsl Ph, 1948, XX, 50–51) выказаў меркаванне пра збліжэнне жаўна з літ. gìlti, gélti ’жаліць’. Аткупшчыкоў (Из истории, 247–249) развівае гэту думку, указваючы, што корань *gel‑ мог азначаць не толькі ’жаліць’, але і ’даўбаць’. Тады жаўна суадносіцца з жолаб, жалонка (гл.), літ. géldaкарыта’ (< ’выдаўбанае’), што можа быць суаднесена з тымі словамі, якія Покарны (1, 470–471) дае для кораня *g​el‑ ’калоць’. Махэк₂ (730) прыводзіў грэч. паралель з глухімі варыянтамі кораня κελεός ’жаўна’, які ў слав. прадстаўлены ў калоць. Суаднясенне Махэка з gélti, улічваючы тлумачэнні Аткупшчыкова, здаецца не менш верагодным, чым традыцыйная этымалогія (па колеру) для дзятла, тым больш што назва дастасоўвалася да рознакаляровых відаў, у тым ліку для чорнага дзятла. Для івалгі хутчэй падыходзіць тлумачэнне па афарбоўцы. Верагодна, тут старажытная аманімія назваў розных птушак. Гл. Пятлёва, Этимология, 1975, 47–49. Гом. перан. жаўна́ ’дзіця крыклівае’ магло ўзнікнуць на базе назвы івалгі, што дае падставу дапусціць выкарыстанне лексемы жаўна ў гэтым значэнні на поўдні Беларусі. Але не выключаецца тады і магчымасць паходжання назвы птушкі не ад назвы афарбоўкі (жоў‑ты), а ад кораня са значэннем ’крычаць’: і.-е. gou‑, *gouə‑, *geuə‑. Гл. жаўла́ць (дзе і жаўні́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табала́1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпаццацеляпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledič ’лясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біць ’ускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сена ’сена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. каго-што. Успрымаць зрокам. А Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Колас.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. [Люба:] — Таварыша Іванчанку дзе мне тут бачыць? Кучар. [Лабановіч:] — Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз начыстую сілу? Колас. // Трапляцца на вочы, сустракаць у жыцці. А сосны! Сосен ты такіх не бачыў, дружа любы! Свірка.

3. Уяўляць у думках. У нас у жылах творчы сок, Мы ўперад на стагоддзі бачым. Таўбін. Лесавод у думках бачыць перад сабой магутны лес з лістоўніц, дзе кожнае дрэва — волат. Мяжэвіч.

4. каго-што і чаго. Звяртаць увагу, заўважаць. На.. схуднелых бледных тварах [хлапцоў] можна было бачыць сляды глыбокіх чалавечых пакут. «ЛіМ». [Пніцкі:] — Мы не прывыклі да акуратнасці. Мы яе, сказаць, ніколі і не мелі.. У нас часта пад нагамі прападае, а мы не бачым гэтага. Чорны.

5. без дап. Валодаць пачуццём зроку. [Вася:] — Паступова да мяне вярнулася здольнасць бачыць. Шамякін.

6. што і з дадан. сказам. Усведамляць, разумець, адчуваць. Костусь бачыў, што праўду кажа Іллюк. Чорны. // Знаёміцца з кім‑, чым‑н., асабіста набыўшы дзе‑н. І Волгу бачыў я і Дон, багата рэк сібірскіх бачыў. Дубоўка. // Перажываць, зазнаваць, адчуваць на сабе. [Дзед:] — Добра табе [Міколку] так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў. Лынькоў. [Лясніцкі] ніколі да гэтага не бачыў вайны. Шамякін. Ніколі ў жыцці нічыёй Не бачыла ласкі дзяўчынка. Смагаровіч. // Карыстацца, мець, валодаць. А цяпер, калі за гэту справу ўзяўся Рыгор і камсамольская ячэйка — не бачыць Грамабою гэтай зямлі. Крапіва.

7. каго-што. Выяўляць у кім‑, чым‑н. каго‑, што‑н. [Крушынскі:] — Цяпер бачу ў вас [Іван Мацвеевіч] свайго старога прыяцеля. Бядуля. Я чытаў і быў рад,.. што ў гэтым мужыку бацька бачыць самога сябе. Скрыган. З гэтага моманту Валя пачала бачыць у Любе не тое, што бачыла раней. Чорны. // Знаходзіць, успрымаць. Лічачы сябе пакрыўджаная. [Лёдзя] ва ўсім бачыла крыўднае для сябе, а ў кожным свайго крыўдзіцеля. Карпаў. Хтось бачыць музыку ў сасне, А хтосьці — новае карыта. Пысін.

8. што. Разм. Мець, атрымліваць. Што мы ад яго бачым — адны непрыемнасці.

9. у знач. пабочн. Падкрэслівае якую‑н. акалічнасць, які‑н. факт. [Пракурор:] — Ім, бачыце, цесна, ім мала Прастору, нямецкай зямлі. Колас. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Брыль.

•••

Бачыць (навылёт) навылет, бачыць наскрозь — вельмі добра ведаць каго‑н.

Бачыць не магу (не можа) — ненавідзець, не пераносіць, не цярпець каго‑н.

Бачыць (на тры аршыны, на тры сажні) пад зямлёю — вызначацца праніклівасцю.

Бачыць саву смаляную — нічога не бачыць.

Бачыш ты! — пры выказванні здзіўлення.

Бог бачыць гл. бог.

Вось бачыш (бачыце)! — гаворыцца для пацвярджэння правільнасці чыіх‑н. слоў, вывадаў; ужываецца пры выказванні папроку і інш.

Вочы б мае не бачылі гл. вока.

Дай бог чутае бачыць гл. бог.

Далей свайго носа не бачыць — не бачыць таго, што робіцца навокал.

Дзе ты бачыў, дзе вы бачылі — ніколі, нізашто.

За дрэвамі не бачыць лесу — за чым‑н. дробным не заўважаць значнага, вялікага.

Зроду не бачыць — ніколі не бачыць каго‑, чаго‑н.

І бачыць не бачыў — поўнае адмаўленне ад чаго-небудзь.

Каб (мае) вочы не бачылі гл. вока.

Каб жа чутае бачыць — каб здзейснілася тое, што паабяцана.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

На свае (уласныя) вочы бачыць — быць сведкам чаго‑н.

Не бачыць прасвету — быць вельмі занятым справамі, працай; доўгі час пакутаваць ад чаго‑н.

Не бачыць у вочы каго — зусім не бачыць.

Не бачыць, як сваіх вушэй — не быць таму, чаго хто‑н. жадае.

Па вачах бачыць — даведвацца аб унутраным стане, учынках каго‑н. па абліччы, па выразе твару.

Рад бачыць (вас) — форма ветлівага звароту пры сустрэчы са знаёмымі.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свету белага (божага) не бачыць — быць вельмі занятым.

Спаць і курэй бачыць гл. спаць.

Толькі і бачылі — пра раптоўнае бясследнае знікненне каго‑н.

У вочы не бачыць — а) не сустракаць каго‑, чаго‑н.; б) не мець чаго‑н.

Як бачыш — а) хутка, скора. Конь добры, як бачыш заехалі; б) як пацвярджэнне пры адказе — так, але.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)