мо́ра, ‑а, н.

1. Частка акіяна, больш-менш адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой. Чорнае мора. Балтыйскае мора. □ Над морам займаецца ясная раніца, і падаюць промні наўскос у ваду. А. Вольскі. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. // Умоўная назва некаторых вялікіх азёр ці вялікіх штучных вадаёмаў. Аральскае мора. Мінскае мора.

2. перан. Вялікая прастора чаго‑н. Мора лясоў. □ Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку. Колас. І зноў пачыналіся палі, далёка забягаючы жаўтаватым морам жытоў. Скрыган.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Мора людзей. Мора кветак. Мора слёз. Мора агню. □ Над морам людскіх галоў узлятае чырвоны сцяг. «Маладосць». / Аб адцягненых з’явах, прадметах, аб пачуццях. Цямней .. становяцца вочы твае, і душа мая тоне ў глыбокім моры іх ззяння. Бядуля.

•••

Адкрытае мора — мора, якое знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх дзяржаў.

Закрытае мора — мора, усе берагі якога належаць адной дзяржаве.

Капля (кропля) у моры гл. капля.

Мора па калена — усё ніпачым, нічога не цяжка, нічога не страшна.

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыта́нне, ‑я, н.

1. Зварот да каго‑н., які патрабуе адказу, тлумачэння і пад. Адказаць на пытанне. □ Маці закідала сына пытаннямі, плакала і смяялася. Колас. Жанчына падышла бліжэй І ўважліва паглядзела на Мішу. — А ты хто такі? На гэтае простае пытанне Міша чамусьці не змог адказаць адразу. Жычка.

2. Практычная або тэарэтычная задача, якая патрабуе вырашэння; праблема. Аграрнае пытанне. Нацыянальнае пытанне. Абмеркаваць надзённае пытанне. □ Сялянскае пытанне, вучылі М. Г. Чарнышэўскі і М. А. Дабралюбаў, можа быць вырашана толькі рэвалюцыйным шляхам, шляхам узброенага паўстання. Ларчанка. // Справа, аб’ект абмеркавання, увагі. Наташа ведала, гэта памочнік Паўла Пятровіча і што ён пачне абавязкова распытваць, па якому пытанню яна хоча бачыць сакратара. Шамякін.

3. толькі мн. (пыта́нні, ‑яў). Як састаўная частка назваў некаторых часопісаў, зборнікаў, артыкулаў, прысвечаных пэўнай галіне ведаў. «Пытанні мовазнаўства». «Пытанні перакладу».

•••

Адкрытае пытанне — нявырашанае пытанне.

Жаночае пытанне — пытанне аб становішчы жанчыны, жаночай працы, роўнасці жанчын у грамадзянскіх правах з мужчынамі.

Рытарычнае пытанне — стылістычны прыём у мове: сцверджанне ў форме пытання.

Балючае пытанне — надзённая, неабходная, але цяжкая для вырашэння задача.

Пытанне жыцця або смерці — пра што‑н. вельмі важнае.

Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́на1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́наадкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., ranaадкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.

2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.

3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.

4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́несці, ‑несу, ‑несеш, ‑несе; пр. вынес, ‑ела; зак., каго-што.

1. Несучы, выдаліць адкуль‑н., выставіць за межы чаго‑н. Вынесці мэблю з кватэры. Вынесці смецце. □ — Прыхавай шрыфт дзе-небудзь, — папрасіў Мікола. — Вынесі з хаты. Навуменка. // Змясціць частку чаго‑н. асобна, за межамі цэлага, сістэмы. Вынесці дробавы лік за дужкі. // Завесці што‑н. куды‑н. І зімою Галя не гуляла: то пойдзе карове дасць, то вынесе свінням, то дроў унясе ў хату. Сабаленка.

2. Хутка вывезці, вымчаць куды‑н. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. Конь мігам вынес.. [байца] за сяло. Мележ.

3. Захапіўшы ў агульны паток, прынесці, прыбіць куды‑н. Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі. □ Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі.

4. перан. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства, вывучэння чаго‑н. Вынесці ўражанне. □ Ад знаёмства з.. людзьмі я вынес два неразлучныя пачуцці — захапленне і ўдзячнасць. Брыль.

5. Вытрымаць, перажыць, перанесці. Не такія, як сёння, удары прыходзілася вынесці вось гэтай пасівелай без пары галаве. Брыль.

6. Прапанаваць на абмеркаванне, вырашэнне. Вынесці пытанне на разгляд сходу.

7. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: утварыць дзеянне, якое адпавядае значэнню гэтых назоўнікаў. Вынесці падзяку, пастанову. Вынесці прысуд, вымову.

•••

Вынесці на сваіх плячах — вытрымаць на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. справы, працы.

