Су́піць ’хмурыць (бровы)’ (ТСБМ, ТС), ’хмурыць, моршчыць, сцягваць’ (Нас.), су́піцца ’пахмурна ссоўвацца (пра бровы)’, ’хмурыцца, дзьмуцца (пра чалавека)’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), ’хмурыцца, змрачнець’ (ТС), ’паколваць і свярбець’ (мсцісл., З нар. сл.), моро́з су́піць ’адчуванне моцнага холаду’ (КСТ), су́піць холадам ’стан хворага, калі цела працінае холад’ (чач., ЖНС). Укр. су́пити, рус. су́пить ’хмурыць’, польск. sępić ’тс’, чэш. posupný ’хмуры’. Традыцыйна выводзіцца ад суп 2 (гл.), паколькі ў гэтай птушкі нібы хмуры позірк, так ужо Міклашыч, 315; гл. Фасмер, 3, 48, 804; Махэк₂, 477; ЕСУМ, 5, 593. Аднак канцэнтрацыя ўвагі ў народнай мове на знешніх адчуваннях (мороз супыць яйцо, Нас.) дазваляе звязаць з харв. sȕpica ’дробны выраст на скуры’, якое Борысь (Etymologie, 408–409) выводзіць са *ščuplъ ’дробны, тонкі’ (гл. шчуплы, шчыпаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)