сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.

2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.

3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.

4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.

5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пост ’устрыманне ад скаромнай ежы’, ’перыяд устрымання’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’сама посная страва’ (Шат.). Параўн. укр. піст, рус. пост, польск. post, н.-луж. spót, в.-луж. póst, чэш. půst, славац. pôst, славен. pòst, серб. по̂ст, макед. пост, балг. пост, ст.-слав. постъ. Сюды ж по́снікаць, по́снікаваць, постува́ць ’тс’ (калін. Мат. Гом., ТС), по́стуваць, по́ставаць ’пасціць, пасціцца’ (Бяльк., Нас., Мат. Гом., Байк. і Некр., Ласт.), по́сціць ’тс’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), постава́нне ’нястачы’ (Юрч. СНЛ), по́стываць ’цярпець нястачы’ (Юрч. Вытв.), по́сны, пасны́ ’без мяса і малака; нятлусты’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. Брэс.; воран., Сл. ПЗБ), ’цвярозы’ (карм., Мат. Гом.), ’худы’ (Ян.), ’неўрадлівы (пра глебу)’ (в.-дзвін., Сл. ПЗБ), по́сніна, по́сніца, пасната́ ’посная ежа’ (Шат., Касп.; брасл., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.). Старажытнае агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. fasto ’пост’ (Міклашыч, 260; Фасмер, 3, 340–341; Шустар-Шэўц, 2, 1139), паводле іншых, *postъ < *postiti sę ’пасціцца’ < гоц. fastan або ст.-в.-ням. fasten ’тс’ (Махэк₂, 500–501), параўн. ням. fest ’стойкі, трывалы, трывушчы’. Банькоўскі (2, 716) следам за Ліндэ выводзіў з грэч. άπαστος ’галодны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́тар1 ’востры металічны пруток або іголка са зламаным вушкам, швайка’ (ТСБМ, Нас., Шат.; слонім., Арх. Бяльк.), ’кавалак хлеба ці мяса з іголкай у сярэдзіне (даецца сабаку, каб загубіць яго)’ (кір., Нар. сл.), про́тор, про́торг, про́тур ’швайка, іголка са зламаным вушкам; вялікая іголка’ (Шатал., Клім., Сл. Брэс., Выг., ТС, Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), про́тыр, про́тырч ’іголка без вушка’ (навагр., Нар. сл.). Укр. про́тір ’іголка без вушка’, про́торг ’тс’. Аддзеяслоўные дэрываты ад праце́рці < прасл. *terti, *toriti (Патабня, РФВ, 3, 180; Праабражэнскі, 2, 136; Фасмер, 3, 384), гл. це́рці, то́рыць, інакш ЕСУМ, 4, 611: звязваецца са ст.-рус. протъргнути ся ’прарвацца, разарвацца’, што ад търгати ’біцца, дрыжаць’, параўн. то́ргацца (гл.). Не выключана, што гэта другаснае збліжэнне.

Про́тар2 ’страта’ (Нас.), мн. л. про́тары ’выдаткі; расходы (звычайна па судовых справах)’ (ТСБМ, Чач., Нас.). Рус. про́тар, прото́ра, про́торь ’тс’, ст.-рус. проторъ ’расходы; страты’; відаць, сюды ж польск. przetór ’праход, прарыў’. Этымалагічна тое ж, што і про́тар1 (Фасмер, 3, 384). Спецыяльна аб гэтым слове гл. Варбат, Этимология–1971, 17. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, захаваць; згубіць’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суп1 ’вадкая страва-адвар (з мяса, рыбы і пад.) з дабаўленнем гародніны, круп і пад.’ (ТСБМ, Сцяшк.; шальч., Сл. ПЗБ), ’булён’ (мёрск., Сл. ПЗБ), ’крупнік, крупеня’ (Бяльк.), су́пік памянш. (свісл., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. суп ’тс’, дзе з франц. soupe ’суп’ (адкуль таксама англ. soup, гал. sоер, ням. Suppe ’тс’), што з гала.-раманск. suppa, якое, як мяркуюць, узыходзіць да германскіх моў, параўн. гоц. supôn ’прыпраўляць спецыямі’; гл. Фасмер, 3, 804.

*Суп2 ’каршун’, толькі ст.-бел. супъ, семпъ, сепъ ’сцярвятнік’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца з 1518 г.; запазычанне са ст.-польск. sęp ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143); але параўн. ц.-слав. сѫпъ ’тс’, адкуль магло быць запазычана ст.-бел. супъ. Укр., рус. суп, польск. sęp, в.-луж., н.-луж. sup, чэш., славац. sup, серб.-харв. су̑п ’тс’, балг. суп ’птушка Vulvur fulvus’. Прасл. *sǫpъ ’каршун’. Слова няяснага паходжання. Паводле Голуба–Копечнага (361), гэта варыянт з насавым галосным да *sop‑ (гл. сапці). Гл. Фасмер, 3, 804; Шустар-Шэўц, 1378–1379; Борысь, 542. Магчыма сувязь з насуплены, супіць (гл.) — з-за «насупленага» выгляду птушкі (Антропаў, Назв. птиц, 368).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лер1 ’старажытная нямецкая манета’ (ТСБМ), ’манета ў 90 кап. серабром, што ўжываецца ў Літве’ (Нас.), ’манета’ (Касп., Бяльк.), та́лер, та́ляр ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́ляр ’тс’ (Кольб.): try talàry (Федар. 6). Ст.-бел. талеръ, таляръ ’сярэбраная манета; вагавая адзінка для вырабаў са срэбра, што адпавядае масе талера’ (Ст.-бел. лексікон) згадваецца ў пісьмовых дакументах з 1555 г. і запазычана са ст.-польск. taler, talar ’тс’ (Булыка, Запазыч., 316), куды трапіла з ням. Táler ’старажытная нямецкая срэбная манета’, вынік скарачэння першаснага Joachimstaler ’тс’ ад Joachimstal — горада ў Чэхіі, дзе здабывалі срэбра і ўпершыню вырабілі гэту манету (ЕСУМ, 5, 510; Голуб-Ліер, 484; Брукнер, 564).

