ПУ́КІРАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (1832, с. Лужнікі Тульскай вобл., Расія — 13.6.1890),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1847—58), у 1861—73 выкладаў у гэтым вучылішчы (з 1863 праф.). У 1850-я г. працаваў пераважна ў жанры партрэта, пазней звярнуўся да жанравага жывапісу сац.-выкрывальнага зместу: «Няроўны шлюб» (1862), «Збор нядоімак» (1869—70), «Патрава» (1870), «Прыём пасагу па роспісе» (1873) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,
скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р.Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЛАГЧЫ́НЫ, лагчыны ледавіковага выворвання і размыву,
выцягнутыя далінападобныя паглыбленні ў рэльефе ложа антрапагенавых адкладаў, утвораныя актыўнымі ледавікамі і напорнымі водамі падледавіковых патокаў. На Беларусі трапляюцца ў паласе канцова-марэнных утварэнняў (напр., у бас. Дняпра і Нёмана). Глыб. лагчын 50—250 м ніжэй узроўню вады ў сучасных рэках, адзнакі макс. заглыбленняў да 120—168 м ніжэй узроўню мора; некаторыя дасягаюць крышт. фундамента і ўразаюцца ў яго да 40 м; даўж. ад соцень метраў да дзесяткаў кіламетраў, шыр. ад 0,5 да 25—30 км. Стромкасць схілаў да 30—35°. Падоўжаны профіль днішчаў няроўны. На дне і на бартах звычайна дыслакацыі, шмат адорвеняў. Ніжняя ч. разрэзу запоўнена гляцыяалювіем, марэннымі адкладамі; верхняя складзена азёрна-ледавіковымі і маладымі ледавіковымі адкладамі. Самыя глыбокія Л.л. ўтвораны беларускім (раннебярэзінскім) і бярэзінскім (познабярэзінскім) ледавікамі. Большасць лагчын аднаўлялася ў час кожнага зледзянення. На асобных участках наследаваны сучаснымі рэкамі. Л.л. з’яўляюцца сховішчамі падземных вод.
Літ.:
Горецкий Г.И. Особенности палеопотамологии ледниковых областей. Мн., 1980;
Нечипоренко Л.А. Условия залегания и тектоническая предопределенность антропогенового покрова Белоруссии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ МО́РА,
унутрымацерыковае мора Паўн. Ледавітага ак., на ПнЗ Еўрапейскай ч. Расіі. Глыбока ўдаецца ў сушу паміж п-вамі Кольскі і Канін. На Пн злучаецца з Баранцавым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 90 тыс.км². Найб.глыб. 350 м у зах. частцы, усх. больш мелкаводная (30—120 м); сярэдняя глыб. 60 м. Размешчана ў зоне шэльфа. Рэльеф дна няроўны, шмат упадзін і жалабоў, якія чаргуюцца з мелямі і банкамі. Залівы (губы): Кандалакшскі, Анежскі, Дзвінскі, Мязенскі. Вялікія а-вы: Салавецкія, Маржавец, Мудзьюгскі. Берагі моцна парэзаныя, паўн.-зах. высокія і скалістыя, паўд.-ўсх. спадзістыя і нізкія. Упадаюць рэкі: Паўн. Дзвіна, Анега, Мязень, Паной і інш.
Клімат пераходны ад марскога палярнага да кантынентальнага ўмеранага. Т-ра вады на паверхні ад 6 да 15 °C, зімой ніжэй за 1 °C. Салёнасць ад 24‰ на Пд да 34,5‰ на Пн. З ліст. да мая ўкрыта дрэйфуючым (у бухтах суцэльным) лёдам. Існуе пастаянны водаабмен Белага мора з Баранцавым м. Прылівы правільныя паўсутачныя да 10 м (Мязенская губа). Рыбалоўства (селядзец, навага, сітавыя), промысел цюленяў. Беламорска-Балтыйскі канал дае выхад у азёры і рэкі бас. Балтыйскага м. і да Волга-Балтыйскага воднага шляху (да Каспійскага, Азоўскага і Чорнага мораў), суднаходства марскіх каналаў зімой падтрымліваецца ледаколамі. Гал. парты: Архангельск, Анега, Беламорск, Кем, Кандалакша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн.аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл.драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл.драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).
Тв.:
Избранное. М., 1983.
Літ.:
Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.