горла, ‑а, н.
1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. ▪ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.
2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.
3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.
•••
Браць (узяць) за горла гл. браць.
Вырваць з горла гл. вырваць.
Горла перагрызці гл. перагрызці.
Горлам браць гл. браць.
Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.
Засесці ў горле гл. засесці.
Заткнуць горла гл. заткнуць.
З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.
Клубок у горле гл. клубок.
Ком у горле гл. ком.
Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.
На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).
Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.
Прамачыць горла гл. прамачыць.
Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.
Слёзы падступілі да горла гл. сляза.
Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.
Стаяць калом у горле гл. стаяць.
Стаяць папярок горла гл. стаяць.
Сыты па горла гл. сыты.
У горла не лезе гл. лезці.
Як косць (кветка) у горле гл. косць.