пазіраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Накіроўваў позірк куды‑н., на каго‑, што‑н.; глядзець. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок. Бядуля. Людзі наўкола смяюцца, а.. [Паўлюк] усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае. Быкаў. // Выглядваць з-за чаго‑н., адкуль‑н. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Чорны // Разм. Наглядаць за кім‑, чым‑н. — Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні, — адказалі хлопцы. Грахоўскі.
2. Час ад часу глядзець на каго‑, што‑н., куды‑н. Хлопцы штохвілінна пазіралі на гадзіннікі і адзін на аднаго, недаўменна паціскалі плячыма. Новікаў.
3. Адносіцца нейкім чынам да каго‑, чаго‑н. Косця снедаў, а пані Ванда стаяла збоку і са спагадаю на яго пазірала. Арабей. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню. Лынькоў.
4. перан. Быць скіраваным на каго‑, што‑н., у які‑н. бок. Пазірае ў клуб лагодна Месяц праз акно. Журба. Хата стаіць у лесе, вокнамі пазірае на поле. Дамашэвіч.
5. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купала. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Колас.
•••
Воўкам пазіраць — тое, што і воўкам глядзець (гл. глядзець).
Зверху ўніз пазіраць на каго — тое, што і зверху ўніз глядзець на каго (гл. глядзець).
Не ў той бок пазіраць — тое, што і не ў той бок глядзець (гл. глядзець).
Пазіраць зверам — тое, што і глядзець зверам (гл. глядзець).
Пазіраць коса (скоса) — тое, што і глядзець коса (скоса) (гл. глядзець).
Пазіраць у кусты — тое, што і глядзець у кусты (гл. глядзець).
Пазіраць у лес — тое, што і глядзець у лес (гл. глядзець).