(Ледзь) вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а .. [Блішчынскі] ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вецер (КТС, БРС, Касп., Нас., Яруш.), ві͡етёр (Бес.), ве́цір (Бяльк.), жыт. вецёр ’веснавы вецер’, слаўг. ве́церадкрытае ветранае месца’; ’віхор’ (Яшк.), ве́цер ’ветрагон’ (КТС, Нас., З нар. сл.). Сюды ж ветрык, ветрычак, ветрік, вецярок (КТС, Гарэц., Шат., Нас., Кліх, Бяльк.), вятрыска (Яруш., КТС). Укр. ві́тер ’вецер’, рус. ве́тер ’тс’, арханг. ’кірунак свету’; ’хвароба свойскіх жывёл’, ст.-рус. вѣтръ, вѣтеръ ’вецер, кірунак свету’; ’паветра’; ’газы ў кішках’, польск. wiatr, палаб. votr, н.-луж. wjetš, в.-луж. wětr, чэш. vítr, славац. vietor, славен. véter, серб.-харв. ве̏тар ’вецер’, макед. ветар ’вецер’, (мед.) ’рожа’, балг. вятър ’вецер’, паўн.-зах. ветър ’рэўматызм’, ст.-слав. вѣтръ ’вецер’. Прасл. větrъ мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. vė́tra ’бура’, лат. vę̄tra ’тс’, прус. wetro ’вецер’, гоц. winds, ст.-в.-ням. wint ’тс’, ст.-англ. wind ’непагадзь’, ст.-нарв. vindr ’вецер’, ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра’, ірл. feth ’паветра’, грэч. ἄησι ’вее’ (*ἄϜησι), ἄήτης ’вецер’, кімр. gwynt, лац. ventus, ст.-інд. vā́taḥ, авест. vā́ta‑ ’вецер’, асец. wād, vād ’бура’, тахар. A wänt, тахар. B yente, хец. hu (*Hwe); да і.-е. асноў *u̯e‑/*u̯o‑/aue/*au̯‑ ’веяць’. Прасл. větrъ утворана ад větati/větiti і суф. Nomina agentis ‑rъ, які атрыманы ў спадчыну з і.-е. (Слаўскі, SP, 2, 20). Адсюль вецер выступае ў міфалогіі як дзеючая сіла; параўн. бел. ве́тры. Роднаснае да веяць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 109; Вальдэ, 817; Мюленбах-Эндзелін, 4, 572; Мейе, 407; Траўтман, 345; Барталомэ, 1408; Брукнер, 611; Махэк₂, 692; Голуб-Копечны, 408, 418; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

откры́тый

1. прич., прил. (о двери, окне, шкатулке) адчы́нены, мног. паадчыня́ны; адкры́ты, мног. паадкрыва́ны; (о шторе, занавесе) адкры́ты, мног. паадкрыва́ны;

откры́тый я́щик адчы́неная скры́нка;

откры́тый за́навес театр. адкры́ты за́навес;

2. прич., прил. (начатый) пача́ты, распача́ты; (о собрании, заседании) адкры́ты, мног. паадкрыва́ны;

3. (начавший своё существование) прич. адкры́ты, мног. паадкрыва́ны;

4. прич. (о газе, воде) пу́шчаны, адкры́ты, мног. паадкрыва́ны;

5. прич. (предоставленный) адкры́ты, мног. паадкрыва́ны, да́дзены;

6. прич. (обнажённый) адкры́ты, мног. паадкрыва́ны;

7. прич., прил. (раскрытый) разго́рнуты, мног. паразго́ртваны; (о глазах) расплю́шчаны, мног. парасплю́шчваны, адкры́ты, мног. паадкрыва́ны; (о рте) разя́ўлены, мног. паразя́ўляны, адкры́ты, мног. паадкрыва́ны;

8. прил., перен. (разоблачённый) вы́крыты, мног. павыкрыва́ны, вы́яўлены;

9. прил. перен. (о мыслях, намерениях) адкры́ты, вы́казаны;

10. прич. (о научных открытиях и т. п.) адкры́ты;

11. прил. (свободный) адкры́ты;

откры́тое по́ле де́ятельности адкры́тае по́ле дзе́йнасці;

12. прил. (прямой, искренний) адкры́ты, шчы́ры;

13. прил. (явный) адкры́ты, я́ўны;

откры́тая вражда́ адкры́тая (я́ўная) варо́жасць;

откры́тое мо́ре адкры́тае мо́ра;

на откры́том во́здухе на во́льным паве́тры;

в откры́том по́ле у чы́стым по́лі;

с откры́той голово́й з непакры́тай (го́лай) галаво́й;

с откры́тыми глаза́ми з расплю́шчанымі вача́мі;

при откры́тых дверя́х пры адчы́неных дзвяра́х;

оста́вить вопро́с откры́тым пакі́нуць пыта́нне адкры́тым;

идти́ в откры́тую ісці́ ў адкры́тую;

ломи́ться в откры́тую дверь лама́цца (бі́цца) у адчы́неныя дзве́ры.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пісьмо́, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.

1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.

2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.

3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.

4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.

•••

Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.

Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.

Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.

Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.

Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.

Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.

Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)