зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.

2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.

3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоск1 ’бляск’, ’лак, глянец’ (Нас.), ’тс’, ’бездакорны выгляд’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. лоск, рус. лоск, польск. lsnąć, lskać, łysk ’маланка’, ’бляск’, каш. łəsk ’пярун’, чэш., славац. lesk, славен. lèsk ’бляск’, серб.-харв. ла̏скат ’маланка’, макед. ласка, балг. лъ̀скам, лъщя ’блішчэць, ззяць’, ст.-слав. лъщати сѧ. Прасл. lъskъ, lъskati, Iъsknǫti або lьskъ, lьskati, lьsknǫti (Бернекер, 1, 750; Фасмер, 2, 521; Махэк₂, 327; Слаўскі, 5, 419; Скок, 2, 272 БЕР З, 559–560). Да і.-е. luk (sk). Сюды ж ласкованы (аб паперы), ласкава́ць ’наводзіць бляск, чысціню’, ласава́цца ’блішчэць, ільсніцца’, ’пералівацца (аб жыце)’ (Нас.), лоска ’гладка, глянцавіта’ (Бяльк.).

Лоск2 ’рад’, лоскам ляжаць ’упокат’ (Нас., Ян.; слуц., БНТ, Лег. і пад., 460), лоскым ’тс’ (Бяльк.). Укр. у лоск (лягла́ пшани́ця), лоском лягло, рус. пск., смал., кур., брат, варонеж. лоском, в лоск ’тс’, сіб. лоск ’воднае люстэрка’, уладз. ло́скоть ’роўнае месца сярод узгоркаў’. Да лоск1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’у рад’ > ’роўна, гладка’. Сюды ж усх.-маг. лоскытым ’упокат’ (Бяльк.), якое з’яўляецца змяшэннем з лоскат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блішчаць, блішчэць, бліскаць, бліскацець, пабліскваць, ззяць, зіхацець, зіхацецца, зіхцець, палыскацца, ільсніцца, ільсніць, ірдзецца, ірдзець, зырчэць, яркнуць, яскравіцца, яскравець; прамяніцца, люстраніць, люстравацца, свяціцца, гарэць, граць, іскрыцца, пераліваць, пералівацца, шкліцца, залаціцца, серабрыцца, срабрыцца (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заря ’планета Венера’, укр. зоря ’зорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляса́ць ’мігцець, ззяць, зіхацець (пра зоркі)’: пля́шуць, бле́шуть, бля́шуть (зоры) (ЛА, 2), небо зорка, зоры аж пляшуць (ТС), сюды ж плясава́ць ’скакаць (у танцы)’ (Жд. 2), ’танцаваць’ (Касп.). Рус. пляса́ть ’радавацца, танцаваць’, польск. pląsać ’танцаваць’, палаб. ǫ́săt, чэш. plesati, славац. plešať, славен. plé̥sati ’танцаваць, весяліцца’, серб.-харв. плѐсати ’тс’, ’трыумфаваць’, балг. дыял. пле́ша. Прасл. *plęsati, роднаснае літ. plẽšti ’танцаваць, весяліцца, трыумфаваць’, plęšti ’шумець, бушаваць’, ст.-літ. pląšti ’шумець, шалясцець’ (Фасмер, 3, 291–292), аднак балтаславянскае паходжанне слова застаецца няясным (Бязлай, 3, 54). Скок (2, 681) выводзіць слав. лексему з прэтэрыта plęsā < і.-е. *plet‑ ’таптаць, працаваць нагамі’, гл. пляскаць, плоскі. Мяркуецца, што зыходнай магла быць аснова, прадстаўленая ў *pleskati, гл. пляскаць, у назалізаванай форме (Брукнер, 417; ESJSt, 11, 659), што адлюстроўвае старажытныя абрадавыя дзеянні (Куркіна, Славяноведение, 1996, 1, 7–14). Беларускія формы ў значэнні ’мігцець’ дэманструюць блізкасць да бліскаць (гл.), а ў значэнні ’танцаваць, скакаць’ — уплыў рус. плясать (Булахаў, Развіццё, 10). Сюды ж: плясу́н ’танцор’, плясу́ньня ’танцорка’ (Бяльк.), плясуха ’тс’ (Нар. Гом.) і ’сыракваша’ (рэч., Мат. Гом.), апошняе, магчыма, звязана з семантыкай балтыйскіх дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ры1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

загарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Заняцца агнём, пачаць гарэць. Ад іскры паравоза загарэўся лес. Шчарбатаў. Там, куды ўдарыла маланка, нешта загарэлася. Васілёнак. Загарэлася сяло ў часе бою. Чорны.

2. Пачаць свяціцца, выпраменьваючы або адбіваючы святло. Загарэліся плафоны-шарч пад столлю прасторнай залы. Шамякін. Але вось у акне побач з ганкам раптам загарэлася святло. Краўчанка. // Пачаць блішчаць, ззяць. Недзе блізка загарэлася зорка і.. рассыпаліся над лесам. Пташнікаў. Сонца асвятліла верхавіны стромкіх елак, і на іх тысячамі вясёлак загарэліся дажджынкі. Грахоўскі. // перан.; чым, ад чаго і без дап. Ажывіцца, азарыцца (пра вочы, погляд). Вочы ў Дзяміда Сыча загарэліся ад цікаўнасці. Паслядовіч. Паглядзеў цар палатно белае, карункі тонкія, ручнікі вышываныя: загарэліся ў яго вочы хцівыя. Асіпенка.

3. перан. Пакрыцца румянцам, зачырванецца. Таня, зірнуўшы на Апеньку, адчулі, як загарэліся ў яе шчокі, а па целе пайшлі нейкая млявасць. Навуменка. Алена загарлася. Невялікі твар яе, усыпаны каля малых, шэра-сініх вачэй і на тонкім носе дробнымі крапінкамі вяснушак, густа пачырванеў. Мележ.

4. перан. Моцна чым‑н. захапіцца. Загарэцца ідэяй. □ Няхай Ганна раскажа .. [жанчынам], як яна росціць лён, і не можа быць, каб яны не загарэліся гэтай справай. Сабаленка. — Давай лепш надзімаць лодку, — прапанаваў Сашка. — Давай! — загарэўся Вадзім. Гамолка. // Напоўніцца якім‑н. пачуццём. Я з тваёю маткай пагавару! Як гэта яна цябе пускае! — зноў загарэлася Любіна маці. Арабей.

5. перан. Узнікнуць, пачацца з вялікай сілай; узгарэцца. Загарэлася спрэчка. □ Страшэнная нянавісць загарэлася ў .. [Юркавыж] сэрцы. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Загарэлася яму ісці ў грыбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

За́яц1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус. заяц, зайка, дыял. пск. зай, укр. заєць, польск. zając, в.-луж. zajac, н.-луж. zajec, палаб. zojąc, чэш. zajíc, славак. zajac, славен. zȃjec, серб.-харв. зе̑ц, за̏јко, балг. за́ек, дыял. за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед. зајак, дыял. заек. Ст.-слав. заѩць ’заяц’. Ст.-рус. заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ. zuĩkis, лат. zaķis ’заяц’ бел. зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е. *gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ. žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд. háyaḥ, арм. ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.

За́яц2 ’безбілетны пасажыр’. Рус. заяц, укр. заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)