пакаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакамячыць (у 1, 3 знач.).

2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі ад працяглага або неакуратнага нашэння, ужывання і пад. Стась устае, абцягвае на сабе мокрае, пакамечанае адзенне, папраўляе торбачку. Сачанка. Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Чарнышэвіч. // перан. Са слядамі стомленасці (пра твар, выгляд і пад.). Быў хлопец, здавалася, яшчэ зусім малады, а гэта — мужчына.. толькі ўвесь пакамечаны нейкі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ны і ло́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Паламаны, сапсаваны, няспраўны. [Ярмоленка:] — Учора мы з Сяргеем цэлы дзень хадзілі па брыгадах — амаль нічога няма. Калёсы і тыя ламаныя. Сіўцоў.

2. Няправільны, скажоны (пра мову, гаворку, словы). Вечарам непадалёку ад крэпасці скаваў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Лупсякоў.

3. Няроўны, загнуты пад вуглом. [Старшы лейтэнант] узяў з цвічка фуражку, насунуў па прывычцы глыбока на ламаныя густыя бровы. Мележ. Лінія .. палёту [самалёта] была ломаная, часам пакручастая. Алешка.

•••

Ламаная (ломаная) лінія гл. лінія.

Ламаны (ломаны) радок гл. радок.

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перакабоўчыцца ’перагнуцца’ (Сцяшк. Сл.). Да пера- (гл.) і ⁺кабоўчыцца, якое далучаюць (Варбот, Этимология–1979, 34–37) да групы слоў прасл. *(s)kob‑: закуба́нь ’невялікая затока на рацэ’ (Бяльк.), закабо́ўка ’выгін ракі, лука’, заканабо́ўка ’тс’, закабалі́на ’затока на рацэ’, закабе́нь ’месца, вымытая ракою’ (Яшк.), закаба́іна ’невялікі заліў’ (гл.), драг. закабе́і ’складаныя хады ўнутры чаго-н.’ рус. маск. кобе́нить ’апрацоўваць зямлю’ < кобень ’крук, ключы’ > ’саха’, ст.-чэш. kobiti se ’натурыцца, упарціцца’, як і рус. кобениться ’тс’, славац. дыял. kajbavej ’крывы, няроўны’ — да незасведчанага *kabati з зыходнай семантыкай ’гнуць, згінаць’, які з *kobiti < *kobь ’зло; упартасць; распуста’ і інш. (Трубачоў, Эт. сл. 9, 106; 10, 91–92 і 102).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паяды́нак, ‑нка, м.

Баявая сутычка двух праціўнікаў. Паядынак, відаць, быў няроўны: адна з варожых куль скасіла .. [дзядзьку]. Якімовіч. Тут колісь у начной цішы Сышліся два на паядынак. Гурло. У спадчыну ад бацькі я атрымаў старога беркута з адным вокам, другое вока беркут страціў у паядынку з ваўком. Васілёнак. // У спартыўных спаборніцтвах — барацьба двух праціўнікаў. Лепшыя спартыўныя збудаванні беларускай сталіцы сталі месцамі цікавых паядынкаў. «Звязда». // перан. Наогул барацьба з кім‑, чым‑н. Свістам сініцы, хрустам ільдзінак Сцюжа з вясной пачала паядынак. Грахоўскі. Гутарка Андрэя з стар[астам] выступае як своеасаблівы паядынак, дзе зброяй праціўнікаў з яўляецца ідэалогія, светапогляд. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тор 1, ‑а, м.

1. Дарога, след, пакінуты калёсамі. Брук на дарозе ляжаў няроўны, калдобісты, месцамі яго зусім неставала, і тор ад калёс зварочваў з абочыны на сярэдзіну шашы. Пташнікаў.

2. перан. Кірунак дзейнасці; шлях. На другі дзень, 1 студзеня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам. Гарэцкі. [Сын] за чужым не цягне возам, А хоча свой пракласці тор. Колас.

тор 2, ‑а, м.

Спец. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем круга каля восі, што ляжыць у яго плоскасці, але не перасякае яго.

[Лац. torus — выпукласць.]

тор 3, ‑а, м.

Адзінка ціску, якая ўжываецца пры вакуумных вымярэннях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кру́пы ’прадукт харчавання з зярнят розных культур’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС). Укр. крупа, рус. крупа, крупы ’тс’, ст.-слав. кроупа ’кроха’, серб.-харв. кру́па ’крупа’, славен. krúpa ’тс’, польск. krupa ’крупа, град’, чэш. kroupa, kroupy, славац. krúpa, krúpy, н.-луж. kšupa, kśupy, в.-луж. krupa, krupy ’тс’. Прасл. krupa да krupiti ’рабіць крупны памол’, krupъ ’крупны’. Найбольш надзейныя індаеўрапейскія паралелі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. kraupùsняроўны, шурпаты’, krùpti ’пакрывацца струпамі’, ст.-ісл. hrufa ’струп’, hrjufr ’шурпаты’. Не выключана генетычная сувязь з kruxъ, krušiti (гл. крух, круха). Тады гаворка ідзе аб і.-е. kreu̯‑ ’ламаць, крушыць’ з датэрмінатывамі ‑p‑ і ‑s‑ (Бернекер, 630; Буга Rinkt, 1, 446–447; Фрэнкель, 290; Слаўскі, 3, 177). Параўн. прасл. trupъ і truxъ (гл. труп і труха).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пары́вісты, ‑ая, ‑ае.

1. Нераўнамерны, няроўны, з раптоўнымі парывамі. Парывісты дождж то сек з усіх бакоў, то сціхаў. Няхай. І на прыжмураныя вейкі, Нібы дрыготкую расу, Парывістым світальным ветрам Я зоркі ўсе твае страсу. Бураўкін.

2. Рэзкі, імклівы. Якімка робіць парывісты рух, каб вырвацца з багны, але яна не адпускае яго... Курто. // Нераўнамерны, які час ад часу ўзмацняецца або слабне. Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Білі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей. Лынькоў.

3. Які лёгка захапляецца; няўрымслівы. І ўсё ж натура .. [Пётры Сергіевіча], заўсёды сквапная да ўражанняў, парывістая, памкнулася ўслед. Ліс. [Лёля] стаяла разгубленая, нібы прырасла да долу, і трывожна глядзела.. [Слаўку] ўслед. Чаго ён сёння нейкі не такі, як заўсёды: узрушаны, парывісты, разкаваты?.. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памя́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад памя́ць.

2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі, са складкамі, маршчынамі. У лодцы сядзеў чалавек у сіняй палінялай майцы і шэрым памятым капелюшы. Шашкоў. Пазаўчора з суседняй вёскі .. [людзям] перадалі зачытаную, памятую партызанскую газету. Шамякін. // Які страціў сваю першапачатковую форму ад удару, штуршка; пашкоджаны ўмяцінамі. Пад адхонамі валяліся памятыя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Карпаў. Там, на шырокіх дашчаных паліцах і ў вялізных плеценых карзінах, яшчэ можна было знайсці хлеб — праўда, пабіты і памяты. Якімовіч. // Прыбіты, прыгнуты, прытоптаны (аб раслінах). На тым месцы, дзе [людзі] селі на зямлю, асталася пасля іх толькі памятая трава. Чорны. // перан. Заспаны, са слядамі стомы; змораны, нясвежы (пра твар). Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.

2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.

3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.

4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).

•••

Кручаны мяч гл. мяч.

Кручаны ўдар гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пістыняроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тийняроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)