Та́лер2 ’вялікая, ёмістая талерка’ (капыл., Жыв. сл.). Ст.-бел. талеръ, тарелъ (Ст.-бел. лексікон), талеръ, таліръ, тарель ’талерка’ (фіксуецца з 1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 102) запазычанне са ст.-польск. talerz ’тс’, якое трапіла ў польскую са ст.-в.-ням. talier, што з іт. tagliere ’дошка для рэзання мяса’. Параўн. пазнейшае запазычанне та́леж (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад талерка (гл.), успрынятага як памяншальнае па тыпу буталь і бутэлька, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́жасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан свежага. Свежасць кветак. Свежасць бялізны. Свежасць думак. □ Пахне свежасцю лясной, Борам, соснамі, смалой. Дзеружынскі.

2. Чыстае, халаднаватае паветра; прахалода. Даносіў вецер з Волгі свежасць. Свірка. // Адчуванне прахалоды, чыстаты. — А-аах, такая свежасць па ўсяму целу [пасля купання]... Як бы на свет нанава нарадзіўся... — задаволена сказаў Вадзім. Ставер.

3. Свежы, здаровы выгляд. [Трахім] да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць, і дзеля гэтага твар яго не вызначаецца асаблівай свежасцю і прыгажосцю. Крапіва. Свежасць шчок, якая была ў яе [Галіны], можна было сустрэць толькі ў малых дзяцей. Васілевіч.

4. Адчуванне бадзёрасці, жыццярадаснасці. Свежасць і маладосць прабівалася ў кожным яе [Анэткі] руху, у кожным слове, у смеху і ў іскрыстым бляску чорных вачэй. Колас.

5. Непасрэднасць, шчырасць, чысціня пачуццяў, успрыманняў і пад. Нічога я ад гэтага не страціў: Ні шчырасці, ні свежасці сваёй. Танк.

•••

Не першай свежасці — а) нясвежы (аб прадуктах харчавання). Мяса не першай свежасці; б) бруднаваты, не вельмі чысты. Кашуля на мне была не першай свежасці. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; закончыцца. Скончылася лета. Змена скончылася. Скончыўся водпуск. □ Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела — усе паразыходзіліся. Колас. Будаўніцтва Міхалавай хаты скончылася толькі восенню. Васілевіч. Скашынскі зразумеў, што і тут яго кар’ера можа хутка і ганебна скончыцца. Чарнышэвіч. // Споўніцца, мінуць (пра ўзрост, гады). Калі пачалася вайна,.. [Ганне] неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Чорны. // Спыніцца, перастаць. Грыбныя скончыліся ліўні, Туманы нікнуць да трысця. Лось. // Поўнасцю зрасходавацца. Гаручае скончылася. □ Скончыўся хлеб, цукар, елі адно мяса. Шамякін. У дыску скончыліся патроны. М. Ткачоў. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Невядома, чым бы скончыліся гэтыя размовы, каб цётка Наста не паклала абаіх адпачываць. Скрыпка. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі. Лынькоў.

3. Разм. Памерці. Мядзведзь скончыўся ад страху. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тушы́ць 1, тушу, тушыш, тушыць; незак., што.

Спыняць гарэнне чаго‑н.; гасіць. Сястра ўжо тушыла святло на калідоры. Асіпенка. Паравозы выпускала пару, тушылі топкі. Лынькоў. [Ігар] тушыў папяросу, тыкаючы яе ў дно сподка. Карпюк. // перан. Спыняць, заглушаць (якія‑н. пачуцці, каханне і пад.). Успамін пра брата астуджвае Васілісін голас, тушыць яе добрую ўсмешку, абуджае даўнюю крыўду і злосць. Васілевіч. Урэшце .. [Яраш] мог бы заклікаць на дапамогу сябра і разважлівую, спакойную Валянціну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкі Галінай хваравітай рэўнасці. Шамякін. // перан. Не даваць развівацца, пашырацца чаму‑н. Хай льюцца песень грэлі Ад сэрца, ад душы. Яны людзей сагрэлі, Не буду іх тушыць. Пушча. / у вобразным ужыв. Зоры не паспявалі з’явіцца ўваччу, як успышка святла зноў тушыла іх. Чорны.

•••

Тушыць (гасіць) мяч — ударам зверху прызямляць (у валейболе, тэнісе і пад.).

Снег саломаю тушыць — рабіць якую‑н. бязглуздзіцу, глупства.

тушы́ць 2, тушу, тушыш, тушыць; незак., што.

Варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне. Тушыць капусту. Тушыць мяса. Тушыць агародніну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosaмяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)